Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Украінскія песні і вышыванкі ў цэнтры Мінска (фота)

Сёння ў цэнтры Мінска праходзіць маляўнічае Свята ўкраінскай культуры. Выстава вышыванкі і кірмаш майстроў народнай творчасці, непаўторны каларыт украінскай народнай песні і магчымасць пакаштаваць стравы ўкраінскай кухні, вядомай ва ўсім свеце.

Сённяшняе мерапрыемства прысвечана 26-й гадавіне Незалежнасці Украіны, праходзіць на плошчы Свабоды каля сцен мінскай ратушы. Парадаваць жыхароў і гасцей сталіцы прыехалі не толькі творчыя калектывы ўкраінскіх грамадскіх арганізацый Беларусі, але і ўпершыню выканаўцы з Украіны — лаўрэат міжнародных конкурсаў і фэстаў тытульны калектыў Палтаўскай абласной філармоніі і яго вядучыя салісты: народная артыстка Украіны Наталля Хаменка, салісты Лідзія Крэтава і Аляксандр Дубавы.


Выступіць з сольнымі нумарамі для беларускіх слухачоў і заслужаная артыстка, салістка Нацыянальнай філармоніі Украіны Яраслава Рудэнка, якая парадуе непаўторным каларытам народнай і аўтарскай песні. Разам з ёй выступіць салістка Запарожскай абласной філармоніі Юлія Якса. У сумесным канцэрце прагучаць творы інструментальнай музыкі, якія па праве займаюць ганаровае месца ў калекцыі ўкраінскай духоўнай спадчыны.


Што адметна для сённяшняй імпрэзы — свята працягнецца да позняга вечара. У другая частцы праграмы, якая пачнецца ў 20:30, гледачоў чакае канцэрт ад украінскага мастацкага калектыву «Чураіўна», які выканае творы з залатога фонду ўкраінскай эстрады, у тым ліку заснаваныя на творчай спадчыне ўкраінскага кампазітара Багдана Весялоўскага — творцы ўкраінскага танга.


Канцэртную праграму разбавяць конкурсы ад арганізатараў свята, якія прыдумалі для госцяў тэматычную віктарыну. Зразумела, што пытанні, адпаведна, будуць злучаны з украінскай культурай і развіццём гуманітарных сувязяў паміж нашымі братэрскімі народамі. За правільныя адказы віктарыны Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь падрыхтавала гасцям свята арыгінальныя прызы. Таксама ў рамках свята арганізавана выстава вышыванкі і традыцыйных рамёстваў — украінскага гафту і традыцыйных ручнікоў, кірмаш майстроў народнай творчасці і выстава-продаж украінскай літаратуры, прадукцыі ўкраінскіх выдавецтваў.


І вядома ж, што за ўкраінскае свята без славутай украінскай кухні?! Гурманы сёння могуць пакаштаваць украінскі боршч з пампушкамі, варэнікі, закарпацкія галубцы, зразы бульбяныя з капустай, бульбяныя галушкі, канапе з салам, цыбульнік, бульбачку са скваркамі, дранікі са смятанай і іншыя стравы.


Свята праходзіць з 13:00 да 22:30. Месца правядзення — пл. Свабоды, Мінск. Арганізатарамі свята выступілі Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур і Беларускае грамадскае аб'яднанне ўкраінцаў «Ватра».

Даведка:

Украінцы святкуюць Дзень незалежнасці 24 жніўня пачынаючы ад з 1992 года. У гэты дзень у 1991 годзе Вярхоўная Рада Украінскай ССР прыняла Пастанову і Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны.

Па выніках апошняга перапісу насельніцтва, які адбыўся ў 2009 годзе, у Рэспубліцы Беларусь пражывае 159 тыс. украінцаў, што складае 1,7% ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі. На сёння ў Беларусі дзейнічаюць 16 грамадскіх арганізацый украінцаў. Украінская мова ў Беларусі вывучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (спецыяльнасць «Славянская (украінская) філалогія»). У Рэспубліцы Беларусь функцыянуюць бібліятэкі з аддзеламі ўкраінскай літаратуры ў шасці абласцях краіны.

Каментаваць