Улад Бубен і абсурд, бачны нават дальтоніку

Выстава Улада Бубена "Шкарпэтка, дальтанізм і тэорыя змовы" адкрыецца ў музеі Азгура 8 ліпеня. Персанальная экспазіцыя мастака і музыкі складаецца з карцін з серый "Socksism" і "The Hand Of", а таксама відэаінсталяцый аўтара.



У святочным адкрыцці возьмуць удзeл музыкі Філіп Палмер (Philip Palmer, Вялікабрытанія/Польшча) і Леанід Нарушэвіч (“Князь Мышкін”) а таксама паэты Вольга Гапеева, Алесь Baisan Плотка ды іншыя.

 

У сённяшніх рэаліях рэчы сталі нават болей, чым фетышам, а сапраўдным аб'ектам рэлігійнага пакланення. Сучасны ўтылітарны свет, пазбаўлены маральных каштоўнасцяў, абсурдны настолькі, што нават чалавек з дальтанізмам можа бачыць гэта. Менавіта так простымі словамі можна апісаць ролю мастака-дальтоніка, які трансфармуе вопратку ў карціны, у раскрыцці ідэй постфетышысцкага мастацтва. Карціны і інсталяцыі Улада Бубена выкананыя ў змешанай тэхніцы бралі ўдзел у шматлікіх выставах і акцыях у Мінску і Берліне ў 2007–2012 гадах.

 

Дваццатае стагоддзе дало свету вялікую колькасць «ізмаў»: камунізм, фемінізм, сексізм – з’явы пад гэтымі шыльдамі аказалі вялізарны ўплыў на фармаванне грамадства. “Саксізм” Бубена парадаксальны: пакласці шкарпэтку — банальны аб'ект — у цэнтры карціны? Так, для таго, каб справакаваць вас, прымусіць вас думаць, паставіць пад пытанне тое, што сталася звыклым. Серыя карцін “Саксізм”  Уладзіслава Бубена — характэрны прыклад беларускага андэграўднага мастацтва.




 

Socksism (ад англійскага sock — шкарпэтка) — серыя карцін, зробленых у арыгінальнай творчай манеры. У цэнтры кожнай размешчаная шкарпэтка, якая ўпісваецца ў сімвалічна выяўленае наваколле. Шкарпэтка — неабходны элемент любога касцюма і, як і ніжняя бялізна ці ўпрыгожванні, таксама можа стаць аб'ектам фетышызму.

 

Серыя карцін "Socksism" увасабляе постфетышыскую тэорыю, калі інтымны аб'ект не толькі выкарыстоўваецца для сваіх першасных мэтаў, але і з пэўным падтэкстам дэманструецца на публіцы.


The Hand of... ("Рука...") — серыя-пераасэнсаванне тэорый змовы. Кожная карціна — рука Масквы, Амстэрдама, Пекіна і Брусэля — дэманструе бачанне мастаком сённяшняй геапалітычнай сітуацыі. Свет падзелены, і ў ім існуюць нябачныя сілы якія кіруюць “маленькімі людзьмі” — палітычныя, фінансавыя, ідэалагічныя. Ці мы сапраўды хочам, каб так было? Ці дапускаем мы, што можа быць інакш?

 

Бубен не дае адказу, пакідаючы пытанне адкрытым для гасцей выставы.


 

Выстава экспануецца да 6 жніўня. Падчас выставы пройдзе шэраг музычных івентаў.

 

Запрашаем у музей Азгура (г. Мінск, вул. З. Азгура, 8).

 

 

 

 

 

Каментаваць