У пошуках душы Караткевіча

Віктар Корзун і Кася Камоцкая прадставілі дакументальную стужку пра песняра.

«Як сканаю — душа застанецца», — гучалі словы Караткевіча ў апошнія восеньскія выходныя. У мінскай Галерэі «Ў» гледачы маглі пабачыць новую карціну пра чалавека, які стварыў сучасную Беларусь. Стужка так і называецца: «Уладзімір Караткевіч: Як сканаю — душа застанецца».

Віктар Корзун і Кася Камоцкая прадставілі дакументальную стужку пра песняра.

«Як сканаю — душа застанецца», — гучалі словы Караткевіча ў апошнія восеньскія выходныя. У мінскай Галерэі «Ў» гледачы маглі пабачыць новую карціну пра чалавека, які стварыў сучасную Беларусь. Стужка так і называецца: «Уладзімір Караткевіч: Як сканаю — душа застанецца».

Маленькая зала была забітая; філосаф Валянцін Акудовіч, адзін з удзельнікаў фільму, пнуўся пабачыць, што адбываецца на экране, але гледачы — ім не хапіла месцаў — стаялі шчыльна.

Караткевіч прыдумаў Беларусь. Беларусь-мару, Беларусь сонечную і шляхотную, Беларусь, асвечаную сівой, цікавай гісторыяй і сонечным прышлым. Пра гэтыя мары Караткевіча распавядалі Адам Мальдзіс і Васіль Сёмуха, Рыгор Барадулін і Андрэй Хадановіч, Вітаўт Мартыненка і Генік Лойка.

Распавядаў і сам Караткевіч: стваральнікі стужкі знайшлі рэдкія кадры 50-годдзя пісьменніка, калі яго віншавалі сябры і афіцыйныя асобы; пад самыя бюракратычныя прамовы Караткевіч хітра падліваў келіх Васілю Быкаву.

Гучалі вершы-песні Караткевіча. «Як памру — душа застанецца», — спявала Кася Камоцкая. Спяваў Андрэй Мельнікаў пад акорды гітары.

Рэжысёр Віктар Корзун стварыў кадры, якія надзвычай пасуюць эстэтыцы Караткевіча: святло ад вогнішчаў ля начных муроў, бялявыя начныя матылькі, што ляцяць на полымя, людскія твары, поўня.

Увасобленыя пластыкай кінамовы вершы паэта паказвалі зіхоткую, рамантычную Беларусь. Але ці ўвасобілася гэта Беларусь сёння, праз колькі гадоў па смерці пісьменніка? І што рабіць з натхнёнай рамантыкай, калі прыходзяць прагматыкі?

На гэтыя пытанні паспрабавалі адказаць у фільме Віктар Корзун і Кася Камоцкая. Мары Караткевіча сутыкаюцца з амонаўцамі, якія з дубінкамі лезуць у кадр (хаця стужка зусім не пра іх); самі аматары Караткевіча сабраліся ў напаўпадпольнай галерэі; паўсюдная — руская мова.

Але Беларусь — ужо незалежная. Але Караткевіч — найпапулярнейшы пісьменнік краіны. Але рамантычныя перабольшванні паэта — сёння ўспрымаюцца не ўсімі, але многімі, як звыкласць і норма.

Лятуць і лятуць дрыготкія матылі. Гучыць песня пад старажытнымі мурамі. Іскры ад вогнішча сягаюць да неба.

Душа Караткевіча засталася. Краіна, якую ён прыдумаў, усё яшчэ адбываецца.

Каментаваць