Украінскі гурт «ФІОЛЕТ» выступіў у Мінску (фота)

22 лістапада ў клубе «Алекс`c» выступіў гурт «ФІОЛЕТ». Разагравалі ўкраінскую каманду беларускамоўныя гурты «ZnaROCK» і «AMAROKA». Канцэрт адбыўся ў рамках тура ў падтрымку новага альбома ўкраінскага гурту. Ён атрымаў назву «Rock'n'love» і выйшаў 1 кастрычніка.



Канцэрт распачаў гурт «ZnaROCK». У іх перанялі эстафету хлопцы з «AMAROKA», якім удалося троху разварушыць напаўсонную публіку. Лідар гурту Зміцер Афанасенка прызнаўся, што сам слухае гурт «ФІОЛЕТ» і даўно чакаў яго канцэрт у Мінску.

Між выступамі гуртоў арганізатар канцэрта Алесь Снег прачытаў свае вершы, а таксама разыграў некалькі дыскаў і кніжак. Калі прыйшоў час выступу хэдлайнераў, сядзець за столікамі засталіся нямногія — хоць на канцэрт прыйшло не вельмі шмат людзей, але яны аказаліся сапраўды адданымі фанатамі ўкраінскага гурту.

Гурт «ФІОЛЕТ» паходзіць з гораду Луцку. Ён быў заснаваны два гады таму, але ўжо паспеў дабіцца значнай папулярнасці. «ФІОЛЕТ» выступаў ледзь не на ўсіх буйных украінскіх оўпэн-эйрах, і за гады сваёй дзейнасці паспеў выпусціць тры паўнавартасныя альбомы і столькі ж дробных студыйных рэлізаў. Гурт вядомы сваёй шчырай любоўю да Беларусі — у іх ёсць дзве беларускамоўныя песні. На адну з іх — «Мейсца пакуты» — яны нават знялі кліп.

Варта зазначыць, што беларусам пашчасціла патрапіць на канцэрт у рамках туру ў падтрымку новага альбому нават раней за жыхароў украінскай сталіцы. Канцэрт у Кіеве запланаваны на 25 лістапада. А скончыцца тур у падтрымку альбома «Rock'n'love» у родным горадзе музыкаў — канцэрт у Луцку «ФІОЛЕТ» адыграе 1 снежня.

Фота аўтара.

Каментаваць