Ушанаванне памяці Якуба Коласа

Адбылося 13 жніўня на Вайсковых могілках Мінска. Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльны музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская нагадала, што народны паэт Беларусі сышоў з жыцця 57 год таму назад — 13 жніўня 1956 года.



«Шлях, які прайшоў пясняр, — адметны. Заснавальнік беларускай прозы, аўтар неўміручых паэтычных шэдэўраў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, славутых палескіх аповесцяў, “Казак жыцця”, апавяданняў і вершаў, якія сталі нацыянальнай класікай, Якуб Колас унёс значны ўклад у беларускую культуру, узняў беларускае пісьмовае слова на ўзровень сапраўднага мастацтва, паставіў беларускую літаратуру побач з развітымі літаратурамі свету — і ў гэтым яго вялікая заслуга як нацыянальнага пісьменніка»— сказала Камароўская.
 
 
Разам з тым, паводле яе слоў, Колас не дапісаў паэму «На шляхах волі», не збылася яго мара пра паляпшэнне стану беларускай мовы і культуры.
 
 
«Сёлета споўнілася 90 гадоў выхаду ў свет паэмы “Новая зямля”, якая гучыць па сённяшні дзень і цікавая ўсім пакаленням беларусаў. Гэтую паэму можна параўноўваць з сусветнымі шэдэўрамі літаратуры. Вось чаму на працягу года ў музеі адбываюцца вечарыны, пад час якіх “Новая зямля” параўноўваецца са “Старой новай зямлёю” Тэадора Герцля і з “Чатырма Евангеллямі” Эміля Заля. На наступным тыдні мы вязем выставу ў пасёлак Чыстыя Пруды Калінінградскай вобласці Расіі ў музей заснавальніка літоўскай літаратуры Крысціёніса Данелайціса, 300-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца 1 студзеня 2014 года. Ягоная паэма “Поры года” паяднаная з “Новай зямлёй” і перагукаецца з ёю. А ў кастрычніку Музей Данелайціса прывязе ў Мінск выставу пра творчасць класіка літоўскай літаратуры»— адзначыла Камароўская.
 
 
Усё гэта, паводле яе слоў, робіцца для таго, каб слова песняра гучала і перадавалася новым пакаленням беларусаў. Зараз музей робіць цікавы дзіцячы праект «Ідзем у школу разам з Коласам», які будзе доўжыцца на працягу жніўня і новага навучальнага года дзеля таго, каб дзеці адчулі любоў да роднага слова, сказала дырэктар музея.
 
 
Зямляк песняра, паэт Дзмітрый Дземідовіч распавёў, што песняр заўсёды прыязджаў на сваю радзіму з падарункамі, добрым словам і жаданнем дапамагчы землякам. «І калі здаралася бяда, народны паэт заўсёды быў побач. Памятаю, як у маёй бабці згарэла хата, але дзяржава не дапамагла ёй, бо дачка працавала ў лесе. Трэба было бачыць, які разнос зрабіў Колас мясцовым чыноўнікам, каб яны выдзелілі грашовую дапамогу для адбудовы бабчынай хаты»— сказаў Дземідовіч.
 
 
Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч звярнуў увагу на завяршэнне выдання акадэмічнага 20-томнага збору твораў бацькі, а таксама на багацце роднай мовы. Ён адзначыў, што беларуская мова па праву займае першае месца сярод славянскіх моваў, дзякуючы сваёй надзвычайнай прыгажосці і распрацаванасці, і адно з першых месцаў сярод еўрапейскіх моў. «І гэтае багацце родная мова захавала, няглядзячы на тое, што з цягам часу згубіла сваю традыцыйную мяккасць»— сказаў Міхась Міцкевіч.
 
 
У памінальным мітынгу і ўскладанні кветак да помніка песняра ўзялі ўдзел празаікі і паэты, грамадскія дзеячы, родныя сям’і песняра, а таксама навукоўцы і супрацоўнікі музеяў сталіцы.
 

Каментаваць