Ваяўнічая metal-ambient зіма і містэрыя чатырох сезонаў (фота)

На фестывалі MARTIAL WINTER у «Бруге» 20 студзеня сышліся розныя па стылістыцы гурты, аб’яднаныя канцэпцыяй паказу ваяўнічага гонару сродкамі музыкі. Усе яны граюць у Мінску нячаста, нават не штогод. Публіка чакала музычных адкрыццяў. І яна іх атрымала.
Фота: Павел Аксіновіч

Фота: Павел Аксіновіч

У “Бруге” я заходзіла падчас выступу Diabolizm і, шчыра кажучы, чакала паўпустога клуба. Пачатак мерапрыемства быў ранні, 17.00, у працоўную суботу… Але ўжо а палове на шостую клуб быў запоўнены сярэдняй для мерапрыемстваў, на якіх прынамсі я тут бываю, колькасцю людзей. Міжволі падумалася “Ого! Што ж будзе ў канцы, на выступе Pragnavit?”. Забягаючы наперад, падчас канцэрту наведвальнікаў істотна не дадалося. Народ збольшага проста дысцыплінавана прыйшоў на самы пачатак канцэрта.

Фота Павел Аксіновіч

Фота Павел Аксіновіч


Diabolizm – самы малады гурт з усіх выступоўцаў, яму няма і двух гадоў. 20 студзеня адбыўся яго дэбютны канцэртны выступ. Арганізатары паведамілі наступнае: “Свежая кроў у беларускіх цёмных шэрагах. Гурт спалучае ў сваёй творчасці класічны сыры блэк з тэмамі самаўдасканалення, філасофіі і космасу ў лірыцы”.

Публіку гурт разагрэў ладна, пару самых адданых фанатаў ужо пачалі трэсці хайрам, астатнія пакуль лянотна пагойдваліся. Вакаліст Diabolizm з’явіўся на сцэне з бэк-вакалам і падчас выступу Piarevaracień. Вакаліст жа апошняга, у сваю чаргу, граў у складзе Diabolizm на гітары.


Стыль Osterweg я б вызначала як ethno ambient, арганізатары MARTIAL WINTER – neofolk, арганізатары наступнага канцэрта гурта ў Віцебску – kryvian folk-ambient, сам гурт піша ў сацсетках “музычны праект, арыентаваны у сваёй творчасці на амбіентальна фолькавае гучанне, які не прэтэндуе на аўтэнтычнасць, сярэднявечнасць і кананічнасць”. Выступ Osterweg уяўляў сабой дуэт дудара з фэнтэзі-інструментам і музыкі з разнастайнымі духавымі, што гралі на фоне запісанай падложкі з ваўчыным завываннем ды гукамі навальніцы. Дудар Osterweg і лідар Pragnavit, што далучыўся да гурта на песні “Тваіх валкоў мы клічам” эпатавалі публіку аголеннымі торсамі. Прыхільнікі нават завяліся да сапраўдных танцаў: некалькі чалавек, знаёмых па вечарынах на Карчы і Дударскім клубе, танчыла Андро. Шмат хто прыйшоў на канцэрт паслухаць менавіта Osterweg, лідар якога вядомы шырокай публіцы яшчэ па колішнім гурце Apraxia.


Alfar гучаў драйвова, слэм быў люты. Гурт паведамляе ў сацсетках: “створаны ў 2014 г. як one-man праект, адразу выпусціў дэбютны альбом “Across the Northern Storms”. Праз год на SoundAge prod. выходзіць другі альбом “Twilight of the Gods”, на гэты момант гурт ужо мае сфармаваны склад і напрыканцы 2015-га распачынае канцэртную дзейнасць. Стыль гурта вызначаецца як melodic death metal з уплывам viking metal”. За 2 гады гастроляў Alfar толькі 2 разы выступаў у Мінску, сваім родным горадзе, і быў вельмі рады выступіць зноў. Лірыка гурта прысвечаная скандынаўскай міфалогіі. Мне выступ Alfar падаўся вельмі атмасферным, я адчула і лютую ваяўнічасць, і няўхільнасць Рагнароку, і прагу вандровак (недарма ж вікінгі адкрылі Амерыку!). Дарэчы, апошняя кніга вялікага вандроўніка і даследчыка Тура Хеердала завецца “Па слядах Одзіна” і даводзіць паходжанне насельнікаў скандынавіі з Каўказу. Так што, магчыма, продкі вікінгаў праходзілі праз нашы землі значна раней, чым іх нашчадкі ўсталявалі шлях “з варагаў у грэкі”.


Наконт стылістыкі Piarevaracień таксама няма адзінства. Арганізатары MARTIAL WINTER напісалі folk/black metal, сам гурт піша pagan… Piarevaracień выканаў песні з альбому “У пошуку пачатку тых шляхоў” пра СБМ і БКА, Слуцкі збройны чын і… бітву пры Сталінградзе. Такая вось спроба ўпісаць савецкі перыяд у беларускі гераічны наратыў. Новая песня гурта прысвечаная чылійскаму пісьменніку, “паэту чорнага сонца”, дону Мігелю Серана. На пачатку другой прэм’еры прагучаў верш пра Браслаўскія азёры. Пад сцэнай з’явілася актыўная група падтрымкі з удзельнікаў гурта “Камаедзіца” ў ці-шотках "I'm from Kamaedzitca, I can do what I want” і арганізавала дзічайшы слэм.


Pragnavit (ritual ethnic dark ambient), як і распавядаў яго лідар у інтэрв’ю “Новаму часу”, зладзіла на сцэне сапраўдную містэрыю, у цікавых вобразах, з рытуальнымі атрыбутамі і насычаным відэашэрагам.
Чытайце таксама

«Пакуль у свядомасці БССР, пра «велічныя літвінскія вільні» марыць смешна»


Сцэна была ўпрыгожаная рагатымі чарапамі, шлемам і мячамі, відэашэраг і само дзеянне ўтрымлівалі столькі сімволікі, што кожны мог інтэрпрэтаваць залежна ад свайго вопыту і пачуццяў. Я пабачыла на сцэне ўвасабленні чатырох сезонаў: сівога дзеда-Зіму, дзяўчыну-Вясну, Лета з яго жарсцю і кульмінацыяй сонечнага году на Купалле, Восень з чалавечым чэрапам на посаху як сімвалам памірання прыроды… Толькі святло замінала, кіслотна-сіняе з чырвоным. Падалося, што канцэпцыі, вобразам лепш бы адпавядаў які зялёны прыродны колер ці белы, зімовы. Лета спусцілася на танцпляц і мазала публіку імітацыяй крыві з чашы. Працінала да самых костак: быццам бы сляпы персанаж (а слепата ў традыцыйнай культуры беларусаў сімвалічна суадносіцца з Тагасветам і лёсавызначальным выбарам), які дабраслаўляе крывёй…Словы “Кроў і глеба” гучалі і са сцэны. Як і “Жыве Крыўя!”.

Фота Павел Аксіновіч

Фота Павел Аксіновіч


Удзельнікі MARTIAL WINTER Osterweg і Piarevaracień выступяць у Віцебску 10 лютага на фестывалі PAGAN WINTERSTORM III.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • А.
  • 2018-01-21 21:24:47
Безумоўна атмасфэрна, але гэтая шана да "пэатаў чорнага сонца" і іншых нацыстаў, на жаль і самі некаторыя музыкі адтуль з'яўляюцца гэткімі "паэтамі", што руйнуе насалоду ад даволі цікавай музыкі ў стылі этна-эмбіэнт, што для Беларусі даволі такі рэдкасць.
  • Беобахтер
  • 2018-01-21 22:34:41
Конкретная такая около-правая туса. Только Альфар был не в этой теме. А так можно было увидеть живьем почти весь правый бомонд. Только что не зиговали.
  • Нацыяліст
  • 2018-01-21 22:59:31
Што дрэннага ў правых? Чаму ім нельга зьбірацца і ладзіць свае канцы? Вы жадаеце парушаць правы чалавека? Нейкія падвоеныя стандарты: левакам тусіць можна, а нам не?
P.S. я супраць нацыянал-сацыялізму, свастыкі, але парушаць правы нацыялістаў/фашыстаў (не радыкальных) нельга!
  • Алена Ляшкевіч
  • 2018-01-22 16:27:11
Імідж свастыкі, канечне, папсаваны ў ХХ стагоддзі, але ж гэта проста сімвал сонца, выкарыстоўваецца ў традыцыйнай вышыўцы, у тым ліку беларускай, аздобе індыйскіх храмаў...
  • А.
  • 2018-01-23 07:59:08
Вось ці ведаеце, гэта можа быць проста сімвал сонца з папсаваным іміджам, але цікавая заўвага: тыя, хто карыстаюцца гэтым сімвалам у большасці выпадкаў з'яўляюцца "папсавацелямі іміджу". Гэта датычыцца "белага свету", дзе гуляюць у эзатэрыку і неапаганства.
  • Б.
  • 2018-01-23 14:47:48
Где вы, автор, нашли, что это символ солнца? В популярной литературе? Фантазёрка.
  • Алена Ляшкевіч
  • 2018-01-22 16:30:05
Падкажыце, калі ласка, а нерадыкальныя фашысты - гэта як?
  • Ненацыяналіст.
  • 2018-02-08 18:12:17
Няхай збіраюцца і пяюць што хочуць, але навошта Новаму Часу піярыць гэтую брыдоту?

Што дрэннага ў правых? Тое што яны заклікаюць да забойстваў, дыскрымінацыі і расавых чыстак. Не ведаю што вы маеце на ўвазе пад "левакамі" але нешта я не бачыў у беларускіх анархістаў\антыфашыстаў заклікі да разні, як і напады на людзей за іншы колер скуры.
  • Ала
  • 2018-01-23 22:30:23
"Только что не зиговали".
Думаешь? :)
  • Б
  • 2018-01-22 02:02:19
Автор(ша) непрофессионально описала. Кому интересны ее личные фантазии? Как отчёт на третьесортном сайте. Где прямая речь участников и зрителей?
  • Алена Ляшкевіч
  • 2018-01-22 16:29:07
Дзякуй за заўвагу!
Можна было б, напэўна, узяць нейкія каментары, але калі музыкі граюць, а слухачы адпачываюць,то здаецца, што ім зусім не да журналістаў. Што да прамоўленнага са сцэны, то збольшага перададзена ўскоснай мовай.
  • Алена Ляшкевіч
  • 2018-01-22 16:35:53
І адна цытата, што прагучала са сцэны, усё ж ёсць, пра "паэта чорнага сонца"
  • Кірзавы martial
  • 2018-01-27 12:13:29
Хацелася схадзіць на Pragnavit, але іншая тусоўка адразу паказала накіраванасць таго, што было пададзена пад сціпленькай назвай martial. Ведаю я гэты martial. Відаць, яшчэ не павырасталі. Усё гуляюцца яшчэ ў цацкі. Добра, што хаця б галовы ня ўсе пагалілі. Прагрэс.
  • Алена Ляшкевіч
  • 2018-01-27 12:46:43
Вось мяне рознароднасьць правых таксама цікавіць. Можа, нават будзе на гэты конт артыкул. Сачыце за навінамі!

Каментаваць