Увесь гэты рок

У чаканні чарговых альбомаў лідэраў беларускага року, новых музычных уражанняў і эмоцый, айчынныя слухачы не заўважылі, як надышла сярэдзіна года. Пакуль ім не шанцуе: «N.R.M», «ULIS» ды «Крама», як і іншыя прадстаўнікі «першага эшалону» нацыянальнай рок-сцэны, зацята маўчаць. Мабыць, імкнучыся выгадаць лепшыя часы для сваіх рэлізаў. Бадай, толькі Лявон Вольскі са сваімі альбомамі «Такога няма нідзе» і «Белая яблыня грому» даў слухачам падставу для абмеркаванняў.



У чаканні чарговых альбомаў лідэраў беларускага року, новых музычных уражанняў і эмоцый, айчынныя слухачы не заўважылі, як надышла сярэдзіна года. Пакуль ім не шанцуе: «N.R.M», «ULIS» ды «Крама», як і іншыя прадстаўнікі «першага эшалону» нацыянальнай рок-сцэны, зацята маўчаць. Мабыць, імкнучыся выгадаць лепшыя часы для сваіх рэлізаў. Бадай, толькі Лявон Вольскі са сваімі альбомамі «Такога няма нідзе» і «Белая яблыня грому» даў слухачам падставу для абмеркаванняў. Але мінулыя паўгода для беларускай рок-сцэны не былі марнымі. Айчынная фанаграфія папоўнілася некалькімі цікавымі альбомамі маладых гуртоў. Пра іх музычныя асаблівасці ў чарговым фанаграфічным аглядзе.

Антыгламурны гранж ці гранжавы антыгламур?


У мінулым месяцы гурт «Мутнаевока» запрашаў сваіх прыхільнікаў на прэзентацыю свайго дэбютнага альбома «Пошлы гламур». Нагадаю, што музыканты з’яўляюцца паслядоўнікамі музычнага стылю гранж. У выніку прэзентацыі гэтага дыска каманда здабыла вядомасць у колах прыхільнікаў музычнай альтэрнатывы, а таксама атрымала запрашэнне на ўдзел у некалькіх музычных фэстах. На адным з іх — сёлетніх «Рок за Баброў» у Сілічах — «Мутнаевока» здабыло лаўрэацкае званне.

Усе гэтыя поспехі маладога гурта не дазваляюць не звярнуць увагу на навінку ад «Мутнагавока» — іх альбом «Пошлы гламур». Чым жа прыцягвае ўвагу гурт, які зусім нядаўна дэбютаваў на айчыннай рок-сцэне? Бадай тым, што песні з гэтага дыска напоўнены сапраўднымі пачуццямі і эмоцыямі, няхай з налётам падлеткавага максімалізму. Напрыклад, адна з лепшых лірычных кампазіцый альбому «Мутныя вочы» ў стане захапіць слухача менавіта гэтымі якасцямі. Да таго ж, гітом гэту кампазіцыю робіць яскравы лірычны строй тэксту і меладычнасць, якія так неабходныя, каб песня «пайшла ў народ».

Не малая роля ў стварэнні паўнацэннага вобразу песні адводзіцца вакалісту Яўгену Змушку, які ў песнях гурта «Мутнаевока» імкнецца як мага больш дасканала раскрыць эмацыйны патэнцыял той ці іншай кампазіцыі. На жаль, не ва ўсіх песнях Яўгену гэта ўдаецца: банальна не хапае тэхнічных магчымасцяў рок-вакаліста. Але ў такіх песнях, як «Заўсёдыніколі» магутны спеў Яўгена ўспрымаецца як арганічнае дапаўненне да інструментальных партый і аранжыровак.

Тэматычна песні гурта «Мутнаевока» малююць падлеткавыя канфлікты з навакольным светам, хоць бывае, што лірыка гурта дастаткова свядома і адэкватна адлюстроўвае душэўны стан лірычнага героя іх песень. Так, у галоўнай кампазіцыі альбома «Пошлы гламур» музыканты задумалі сродкамі рок-музыкі намаляваць вобраз таго, што ўяўляе сабой модны гламур, які так агрэсіўна насаджаецца масавай культурай і СМІ. У песні пераканаўча, з сатырычных пазіцый, разглядаецца штучнасць шкалы жыццёвых каштоўнасцяў некаторых яго адэптаў. Антыгламурная кампазіцыя «Мутнагавока» стварае адпаведны настрой дыска, як і «брудны» гітарны гук гурта, і экспрэсіўны, часам штучны вакал Я. Змушкі...

Адна з «фішак» гурта — выкарыстанне традыцыйнага рок-н-ролу ў гранжавых апрацоўках. Вядома, што рок-н-рол з’яўляецца «стылістычным прататыпам» многіх альтэрнатыўных кірункаў. Вось таму ў такіх песнях, як «Нерэальнае Show», «Сэрца Стук», «Ён не ведаў» слухачы могуць адчуць рок-н-рольны драйв у альтэрнатыўна-гранжавай інтэрпрэтацыі. Хоць на дыску ёсць і такія кампазіцыі («Небасхіл»), якія можна назваць клонамі хітоў некаторых беларускіх каманд, асноўны стрыжань творчасці каманды падаецца арыгінальным і перспектыўным для айчыннай рок-сцэны.

Альбом «Пошлы гламур» ад гурта «Мутнаевока» можна запісаць у актыў маладой сталічнай рок-каманды, што, відавочна, паспрыяе росту папулярнасць гурта. Але вядомасць гурта яшчэ больш узрасце, калі музыканты асэнсуюць свой, няхай сціплы, поспех як стымул для далейшага ўдасканалення, а не як сімптом «зорнай хваробы».

«Sciana» — асэнсаваная пазітыўнасць

У гэтым годзе музычнае выдавецтва БМАgroup парадавала слухачоў новым рэлізам ад берасцейскага гурта «Sciana» пад назвай «Кропка вяртання». Мне ўжо даводзілася рабіць рэпартажы з канцэртаў гэтай каманды. Тады я звяртаў увагу на іх гранічна «цяжкі» гук і экспрэсіўнае выкананне, хітовасць кампазіцый. Безумоўна, «Sciana» — адзін з заўважных лідэраў рэгіянальнага року, які мае кола прыхільнікаў на сваёй малой радзіме. Але адна з мэтаў альбому «Кропка вяртання» — зрабіць гурт «Sciana» нашмат больш вядомым па ўсёй Беларусі, вывесці каманду ў лідэры айчыннай альтэрнатыўнай сцэны.

Як жа гэтыя якасці музыкі гурта «Sciana» знайшлі адлюстраванне на іх новым альбоме? Што і казаць, з першага ж трэка музыканты захапляюць увагу слухача. У нейкім сэнсе песня «Кім я быў?» з’яўляецца вельмі важнай для ўдзельнікаў каманды. Тэкст песні напоўнены дзіўнымі алюзіямі: «Чорныя песні менскага гета/ Ужо не ўзгадаць на вяршынях Тыбета./ Лёгка забыць катынскія ямы/ Тыграм вызвалення Таміл-Іламу...» (аўтар А. Клімус). Пакладзеныя на магутныя рок-рыфы, гэтыя радкі набываюць даволі выразны і зразумелы сэнс, які звернуты да сучасных рэалій нашага жыцця.

Адна з тых песень, якая прынесла вядомасць берасцейцам, — «2000000», прыйшлася да густу сталічным слухачам. Рытмічна яна больш складаная і разнастайная, у тым ліку таму, што ў ёй гучыць «фірмовая» фішка гурта — саксафон Яўгена Лук’янчыка. Спробай адыйсці ад «цяжкіх» матрыц у кампазіцыях гурта «Sciana» з’яўляецца пазітыўная песенька «Сьлёзы пад дажджом», у якой даволі яскрава малююцца магчымасці выбару ў рок-н-рольным свеце.

Не цураюцца музыканты ў сваіх кампазіцыях і нечаканых для рок-музыканатаў філасофскіх тэм. Адна з іх — «Мяне не існуе» — смелая алюзія на вядомы тэзіс беларускага філосафа В. Акудовіча «Мяне няма...». Тым не менш, дзякуючы разнастайным вакальным прыёмам фронтмэна гурта «Sciana» Паўла Прохарава, шматсэнсоўныя радкі песні знаходзяць гармонію з «цяжкай» музыкай гурта.

Такімі ж філасофскімі якасцямі насычаны і шмат іншых кампазіцый альбому. Звярніце ўвагу на трэкі «Сірэны Тытану», «Ніколі болей», «Адам». Галоўная іх асаблівасць — пазітыўнасць і імкненне пазбавіцца штучнага «смуру», якім некаторыя вядомыя гурты імкнуцца прыхаваць сваю творчую безнадзейнасць. Мо таму завяршаючая кампазіцыя «Працяг будзе!» успрымаецца як праграмны твора адносна ўсяго альбому. Ім берасцейскія музыканты акрэслілі свае лідэрскія амбіцыі як аднаго з яскравых прадстаўнікоў рэгіянальнага рок-руху Беларусі.

«Porna» без амаральнасці


Перш чым пачаць размову пра новы альбом «Porna» магілёўца Яна Маўзера і гурта «Mauzer», варта ўспомніць поспех папярэдняй працы артыста, кружэлкі «Радасьць» з магутным хітамі «Брудная вада», «Калыханка», «Беларусь будзе вольнай». Здаецца, плынь часу вярнуць нельга, як і нельга вярнуць былога поспеху. Але на гэта ў Яна свае аргументы, які слухачы знойдуць на новым альбоме выканаўцы.

Як і першы альбом гурта «Радасць», дыск «Porna» не можа не захапіць дасканаласцю запісу, арыгінальнасцю (прынамсі для беларускіх выканаўцаў) аранжыровак і паэтычных эксперыментаў Яна, які з’яўляецца аўтарам лірыкі да кампазіцый «Porna». Не часта айчынныя музыканты так сур’ёзна ставяцца да якасці сваіх запісаў: удзельнікі гурта «Mauzer» запісвалі ўсе партыі гітар, барабанаў, баса, клавішных, вакалу на асобных студыях, а зводзілі і «майстравалі» ўвесь музычны матэрыял на сваёй студыі «MAUZER recordings». Мо таму дыск успрымаецца як новае слова ў мастацтве запісу музычных трэкаў.

Як заўсёды, на гукавых дарожках новага альбома ёсць песні сацыяльнага зместу з палітычным падтэкстам (напрыклад, «Гебельс» ці «Uvaha!»), гранічна шчырыя лірычныя споведзі («Вазьмі мяне», «Балянсу белага» і іншыя), цікавыя інструментальныя замалёўкі («Нараджэньне»).

Толькі на альбоме «Porna» гэтыя песні адрозніваюцца больш дасканалай прапрацоўкай тэмы, больш глыбокім спалучэннем мелодыі і тэксту. Слухачоў папросту захапляюць цяперашнія магчымасці Яна як вакаліста. Здаецца, Маўзеру пад сілу і стварэнне напружнай эмацыянальнасці («Усьміхніся»), і шчырая спавядальнасць («Апошняя песьня»). Мо таму гэтыя кампазіцыі адразу становяцца хітамі, якія слухачы канцэртаў гурта «Mauzer» спяваюць разам з Янам.

Безумоўна, феномену «Mauzer’а» не магчыма было спраўдзіцца без таленавітых і прафесійных удзельнікаў гурта (некаторыя з іх, на жаль, па розных прычынах пакінулі каманду), яны надалі новаму альбому гурта глыбіні і самавітасці. Ім пад сілу і арыгінальныя электронныя эксперыменты, як гэта адчуваецца ў песні «Мора», і сучасны гітарны рок, які дамінуе ў «Шчасьлівых людзях»...

Што тычыцца правакацыйнасці «Porna», то сэнс назвы новага альбома гурта «Mauzer» тлумачыць сам Ян Маўзер: «Мы маем на ўвазе не фізіялагічнае порна, хоць да гэтага таксама, напэўна, гэтыя назва адносіцца. Мы хацелі выказаць не тое, што порна вакол, а тое, што порна ўнутры нас. Пра чарнату душы. Мы спадзяёмся, што людзі, якія будуць слухаць альбом, адчуюць тыя думкі, якія былі ўкладзены ў яго змест».

І яшчэ адна вартая ўвагі асаблівасць альбома «Porna» — нават самы заўзяты прыхільнік роднай мовы не знойдзе і дзвюх сэнсавых і арфаграфічных памылак у тэкстах гурта, якія выдрукаваны на буклеце альбому. Такая пісьменнасць сучасных беларускіх рок-музыкантаў не можа не радаваць!

Каментаваць