Упершыню ў Беларусі выстаўлена галаграфічная копія Крыжа Ефрасінні Полацкай

У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава 15 красавіка выстаўлена ў пастаянную экспазіцыю галаграфічная копія Крыжа Ефрасінні Полацкай.



"Гэта галоўная святыня нашага хрысціянства і мае касмічнае паходжанне", — заявіла на адкрыцці экспазіцыі намеснік дырэктара музея Святлана Строгіна.
 

Трохмерную галаграфічную выяву крыжа наведвальнікі музея могуць убачыць у спецыяльным пакоі-сейфе з браніраванымі дзвярамі. Там з 1928 па 1941 год знаходзіліся розныя каштоўныя музейныя экспанаты, прадметы рэлігійнага культу, а таксама ўласна Крыж Ефрасінні Полацкай, які знік перад акупацыяй Магілёва нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
 

"Ёсць шмат пытанняў, чаму сюды трапіла калекцыя з Антыкварнага збору Саюза ССР. Мы меркавалі, што, хутчэй за ўсё, нехта з музейшчыкаў Масквы ці Ленінграда вырашыў схаваць у ціхім правінцыйным Магілёве гэтыя неацэнныя скарбы ад іх перадачы за мяжу ў перыяд індустрыялізацыі. Але факт застаецца фактам: у 1941 годзе гэта калегія разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай знікла. Мы мяркуем, што такія скарбы не маглі знікнуць, і мы дажывём да таго часу, калі будзе знойдзены арыгінал крыжа", — сказаў дырэктар музея Аляксандр Хахракоў.
 

У 1995 годзе па старых фатаграфіях майстар Мікалай Кузьміч аднавіў з благаславення патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта Крыж Ефрасінні Полацкай. Менавіта з яго і была зроблена галаграфічная копія, паказаная ў Магілёве.
 

Пакой з трохмернай галаграфічнай копіяй крыжа асвяціў епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.
 

Паводле слоў Святланы Строгінай, прадстаўлены крыж — гэта толькі пачатак аднаўлення ў выглядзе галаграм "магілёўскага збору", страчанага ў 1941 годзе.

 

Каментаваць