У пошуках Атлантыды

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава “У пошуках Атлантыды. Смаляны па выніках аднайменнага мастацкага пленэра, які прайшоў у гэтым паэтычным мястэчку на Аршаншчыне ў ліпені мінулага года.



У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава “У пошуках Атлантыды. Смаляны па выніках аднайменнага мастацкага пленэра, які прайшоў у гэтым паэтычным мястэчку на Аршаншчыне ў ліпені мінулага года.

Тады ў Смаляны з’ехаліся 26 прафесійных і маладых мастакоў з розных гарадоў Беларусі — Віцебска, Мінска, Гомеля, Шаркаўшчыны, Наваполацка і Рагачова. Пленэр арганізавалі дзве палачанкі — паэтка і бард Лера Сом і мастачка Кацярына Мяснікова. Сваю Атлантыду беларускія мастакі шукалі ўжо ў сёмы раз: ідэя гэтага праекту — у захаванні і адраджэнні нашай гістарычнай спадчыны.

Першымі, хто ацаніў працы мастакоў, сталі жыхары Смалянаў. Гэтая вёска невыпадкова стала месцам правядзення мастакоўскай імпрэзы. Тут захавалася мноства гістарычных помнікаў. Гэта і блакітная, дзвюхвежавая Спаса-Прэабражэнская царква — адзіная ў Беларусі, якая мае верхні храм з дрэва, а ніжні — з каменя. Гэта і маляўнічыя руіны — рэшткі замка “Белы Ковель, дамініканскага кляштара з касцёлам Святой Марыі, Свята-Аляксееўскай царквы. У Смалянах таксама знаходзіцца магіла беларускага паэта, рэвалюцыянера і навукоўцы Тамаша Зана.

Гэтаму дзеячу беларускай гісторыі прысвяціла сваю працу віцебская мастачка Святлана Баранкоўская. “Смаляны — гэта чароўнае месца, куды цягне і цягне. Там я рабіла эцюды, а таксама аглядала, начытвала, наўдыхала ўсё, што там было. А пасля, натхнёная гэтымі цудоўнымі мясцінамі, — ужо ў сваёй майстэрні — стварыла “Партрэт Тамаша Зана. Шкада, што мала хто на Беларусі зараз памятае, хто гэта такі. Калі я стала вывучаць матэрыялы пра яго і ўбачыла вось гэты профіль, то проста закахалася ў Тамаша Зана. Тым больш, што зараз я раблю серыю, прысвечаную выбітным літаратарам Беларусі. І вельмі хочацца, каб яго імя, як і імёны Язэпа Драздовіча, Эміліі Плятэр, было паднята з небыцця, каб яно гучала на Беларусі не меней, чым у Польшчы, — распавяла мастачка.

Увогуле, выстава ўражвае колькасцю вельмі глыбокіх і ўдумлівых, прыгожа-лірычных прац. Нейкі мужчына ў гадах, перад тым як падняцца на вернісаж, аддаваў сваё паліто гардэробшчыцы і казаў: “Вырашыў прыйсці, паглядзець, што за выстава такая. Чуў, што ў ёй удзельнічаюць нейкія падазрона маладыя мастакі.

Плануецца, што, акрамя віцяблян, выставу ўбачаць жыхары Оршы, Наваполацка, Мінска. Магчыма, трапіць яна ў Гомель і Бабруйск.

Паводле “Народных навін Віцебска

Каментаваць