Універсальныя жыццёвыя праблемы ў графіцы Сяргея Балянка

Вечарам 26 жніўня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава аднаго з самых вядомых беларускіх графікаў XX стагоддзя Сяргея Балянка “…Нічога іншага не прапануецца…”, прысвечаная 60-годдзю творцы.



Экспазіцыя ў асноўным складаецца з графікі розных гадоў. Выразныя і лірычныя творы фігуратыўнага мастацтва Сяргея Балянка здзіўляюць як калег, так і аматараў графікі. Асноўны сюжэт чорна-белых пазнавальных афортаў мастака з ягонымі ананімнымі героямі — людзі-цені, якія самотна бродзяць па начному мокраму і халоднаму гораду, дзе-нідзе асветленаму ліхтарамі. Фігуры на выявах стылізаваныя з падкрэслена выразным сілуэтам, часам пад маскамі.

Увесь вобразны строй працаў мастака сведчыць пра ягонае імкненне паказаць універсальнасць жыццёвых праблемаў чалавека. На гэта працуюць і подпісы пад афортамі, часам даволі доўгія, але без усялякай павучальнасці. Нягледзячы на сваю даўжыню, анатацыі гарманічна дапаўняюць графічныя сюжэты і кампазіцыі.  

На адкрыцці выставы мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн адзначыла, што працы Сяргея Балянска заўсёды былі “камертонам часу і кантрапунктам пачування”. “Тая вастрыня, тонкасць, лапідарнасць і глыбіня, якія заўжды існавалі ў кожнай лініі, кропцы і пляме ягоных афортаў, гэта было тое набалелае, пра што не кожны мог сказаць. Белая варона Сяргея Балянка з’явілася моцна і выразна ў 1970-я гады, калі белым варонам немагчыма было існаваць увогуле”, — сказала мастацтвазнаўца.

Мастацкую мову майстра Ларыса Фінкельштэйн назвала “віртуознай пластычнай філасофіяй чыстай цудоўнай класічнай сапраўднай графікі, якой не патрэбныя аніякія словы”. А жывапісныя творы мастака Ларыса Фінкельштэйн вызначыла, як “вельмі нечаканыя і лірычныя, у якіх прысутнічае вольны рух колеру”.   

Выстава працуе да 6 верасня.

Каментаваць