У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе

Без гэтага музычнага інструменту не абыходзілася ніводнае беларускае свята, гулянне, кірмаш, прадстаўленне батлейкі, ваярскі паход і нават хаўтуры. А дудар быў ці не галоўным персанажам беларускага космасу. Аб гэтым даведаліся ўсе, хто прыйшоў 9 студзеня ў “Залатое кола Віцебска “Дзвіна на вечарыну, прысвечаную дудзеаднаму з самых старажытных нацыянальных інструментаў.



Без гэтага музычнага інструменту не абыходзілася ніводнае беларускае свята, гулянне, кірмаш, прадстаўленне батлейкі, ваярскі паход і нават хаўтуры. А дудар быў ці не галоўным персанажам беларускага космасу. Аб гэтым даведаліся ўсе, хто прыйшоў 9 студзеня ў “Залатое кола Віцебска “Дзвіна на вечарыну, прысвечаную дудзеаднаму з самых старажытных нацыянальных інструментаў.

Імпрэза адбылася ў межах праекта “Тыдзень дударскай музыкі ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы Дэпартамента інфармацыі і культуры амбасады ЗША і этнагістарычнага цэнтра “Явар. А правялі вечарыну акцёры “Шальмоўскага тэатра ДыГрыза з Мінска. Спачатку ўдзельнікам прапанавалі паглядзець фільм пра дуду, а затым быў майстар-клас па старажытных танцах і дыскатэка. Ну, канешне ж, пад дуду!

Свята гэтае можна назваць перасоўным, бо “Шальмоўскі тэатр ДыГрыза ездзіць па гарадах краіны і ўсюды праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на адраджэнне дуды. Пры гэтым “шальмоўскія акцёры ладзяць свае вечарыны так, што людзі зусім незаўважна для сябе і абсалютна нязмушана пачынаюць любіць і разумець гэты чароўны інструмент, які быў асалодай для душы ў старажытных беларусаў.

Асабліва прыгожа ды ўдала “дудзець пра дуду атрымліваецца ў дырэктара тэатра Аляксея Бурносенкі. Ён і грае, і байкі распавядае, і жартуе, і сур’ёзныя рэчы кажа. Да прыкладу, на думку Аляксея, дуда, “калі прыйдзе час, можа стаць адным з сімвалаў Беларусі. На карысць гэтага сведчаць хаця б такія факты. Неяк Бурносенка выступаў на навагоднім “карпаратыве ў Маскве. І быў ён там не проста Дзедам Марозам, а Дзедам Марозам з дудой. “І гэта прыцягнула такую ўвагу! Усе адразу прыбеглі глядзець, што за Дзед Мароз такі незвычайны! А ты героем-алімпійцам сябе адчуваеш! — узгадвае акцёр. А падчас вандровак тэатра па гарадах Еўропы, па словах Аляксея, “дуда там збірае плошчы: “Яна адразу забівае ўсякія там скрыпачкі, на якіх мясцовыя музыкі граюць Моцарта, Бетховена і, не дай Бог, Баха. Прыходзім мы з дудой — і гэтыя скрыпачы сыходзяць, бо іх ніхто ўжо не слухае.

А каб вы пераканаліся, што дуда разам з буслам, бульбай, лёнам, блакітнымі азёрамі, сінім небам, зялёным лесам, залатым полем (спіс можна працягваць да бясконцасці, і кожны можа дадаць сюды нешта сваё), і сапраўды можа прэтэндаваць на званне сімвала Беларусі, прыводзім некалькі цікавых звестак, пачутых на вечарыне:

Першую згадку пра дуду ў старабеларускай літаратуры можна знайсці ў “Аповесці пра трох каралёў-валхвоў (канец XV стагоддзя).

На дудзе гралі ў найважнейшыя святы і падзеі ў жыцці чалавека: на Каляды, Вялікдзень, вяселле, радзіны і хаўтуры. У некаторых беларускіх міфах дудары выступалі ў якасці шамана ці старажытнага святара. А Вацлаў Ластоўскі апісваў нават паданне, у якім дудар памірае, трапляе на неба і іграе там для самога Бога.

Дудары былі такімі важнымі людзьмі, што траплялі ў афіцыйныя дакументы і нават у пералік падаткаплацельшчыкаў.

Выява дуды ёсць у беларускай іканаграфіі — на абразе “Узнясенне Ісуса Хрыста, што знаходзіцца ў царкве ў вёсцы Экімань Полацкага раёна, можна ўбачыць анёла з гэтым музычным інструментам.


Найстарэйшая з захаваных беларускіх дудаў захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Гэта традыцыйная беларуская дуда 1877 года паўночна-беларускага рэгіёну. Апошні раз на ёй гралі ў вёсцы Верабкі на Лепельшчыне.

Паводле сайта “Народныя навіны Віцебска


 

Каментаваць