Урок «Грамадазнаўства» ад Лявона Вольскага

Пасля выхаду альбома гурта N.R.M. «Д.П.Б.Ч.» многія прыхільнікі беларускай рок-музыкі, якія вельмі негатыўна ўспрынялі падзел ўлюбёнай каманды, пачалі меркаваць на тэму: а што прапануе слухачам Лявон Вольскі?



Альбом N.R.M. «Д.П.Б.Ч.» быў даволі цёпла сустрэты слухачамі і крытыкай. Зважаючы на гэтыя абставіны, Лявон Вольскі, у мінулым лідэр N.R.M., а цяпер завадатар творчых эксперыментаў «Крамбамбулі» і сольны выканаўца, агаломшыў слухачоў новым альбомам «Грамадазнаўства», які без аніякіх ваганняў і сумненнеў выставіў ў інтэрнэце для агульнага праслухоўвання на мультылэйбле «Пяршак» маладзёжнага часопіса 34mag.net.

Тыя слухачы, які чакалі ад музыканта своеасаблівых музычных разборак паміж былымі сябрамі па гурту N.R.M, памыліліся. У Лявона Вольскага заўсёды пераважалі больш глабальныя творчыя задачы, чым высвятленне адносін. Таму ў альбоме «Грамадазнаўства», зноў жа, як заўжды, пераважае філасофскі погляд на складныя з’явы сучаснасці. Робіцца эмацыянальны і сацыяльны зрэз грамадства, якое знаходзіцца на шляху да таго, што ў класічным разуменні сацыёлага завецца грамадскай спеласцю. З гэтага вынікае крытычны погляд на развіццё і сённяшні яго стан.

Для гэтага Лявон традыцыйна выкарыстоўвае правераныя метады —сатыру, гумар, пранікнёную лірыку, змешчаную ў арыгінальныя паэтычныя формы і рыфмы тэкстаў кампазіцый. Да таго ж, для запісу кружэлкі Лявон прыцягнуў незнаёмых айчыннаму слухачу музыканаў з Нарвегіі: мультыінструменталіста і саунд-прадзюсера Снорэ Бэргэруда і бубнача Сіндрэ Скэе, якія надалі музычнаму матэрыялу альбома «Грамадазнаўства» незвычайныя, і ў той жа час, пазнавальныя рысы. Гэта значыць такія, якія маглі быць у N.R.M. у выпадку, калі б гурт выступаў разам старым складам.

Гэтую асаблівасць аранжыровак дыска, які дарэчы запісваўся ў Вільні на студыі Ymir Audio, можна заўважыць адразу, як загучыць першы трэк альбома "Milicyjanty i prastytutki". Тут музычнымі сродкамі вымалёўваецца сацыяльная карціна сучаснага жыцця краіны, у якой гуманітарны складнік усе больш падмяняецца ідэалагачнымі патрэбамі ўлады. Песня працягвае энэрэмаўскую традыцыю ў творачасці Лявона Вольскага і адрозніваецца вастратой думак і ўсяго музычнага ўвасаблення.

А вось кампазіцыя “A chto tam idzie?” магла б больш падыйсці для яшчэ аднага праекта Вольскага і сяброў — гурта ZET. Бо яна пабудавана па больш спрошчанай меладычнай схеме, характэрнай для хард-кор-панка, а тэкст яе адрозніваецца парадаксальнасцю і сцёбам, якія застаюцца візітоўкай Лявона Вольскага. Роднаснай гэтай кампазіцыі можна назваць і сацыяльны памфлет “Bulbašy”, які ўдзымае тэму савецкага менталітэту, што нівеліруе ўсё нацыянальнае ў нашых суайчынніках. Тэкст, як у крывым люстэрку, малююе сумныя рэаліі гэтых пераўтварэнняў — «…калі няма з кім, яны паб’юцца між сабой…». Да гэтай плыні альбома таксама можна аднесці і сацыяльны рок-н-рол “Krainy niama”.

Кампазіцыя MIRBE («Мелодыі і рытмы беларускай эстрады») прысвечана марнасці намаганняў «зорак беларускай эстрады» хоць нейкім чынам здабыць папулярнасць і тым апраўдаць сродкі, якія на іх выдаткоўвае дзяржава. Пры тым, што легіён дзяржаўных «зорак» атрымлівае званні і прэміі, а іх прафесіянальны ўзровень, ўнёсак ў нацыянальную культуру застаецца мізэрным.

Новы альбом Вольскага адметны не толькі «цяжкімі» рытмамі, але і шчымлівымі мелодыямі, якія нагадваць пра Вольскага-лірыка. Кшталту, кампазіцыі "Šeraja kroŭ", прысвечанай нашай шэрай гарадской рэчаіснасці, яе экзістэнцыяльнаму ўплыву на нашу свядомасць. Кампазіцыю "Čužy" бадай можна назваць спробай паўтарыць поспех легендарнага, шмат разоў цытаванага і рэміксіраванага твора з рэпертуару N.R.M. — песні «Маё пакаленне».

Упэўнены, што многія прыхільнікі творчасці ўжо знаёмыя з кампазіцыяй “Lamaj scenar!”, у якой з анарха-панкаўскай непасрэднасцю выказваецца шлях змены жыцця да лепшага: «…ламай сцэнар, ламай схему, ламай структуру, ламай сістэму…» Гэтая кампазіцыя ўваходзіла ў саунд-трэк вядомай мастацкай стужкі «Жыве Беларусь!» (рэжысёр К.Лукашэвіч, Польшча). На дыску ж Lamaj scenar! прадстаўлена ў новай аранжыроўцы і ў значна больш прывабным па якасці запісу.

Завяршае трэк-ліст альбома «Грамадазнаўства» выніковая кампазіцыя “Majo kachańnie”, у якім аўтар імкнецца выказаць сваё жыццёвае крэда: «…маё каханне, пакажы мне шлях да дому, маё каханне не давай упасці долу…» Негледзячы на тое, што гэты твор можна аднесці да філасофскай плыні песеннай творчасці Л. Вольскага, Majo kachańnie не выпадае з усёй тэматыкі дыска, а наадварот, замацоўвае канцэпцыю, тэматычна завяршае яго альбомную структуру.

Хочацца адзначыць, што навая праца Лявона Вольскага абвяргае сцверджанне, што кампазітар і музыкант выдахся, а яго песні ўжо не з’яўляюцца а ні хітавымі, а ні адлюстроўваюць думкі тых, хто раней вызначаў Вольскага за свайго куміра. Усё, як раз, наадварот: песні з новага альбома стымулююць у слухачоў цікаўнасць да творчасці ветэранаў беларускага рок-андэграўнда («МРОЯ», BONDA, N.R.M., ULIS, «Мясцовы час»), а маладым музыкантам — даюць яшчэ адзін аргумент да асэнсавання магчымасцяў роднага слова ў рок-музыцы.

У той жа час, альбом Лявона Вольскага «Грамадазнаўства» дапаўняе эксперыменты ў альтэрнатыўным рэчышчы, з якімі ў мінулым годзе выступілі музыканты N.R.M, калі прэзентавалі публіцы свой апошні альбом «Д.П.Б.Ч.» Ад гэтага палітра беларускай рок-музыкі стала больш насычынай і прывабнай для маладога слухача. Упэўнены, што альбом «Грамадазнаўства» стане творчым каталізатарам для ўсіх былых энэрэмаўцаў.

Удзельнікі сённяшняга N.R.M’а ўбачаць, чаго, ў параўнанні з Вольскім ім не хапае. Найперш, як мне падаецца, — пазітыўнага рок-н-рольнага шалу, сучасных хард-рокавых рыфаў і драйву. А сам Лявон, аб чым сведчыць дыск, ужо ўпэўнена доўжыць свой шлях — ад зробленага да новага, каб стаць сваім і для пакалення, якія выраслі на The Killers, Franz Ferdinand і Kasabian

Абмеркаванне:

  • Янка Учысонюк
  • 2014-03-29 17:42:07
Дзякуй, спадар Анатоль, за грунтоўны разбор, а то ананімныя водгукі на розных самаробных сайтах толькі бянтэжаць, не баюцб апоры для самастойнага аналізу. Абавязкова куплю дыск
"Грамадазнаўства", калі знайду, бо многія песьні проста захапляюць. І новы "N.R.M." мне таксама спадабаўся, хоць старэйшы брат ные пра нешта страчанае.

Каментаваць