Віртуальны сэкс з фюрэрам

Хворыя на СНІД, скінхэды-аматары і канскія рэжысёры ўсё часцей становяцца ахвярамі сэксу з Адольфам Гітлерам.

Гітлер памёр. Фюрэр Трэцяга Рэйху атруціўся разам з Евай Браўн і аўчаркай Блондзі. Але вусатыя істэрычныя вобразы нікуды не падзеліся: яны захраслі ў бункеры, стаіліся на задворках культуры — і час ад часу заяўляюць пра сябе скандальнымі правакацыямі з любоўным падтэкстам.



Хворыя на СНІД, скінхэды-аматары і канскія рэжысёры ўсё часцей становяцца ахвярамі сэксу з Адольфам Гітлерам.

Гітлер памёр. Фюрэр Трэцяга Рэйху атруціўся разам з Евай Браўн і аўчаркай Блондзі. Але вусатыя істэрычныя вобразы нікуды не падзеліся: яны захраслі ў бункеры, стаіліся на задворках культуры — і час ад часу заяўляюць пра сябе скандальнымі правакацыямі з любоўным падтэкстам.

Самы паказальны прыклад — вэрхал у Германіі вакол сацыяльных ролікаў, прысвечаных СНІДу. Ролік — па сённяшніх маральных мерках — звычайны. Легкадумная асоба прыводзіць да дому кавалера, які ўсяляк прагне яе. Ногі, рукі, скінутыя шаты. Калі мілошчы даходзяць да піку, нам паказваюць твар спакушальніка — Гітлера, — які апантана заняты справаю. З’яўляецца надпіс: «СНІД — масавы забойца!»

ВІЧ-інфікаваныя ўголас абураліся: віртуальны сэкс з фюрэрам, няхай у папераджальна-застрашвальных мэтах, — гэта гнюснае вычварэнне, якое абражае іх гонар і годнасць.

Кампанію Адольфу Гітлеру ў антыСНІДаўскай рэкламе склаў Сталін, які таксама заражаў няшчасных хворых у другім сацыяльным роліку; але ягонае з’яўленне без парткоў не выклікала такога абурэння ў нямецкіх бюргераў.

Два дыктатары ўжо аднойчы былі «салодкаю парачкай». Па падпісанні пакту Молатава-Рыбентропа ў амерыканскай газеце «Вашынгтон Стар» з’явіўся твор Кліфарда Бэрымана, прысвечаны знакавай падзеі. Жаніх-фюрэр вядзе да алтара нявесту — Сталіна ў шлюбнай сукенцы, які ззяе ад шчасця. Малады — сама ўважлівасць і элегантнасць. У руках вусатай маладой — букецік з кветкамі. Святочны торцік у кутку малюнка ўпрыгожаны свастыкамі і сярпом з молатам. «Цікава, колькі падоўжыцца мядовы месяц?» — задае нетактоўнае пытанне аўтар карыкатуры.

У хуліганскім фільме 1971 года «В.Р. — Містэрыя арганізму», пастаўленым Душанам Макавеевым, фюрэр і бацька знітаваныя ў мантажы з сэксуальнымі экстазамі і крыкамі вар’ятаў, але мужчынскую партыю вядзе Гітлер. А ў апавяданні Юрыя Нагібіна з цыклу «Каханне павадыроў» Сталін хавае ў ложку партрэт Адольфа.

Як ні дзіўна, Сталін быў не супраць такога сямейнага раскладу. Калі Рыбентроп перадаў яму палкае прывітанне: «Хайль Гітлер!», то павадыр паступіў як добра адукаваная дама — зрабіў глыбокі кніксэн.

Затое сюррэаліст Сальвадор Далі бачыў у Гітлеры жанчыну — і шалеў ад шчасця: «Я быў цалкам зачараваны мяккай, пульхнай спіной Гітлера, якую так добра абліпаў нязменны тугі мундзір. Кожны раз, калі я пачынаў маляваць скураную партупею, якая ішла ад рамяня і, нібы шлейка, абдымала процілеглае плячо, мяккая падатлівасць гітлераўскага цела, што праступала пад ваенным кіцелем, прыводзіла мяне ў сапраўдны экстаз. Пульхнае цела Гітлера, якое ўяўлялася мне найбоскім жаночым целам, абцягнутым бездакорна беласнежнай скурай, рабіла на мяне нейкі гіпнатычны ўплыў».

Далі, які выдатна прадаваў скандалы, зрабіў са сваёй яўнай ці прыдуманай пяшчоты да фюрэра чарговы гандлёвы брэнд, растыражаваны ў карцінах.

А вось герою камедыйнае кінастужкі Іржы Менцэля «Я абслугоўваў англійскага караля» не пашанцавала. Ягоная жонка — зацятая нацыстка, якая салютуе партрэту фюрэра ў шлюбную ноч; а ў сама адказны момант яе твар пераўтвараецца ў фюрэрскі (што маладога не радуе).

У больш зручныя абставіны трапіў «Саламон з Гітлер’югенду» (фільм вядомы як «Еўропа, Еўропа»; і пастаўлены ён па рэальных успамінах). Хлопчыка спакусіла нацысцкая чыноўніца, уявіўшы сабе, што гэта Гітлер.

Непрыхаваную пажаду да фюрэра дэманструе скінхэд у карціне «Дагала» манернага авангардыста (і па сумяшчальніцтве гей-парнографа) Бруса ЛяБруса. Голены акцёр-недарэка проста задавальняецца на партрэт куміра.

Але звычайна віртуальны сэкс з фюрэрам не такі адкрыты. Ён абмяжоўваецца яўнай — а часцей піярнай — прыязнасцю і сімпатыямі, што для скандалу з «прэзідэнтам і канцлерам» зусім дастаткова. Апошняй ахвярай такога вэрхалу стаўся Ларс Трыер, які няўдала паздзекаваўся з журналістаў, якія на канскай прэс-канферэнцыі задавалі яму тупыя пытанні.

Гітлер, ад якога прагнулі зацяжарыць фройлян Трэцяга Рэйху, згарэў амаль 70 гадоў таму. Але бурны віртуальны сэкс з гэтай асобай сведчыць, што стод дасюль не спалены. Ён стаіўся і чакае чарговых палкіх заўзятараў.
 

Каментаваць