Вайна: погляд сведак і нашчадкаў

Днямі па беларускім тэлебачанні дэманстравалася перадача пра творчасць Андрэя Кудзіненкі, у прыватнасці фільм «Акупацыя. Містэрыі». Гутарка вялася пра тое, што вайна ставіць людзей у розныя складаныя сітуацыі, прымушаючы індывідуальна ўспрымаць паняцці «вораг», «здрада», «перамога». У кожнага свая вайна, яе досвед індывідуальны. На фоне пастаўленых на катурны пампезных святкаванняў, да якіх краіну прывучылі апошнімі гадамі ў прамежак часу паміж 9 мая і 3 ліпеня, шчырасць гутаркі на вечныя тэмы прыцягвала ўвагу.



Днямі па беларускім тэлебачанні дэманстравалася перадача пра творчасць Андрэя Кудзіненкі, у прыватнасці фільм «Акупацыя. Містэрыі». Гутарка вялася пра тое, што вайна ставіць людзей у розныя складаныя сітуацыі, прымушаючы індывідуальна ўспрымаць паняцці «вораг», «здрада», «перамога». У кожнага свая вайна, яе досвед індывідуальны. На фоне пастаўленых на катурны пампезных святкаванняў, да якіх краіну прывучылі апошнімі гадамі ў прамежак часу паміж 9 мая і 3 ліпеня, шчырасць гутаркі на вечныя тэмы прыцягвала ўвагу.

Менавіта такі гуманістычны і прыватны тон дачынення з гледачом вылучае выставу «65 год Вялікай Перамозе», якую прапануе наведаць з 6 мая па 12 ліпеня Нацыянальны мастацкі музей краіны. Супрацоўнікі аддзелаў сучаснага рускага і беларускага мастацтва экспанавалі на галерэі музея каля 100 твораў жывапісу, графікі і скульптуры са сваіх калекцый, што амаль пазбаўленыя няшчырасці афіцыёзнага «апладысментнага» стылю. Няма звыклых прапагандысцкіх вобразаў: лунання сцягоў, парадных маршаў, урачыстых сустрэч — ёсць штодзённае жыццё, яго пранізліва натуральны, як у люстэрку, адбітак, і ёсць высокі ўзровень мастацтва.

Экспазіцыю збіралі, абвясціўшы галоўнымі крытэрыямі якасць твораў і шчырасць выяўленага ў іх пачуцця — экстрэмальнай атмасферы вайны было цалкам дастаткова, каб справакаваць яго без штучных намаганняў. Галоўнае, што адчуць рэаліі эпохі дазваляюць творы, якія ўзніклі ў гады вайны і першыя паваенныя часы — палову экспазіцыі займае мастацтва 1940-х. Канон апявання батальнага подзвігу яшчэ не склаўся і канчаткова не «забранзавеў». А дух часу ажываў не абавязкова ў сюжэтных сцэнах, эмацыйна пульсуючы нават у нацюрмортах і краявідах. Калючы «Чартапалох» (1942) Васіля Якаўлева, дзе чырвоныя ніты дыванка, на якім стаіць ваза з раслінай, ззяюць, як кроплі крыві. Шэрая, халодная і непрытульная маскоўская «Зіма» (1944) Мікалая Крымава. І абсалютна змененыя, мажорныя фарбавыя сімфоніі праз некалькі месяцаў — як прадчуванне хуткай перамогі — у краявідах Аляксандра Асмёркіна («Загорск. Троіца-Сергіеўская лаўра», 1944) і Фёдара Мадорава («Уладзімір. Раніца. Май 1945»).

Надзвычай цікавыя як мастацкай якасцю, так і сваёй фактурай, адлюстраваным прадметным светам у гэтай частцы — творы беларускага зместу. Нечаканая гуаш Міхася Філіповіча (1896–1948) «Кавалерыйская атака. Разгром немцаў пад Масквой», як цытата з рамантычных батальных сцэн ХІХ стагоддзя з удалымі паўстанцамі на конях — поўная лінейнай экспрэсіі і выразнасці колеру: талент Філіповіча выяўляецца і ў маленькім абразку. Надзвычай каштоўная дакументалістыка першых год вызваленага ад фашыстаў Мінска — блізкія кожнаму мінчуку вобразы плошчы Свабоды (Анатоль Какорын, «Мінск. Палонныя немцы», 1944) і цэнтральных праспектаў і вуліц у час адбудовы (графіка Ганны Самайлоўскіх, палатно трыццацігадовага Віталя Цвіркі). Не зусім звыклай для наведвальніка юбілейнай ваеннай выставы падасца тэма звычайнага штодзённага жыцця ў глыбокім тыле, у эвакуацыі — выдатны каларыстычны абразок «Вуліца ў Тбілісі» (1942) Леаніда Туржанскага.

Асобна звернем увагу на выдатную мастацкую якасць значнай часткі экспанаваных твораў — трыпціх «Будаўнікі» (1947) Юрыя Піменава, «Бэз на вакне» знакамітага майстра нацюрмортаў Пятра Канчалоўскага, з беларускіх мастакоў — пранізлівая экспрэсіўная кампазіцыя «Макі» (1968) Мікалая Залознага. Апошняя ўключаецца ў наступную тэматычную групу — аповедаў паваеннага пакалення пра вайну, прадстаўленых работамі мастакоў, якія здолелі раскрыць тэму шляхам тонкага эмацыянальна-паэтычнага абагульнення. Такімі, як асветленая чырванню сонца на захадзе «Зямля» (1971) Віктара Грамыкі, пераведзены ў фармат карціны салдацкі фотаздымак «Вярнуліся» (1985) Мікалая Селяшчука альбо групавы сямейны партрэт «Светлая памяць» (1984) Леаніда Шчамялёва. Час мінае, даводзячы слушнасць уключэння лепшых карцін юбілейных выстаў да 30-ці і 40-годдзя Перамогі ў залаты фонд беларускага мастацтва.

Аўтары экспазіцыі вылучылі яшчэ адну тэматычную групу, уключыўшы ў яе працы беларускіх мастакоў, удзельнікаў вайны, — Барыса Аракчэева, Аляксандра Казлоўскага, Івана Дмухайлы, Паўла Масленікава. Іх творы не абавязкова звязаныя з ваенна-батальнай тэматыкай: даніна павагі пакаленню, якое засталося верным творчай прафесіі насуперак выпрабаванням часу. Побач з гэтай групай — некалькі ранніх узораў таго, як выкрышталізоўваўся абагульнены, а пазней кананічны, штампаваны вобраз перамогі ў вайне, названай Вялікай Айчыннай. Шматфігурныя, пафасныя кампазіцыі Яўгена Зайцава («Пахаванне героя», 1945) і Паўла Гаўрыленкі («Пераправа», 1945).

Разнастайнасць і рознааспектнасць бачання тэмы і погляд на з’яву праз прызму мастацкага дакумента — такое ўражанне пакідае выстава, цікавая тым, што дае магчымасць рабіць уласныя высновы. Не павучаючы, даючы аналізаваць, суперажываць і атрымліваць эстэтычную асалоду.
 

Каментаваць