У Заслаўі прайшла экскурсія па “рыжскай” мяжы

Мерапрыемства было арганізавана беларускай турыстычнай фірмай «Міжнародны бізнэс» і было прымеркавана да навагодніх і калядных вакацый.



У старажытным Заслаўі ўдзельнікі экскурсіі ўбачылі казармы і камендатуру 15-га Заслаўскага атрада памежных НКУС БССР, якія захаваліся да нашых дзён, а таксама даведаліся пра тое, як горад абараняўся ад нацыстаў у чэрвені 1941 года. Як вядома, у той абароне, акрамя чырвонаармейцаў 64-й стралковай дывізіі ўдзельнічалі і памежнікі, якія здолелі адысці з лініі старой мяжы, якая ў перыяд з канца 1939-га па чэрвень 1941 года называлася “лініяй загароды”.
 
 
Наступным пунктам экскурсіі стаў ДАК № 105 Мінскага ўмацаванага раёна РСЧА. Затым экскурсійны аўтобус накіраваўся ў вёску Меткава, дзе ўдзельнікі экскурсіі ўбачылі будынак былой савецкай 5-й памежнай заставы і пазнаёміліся з гісторыяй жыцця польска-савецкай мяжы да верасня 1939 года.
 
 
У Новым Полі ўдзельнікі экскурсіі убачылі палац Друцкіх-Любецкіх. І вось, нарэшце, “кардон”. Сучасная адміністрацыйная мяжа паміж Мінскім і Валожынскім раёнамі праходзіць там, дзе да 1939 года была мяжа паміж Другой Рэччу Паспалітай і БССР. На каталіцкіх могілках Ракава ўдзельнікі экскурсіі змаглі ўбачыць магілы “кантрабандыстаў” і “ахвяраў мяжы”.
 
 
Канчатковым пунктам экскурсіі стала вёска Душкава, побач з якой знаходзілася стражніцы польскага Корпусу Аховы Памежжа. Тут вельмі выразна бачная лінія «рыжскай» межы. Па прызнанні удзельнікаў экскурсіі гісторыя заслаўскага памежжа ўяўляе вялікую цікавасць для сучасных беларусаў і тоіць у сабе шмат цікавых і зусім невядомых простым абывацелям фактаў. Фірма «Міжнародны бізнэс» плануе ўключыць у гэтую займальную экскурсію новыя аб'екты для наведвання. Балазе, пад Заслаўем іх хапае.
 

Каментаваць