У Віцебску экспануецца выстава, прысвечаная Васілю Быкаву

У Віцебскім абласным мастацкім музеі адчынілася выстава, прысвечаная памяці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, паведаміла карэспандэнту НЧ старшыня Германавіцкага культурна-асветнага цэнтра імя Язэпа Драздовіча (Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці) Ада Райчонак.



Паводле слоў спадарыні Ады, у экспазіцыі дэманструюцца 65 твораў жывапісу і графікі. Сярод іх партрэты празаіка і яго сваякоў, а таксама родныя мясціны Быкава. Усе экспануемыя палотны, малюнкі і графічныя лісты створаны мастакамі амаль з усіх рэгіёнаў краіны падчас XX Драздовіцкага мастацкага пленэру, каторы Германавіцкі культурна-асветны цэнтр прысвяціў памяці сусветна вядомага пісьменніка і праводзіў у жніўні мінулага года на радзіме Быкава ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласці.

Як адзначыла Райчонак, імпрэза пачалася з выступу дырэктара музея Вольгі Акуневіч,  якая распавяла прысутным (а іх было сотні паўтары, а можа і больш) пра ролю Васіля Уладзіміравіча ў беларускай культуры і ўвасабленне яго постаці ў творах беларускіх мастакоў. "Акуневіч высока ацаніла мастацкія працы, прадстаўленыя на выставе. Аб натхняючай сіле таленту Быкава казалі мастакі — удзельнікі Драздовіцкага пленэру: Святлана Баранкоўская, Чэслаў Шамшур, Уладзімір Вальноў, Міхась Цыбульскі і Алесь Саўчанка. Упрыгожылі свята і музыкі з горада Лепеля пад кіраўніцтвам таленавітага артыста і арганізатара Васіля Шкіндзера. Дзяўчаты з вакальнага гурта "Поўнач" праспявалі народныя песня і паказалі старадаўнія танцы пад дуду і бубен. Тут і лянівы ўстаяць не мог. У скокі пусціліся і старыя, і маладыя. Такой весялосці на выставах мне ніколі не даводзілася бачыць. Развітваючыся з намі, наведвальнікі музея дзякавалі і казалі, што такой цікавай выставы і такога цудоўнага адкрыцця яны не могуць прыгадаць. Гэта і ёсць вышэйшая ацэнка нашай дзейнасці. Пасля такіх слоў хочацца жыць і працаваць яшчэ лепш", — сказала Ада Райчонак.

Паводле яе слоў, выстава працуе да траўня, потым будзе вандраваць праз Оршу, Лепель, Полацк, Наваполацк і Ушачы ў Бычкі. Частку твораў мастакі перададуць у дар Германавіцкаму літаратурна-мастацкаму музею імя Міхася Райчонка.

Драздовіцкія мастацкія пленэры праводзяцца ў Бычках з 1995 года. У 2013 годзу творчая акцыя будзе прысвечана Халакосту і памяці Язэпа Драздовіча, паколькі 1 кастрычніка  адзначаецца 130-годдзе з дня народзінаў гэтага выбітнага беларускага мастака.

Каментаваць