У Слоніме адкрылі шыльду Міхалу Казіміру Агінскаму

13 мая, на новым будынку Слонімскага драматычнага тэатра ўрачыста адкрылі мемарыяльнцю шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму (1728–1800) — гетману Вялікага княства Літоўскага, мецэнату, заснавальніку традыцый тэатральнага мастацтва ў Слоніме. Аўтар мемарыяльнай шыльды — слонімскі скульптар Леанід Богдан.



Мемарыяльную шыльду адкрылі сам скульптар, а таксама дырэктар тэатра Мікалай Лішык і старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі. 

Падчас адкрыцця мемарыяльнай шыльды прысутнічалі чальцы пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам міністра адукацыі Беларусі Сяргея Маскевіча. 

З дзейнасцю вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага быў звязаны росквіт Слоніма ў другой палове XVIII стагоддзя. У ноч на 23 верасня 1771 года яго трохтысячнае войска было разбіта пад Сталавічамі (цяпер Баранавіцкі раён) рускімі войскамі Суворава. Пасля паражэння Міхал Казімір Агінскі эмігрыраваў. Але праз чатыры гады, атрымаўшы амністыю і секвестраваныя маёнткі, Агінскі вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны ў Слоніме і канал Агінскага.

У тэатры Міхала Казіміра Агінскага працавалі прафесійныя беларускія, польскія, нямецкія, італьянскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны хор і балет. Тэатр меў свае філіялы ў Целяханах і ў Сельдцах. Збор нот твораў, што выконваліся на сцэне тэатра, уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў. У 1781 годзе функцыянаваў “плывучы тэатр” на баржах на Агінскім канале ў Слоніме. А “дом оперы” меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і артыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказваць і два фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі.

Побач з тэатрам у 1765 годзе ў Слоніме пачала дзейнічаць першая кавярня (“кафенхаўс”). Гэта быў сапраўдны шыкоўны цагляны будынак, аздоблены ўнутры шаўковымі шпалерамі і гравюрамі на медзі. Посуд тут быў фаянсавы варшаўскай вытворчасці.

Сам Міхал Казімір Агінскі пісаў літаратурныя творы, некаторыя з іх былі надрукаваны ў слонімскай друкарні. Ён выдаў кнігу “Байкі і не байкі” у двух тамах.

Тэатр Агінскага ў Слоніме знаходзіўся на Опернай вуліцы. Але, на вялікі жаль, будынак тэатра да сённяшніх дзён не захаваўся. Але ёсць у Слоніме Оперная вуліца — назвы такой не мае ні адзін горад у свеце. І той, хто наведае Слонім, можа прайсціся па гэтай вуліцы, па якой некалі спяшаліся артысты ў свой славуты тэатр у Еўропе. А яшчэ захавалася аўстэрыя, пабудаваная з цэглы архітэктарам Я. Боем, які праектаваў пры палацы Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў. Палова першага паверха аўстэрыі была адведзена пад гасціную, перакрытую чатырма ветразевымі скляпеннямі з цэнтральнай апорай. Пад гэтай часткаю дома знаходзяцца шырокія скляпеністыя падвалы. Цэнтральная лесвіца вузкага вестыбуля вядзе на другі жылы паверх. Аўстэрыя — адзіная ўцалелая пабудова аднаго з цікавейшых палацавых ансамбляў Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя. Яна сёння дае ўяўленне аб агульным характары яго барочнай архітэктуры. 

Слонім часоў Агінскага нярэдка называлі палескімі Афінамі. Сюды ў святочныя дні з’язджаліся вяльможы і багацейшая шляхта з усяго краю і нават з Варшавы. Горад меў узорны парадак. Скверы, сады, аранжарэі і рыбныя ставы ствараліся і даглядаліся лепшымі спецыялістамі Еўропы. Дарэчы, у Слоніме пры двары Міхала Казіміра Агінскага прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады яго пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара вядомага ўсім паланэза “Развітанне з Радзімаю”. Тут ён атрымаў пачаткую музычную адукацыю ў вядомага музыканта і кампазітара Іосіфа Казлоўскага.

Той тэатральны шлях, які пачаў у Слоніме Міхал Казімір Агінскі амаль 250 гадоў назад, працягваецца і сёння. У горадзе 24 гады існуе прафесійны дзяржаўны драматычны тэатр, які ставіць спектаклі па п’есах беларускіх, рускіх, польскіх, французскіх, украінскіх і італьянскіх драматургаў. А сёлета ў сакавіку на месцы старога Народнага дома адкрыўся новы будынак для тэатра. А цяпер на новым будынку тэатра з’явілася і мемарыяльная шыльда, прысвечаная Міхалу Казіміру Агінскага.

Фота аўтара

Каментаваць