Усё, што варта ведаць пра Масленку

Калі пачыналі гукаць вясну ў Беларусі і ці рабілі гэта на Масленку? Як святкавалі Масленку ў розных частках краіны? Якія масленічныя абрады ўнесенныя ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі? 
Па ўсёй Беларусі на Масленку традыцыйна ўжывалі бліны і малочныя прадукты, каталіся на конях, з горак, на «круцёлцы», гасцявалі, спявалі песні.

У той жа час Масленка выяўляецца, бадай што, у найбольшай колькасці мясцовых варыянтаў у параўнанні з іншымі святамі беларускага традыцыйнага календара. Яркая асаблівасць паўночнай Беларусі – пахавальныя масленічныя гульні з элементамі жаночых містэрый. Для ўсходу краіны характэрнае спальванне пудзіла. У паўднёвай Беларусі на Масленку гукалі вясну. Прыход вясны ўвасабляўся таксама выпяканнем печыва ў форме птушак. Найбольш яркая асаблівасць Масленкі заходняй Беларусі – жаночыя містэрыі. На памежжы Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей канцэнтруюцца згадкі пра ўшаноўванне маладых сем'яў і бабак-павітух, «цяганне калодкі», гушканне на арэлях, выкананне масленічных песень – тут Масленка сустракаецца ў найбольшай разнастайнасці праяў.

У сучасных святкаваннях Масленкі праглядаюцца архаічныя матывы, хоць большасць гарадскіх свят мае карані не ў мясцовай абраднасці, а ў праявах рускай культуры, якія распаўсюдзіліся на тэрыторыі нацыянальных рэспублік СССР у пасляваенны час праз СМІ і метадычныя дапаможнікі для работнікаў культуры. Пра беларускую Масленку і гуканне вясны 6 лютага на Арт Сядзібе распавядзе даследчыца і аўтарка "Новага часу" Алена Ляшкевіч. Прыходзьце, каб даведацца больш!

Расповед будзе суправаджацца дэманстрацыяй фота і відэа, а таксама жывымі спевамі ад гуртка "Нямора".


Для афішы выкарыстана карціна Анастасіі Духанінай

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць