Умбэрта Эка супраць тампліераў

Свет сумуе з нагоды смерці славутага італьянскага філосафа і літаратара Умбэрта Эка, які, нароўні з пісьменніцтвам, прысвяціў сваё жыццё таксама барацьбе з канспіралагічнымі тэорыямі.



«Гэта кніга для масонаў» — такую ацэнку даў адзін брытанскі крытык «Таямнічаму полымю царыцы Лоаны» — адной з апошніх кніг Умбэрта Эка. На думку аўтара рэцэнзіі, ў кнізе Эка настолькі багата пластоў, намёкаў, алегорый і адсылак да малавядомых абывацелю канцэптаў, што звычайнаму чытачу галоўны сэнс твору недаступны. Чытач можа зацікавіцца дэталямі, персанажамі, логікай іх учынкаў, сюжэтам, аднак пароль да разгадкі рэбусу, у якім ёсць галоўнае пасланне кнігі, ад яго надзейна схаваны.

Праўда, той жа крытык заклікае аўдыторыю не сумаваць з гэтай нагоды, паколькі аўтар «Таямнічага полымя царыцы Лоаны» лічыцца галоўным эрудытам на Зямлі. Нездарма сам Умбэрта Эка ў адным з інтэрв’ю казаў: «У літаратара дзве мары — прадаць максімальную колькосць асобнікаў сваёй кнігі, і каб гэтая кніга была напісаная так, што яе было цяжка чытаць».

Падобныя ацэнкі творам Эка давалі і раней. Калі ў 1988-м выйшаў «Маятнік Фуко», брытанская "Times" параўнала працэс чытання кнігі з «імклівым рухам інтэлектуальнага маятніка паміж рознымі канспіралагічнымі тэорыямі заходняй культуры, пачынаючы ад легенд пра старажытных кельтаў і міфа пра тампліераў і сканчаючы кампутарнай тэорыяй і дэканструкцыяй вобразу Мікі Маўса».

Магчыма, разгадка тут прасцей, чым падаецца на першы погляд. Канцэнтрацыя ў адным творы адсылак да розных тэорый змоваў — эфектыўны прыём якраз для іх дыскрэдытацыі, паколькі кожная з такіх тэорый прэтэндуе на глабальнасць і ўнікальнасць. Адну з сваіх місій Умберта Эка пры жыцці бачыў у барацьбе з канспіралагічнымі тэорыямі, якія, па яго словах, ствараюць «барыкады для развіцця цывілізацыі».

На першы погляд цяжка зразумець, што такога жудаснага, напрыклад, ў старым і даўно забытым міфе пра тое, што светам кіруе секта ілюмінатаў. Аднак Эка разглядаў падобныя байкі мінулых часоў у гістарычным працэсе. Без міфа пра ілюмінатаў не паўсталі б пазнейшыя тэорыі змовы, без якіх не можа функцыянаваць ніводная цяперашняя аўтарытарная дзяржава. «Дыктатары выкарыстоўваць паняцце сусветнай змовы ў якасці зброі. Першыя 10 гадоў свайго жыцця я жыў пры фашыстах і атрымаў фашысцкую адукацыю ў школе, дзе нам штодня казалі: англічане, габрэі і капіталісты ў змове супраць бедных італьянскіх людзей», — узгадваў ён у эсэ «Вечны фашызм».

У нашыя дні хлусня, на думку пісьменніка, набыла новую ролю для маніпуляцый людзьмі. У 2014-м Эка пісаў: «На практыцы, што я раблю, калі я сустракаю знаёмага, які лічыць, што светам кіруюць ілюмінаты, Більдэрбергскі клуб або нейкая тайная ложа? Я хвалююся за гэтага чалавека. Будзь-якая канспіралагічная тэорыя накіроўвае публічную псіхіку да канкрэтнай справы, тым самым адцягваючы ўвагу ад рэальных пагроз. У 2003 годзе версія пра тое, што Буш сам арганізаваў атаку на «вежы-блізняты» спрыяла таму, што шмат людзей перастала думаць пра рэальныя прычыны вайны».

Антыканспіралагічная барацьба Эка спарадзіла і шмат шаржаў на яго

Найбольш выразна барацьба Эка супраць тэорый змовы праяўляецца ў кнізе «Пражскія могілкі». Герой кнігі — аванурыст, сакрэтны агент, якому адзін з лідараў Ватыкана замаўляе стварыць твор, які б мог стаць Бібліяй антысемітаў. Так, калі верыць аўтару, нарадзіліся вядомыя «Пратаколы сіонскіх мудрацоў».

Цікава, што змагаючыся з рознымі міфамі і нават з'яўляючыся сябрам асацыяцыі па барацьбе з акультызмам і канспіралогіяй, Эка прызнаваў, што хлусня часта мае вельмі прывабны характар і здольная мяняць ход гісторыі ў пазітыўным накірунку. Паводле Эка, наўрад ці Марка Пола выправіўся б з экспедыцыяй ў Кітай, калі б не славутая сярэднявечная фальшыўка — тэкст нейкага манаха Іаана, у якім у дэталях апісваецца быццам існуючае недзе на Усходзе хрысціняская дзяржава.

Таму Эка заклікаў крытыкаваць канспіратыўныя тэорыі праз вывучэнне тайны прывабнасці хлусні: што яна ўтрымлівае для чалавека, зразумець, якую ролю ў гэтым працэсе гуляе сімволіка, як працуюць прыёмы маніпуляцыі…

Ці перамагаў Эка канспіралогію? Цяжка сказаць. На думку шмат каго, яго творы наадварот надавалі тэорыям змовы толькі новы драйв. Шэраг культуролагаў лічаць, што шалёны поспех раману «Імя Ружы» садзейнічаў насаджэнню ў грамадстве апакаліптычнага псіхозу, падобнага на той, якім ахопленыя сярэднявечныя манахі — героі рамана. Нездарма "Guardian" так пісала пра «Імя Ружы»: «Дэтэктыўны сюжэт — гэта толькі абгортка, фанцік. Прачытаўшы кнігу вы апыніцеся ў іншым вымярэнні».

Аднак, думаецца, гэта не нагода, каб апусціць рукі і хварэць на параною, выкліканую чарговай сенсацыяй у інтэрнеце. Як запаветваў Умбэрта Эка, альтэрнатывай прымітывізацыі думкі ёсць выключна «ваяўнічы перманентны крытыцызм — галоўная зброя у барацьбе супраць хлусні».

Каментаваць