Вакацыі прафесара Нільса

Як дамагчыся беларускага Нобеля па літаратуры? Любы пісьменнік раней ці пазней сутыкаецца з сяброўскім пажаданнем або журналісцкім пытаннем, датычным Нобелеўскай прэміі. Ці марыце вы атрымаць яе, калі не, то чаму, а калі так — то памагай Божа! Нібы толькі гэтая знакамітая ўзнагарода можа прымірыць навакольных з фактам, што ты нешта там пішаш, давесці ім, што ты чагосьці варты.

 



Але, што тычыцца мяне, мае мары і памкненні, звязаныя з запаветным Нобелем па літаратуры, крыху іншыя, чым у многіх маіх калег па пяры. Мая мара — не атрымаць Нобеля. Мая мара — вырашаць, хто яго атрымае.

Я і прафесар Нільс

Таму што мара — яна на тое і мара, каб быць недасяжнай. Бо — чыста тэарэтычна — Нобель можа здарыцца з любым чалавекам у свеце. Значна меншая колькасць людзей мае шанец стаць сябрам Шведскай акадэміі, васямнаццаць акадэмікаў якой праводзяць паўгода ў чытанні добрых кніжак, апантана спрачаючыся, хто з намінантаў найбольш варты. У сваіх марах я ўяўляю сябе не Дорыс Лесінг ці Мо Янем. У сваіх марах я — які-небудзь абстрактны прафесар Нільс — сівы гісторык літаратуры, акадэмік.

Мара ператварыцца ў прафесара Нільса з’явілася ў мяне адносна нядаўна, калі па волі лёсу мне давялося падрабязна вывучыць парадак вылучэння пісьменніка на Нобелеўскую прэмію.

Нескладаная бюракратычная працэдура пасяліла ўва мне сур’ёзныя сумневы: а ці разумеюць беларускія аналітыкі ад культуры, наколькі нерэальны на сёння беларускі літаратурны Нобель? Ці ўсё-ткі «нобелеўскі ажыятаж», які распачынаецца ў кастрычніку ў айчынных СМІ — гэта свядомае запаўненне інфармацыйнага поля фальшывай надзеяй на лепшае? Гэткі наўмысны самападман?

Падставай для сумневаў паслужыў сусветна вядомы дакумент — назаву яго Парадак прэміі, апублікаваны на сайце svenskaakademien.se. Як паказалі некаторыя мае міжнародныя знаёмствы, дакумент гэты літаратурныя функцыянеры свету ведаюць фактычна напамяць.

Учытаемся ў яго і мы.

Таямнічыя намінанты

Паводле Парадку прэміі, самога сябе намінаваць на Нобеля немагчыма. Нобелеўскі камітэт, які выбіраецца, не раўнуючы як той парламент, на тры-чатыры гады і складаецца з чатырох-пяці сакратароў, прымае да разгляду заяўкі на намінацыю таго ці іншага літаратара, падпісаныя аўтарытэтнымі персонамі. Такімі, паводле Парадку, ёсць чатыры групы асобаў. Міма першых дзвюх пралятаем — сярод беларусаў няма сябраў Шведскай Акадэміі і (пакуль што) Нобелеўскіх лаўрэатаў. Такім чынам, засталіся дзве групы «літаратурных аўтарытэтаў» — гэта шэфы пісьменніцкіх арганізацый (у Беларусі на сёння, у алфавітным парадку — Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Мікалай Чаргінец) і, у перакладзе на нашыя рэаліі, дактары філалагічных навук, працаўладкаваныя ва ўніверсітэтах (даслоўна — «прафесары мовы і гісторыі літаратуры з універсітэтаў і ўніверсітэцкіх каледжаў»).

Намінацыйныя паперы мусяць прыйсці ў Стакгольм да 31 студзеня кожнага года. Перш, чым даслаць запаветную тэчку ў Шведскую акадэмію, трэба прычакаць афіцыйнага запрашэння. Надрукаванае на прадстаўнічай паперы з цісненнем, яно сягае акрэдытаваных шведамі асобаў у кастрычніку або лістападзе. Гэта — сігнал, што можна.

Далей — справа тэхнікі: біяграфія і бібліяграфія намінанта па-англійску, а таксама матывацыйны ліст, які тлумачыць, чаму намінант варты прэміі) з подпісам «аўтарызаванага аўтарытэта». Недзе перад Новым годам заяўку варта выправіць у Швецыю.

Мінае Новы год. І, па беларускай традыцыі, адбываецца грубае парушэнне нобелеўскага Парадку, паводле якога «намінацыя — справа абсалютнай сакрэтнасці як з боку асобы, якая намінуе, так і з боку Нобелеўскага камітэту».

Варта прыгадаць гучныя загалоўкі нашых зімовых навінаў: «Пісьменнік N. намінаваны на Нобелеўскую прэмію». З гледзішча арганізацый, якія паважаюць Парадак, такія абвесткі гучаць некарэктна і нават правінцыйна.

Літаратурныя чысткі

Але вось заяўка сягнула Стакгольму. І тут на сцэну выходзіць ён — прафесар Нільс, скажаце вы. Але трасцы! Прафесар Нільс святкуе Каляды. Або піша свае літаратуразнаўчыя эсэ. Або катаецца з унукамі на санках, або адпачывае ў цёплых краях. Заяўка трапляе ў Нобелеўскі камітэт, дзе дбайна апрацоўваецца.

Вось дзе-дзе, а ў Нобелеўскім камітэце я працаваць не хацела б. Бо сакратарам спачатку трэба даслаць 600–700 запрашэнняў ва ўсе бакі свету, потым адказаць праз мэйл на шматлікія пытанні з розных краінаў, потым за кароткі час верыфікаваць прыкладна 350 заявак. Адсеяць падпісаныя «неаўтарытэтамі». Потым — скласці ліст намінантаў.

З улікам таго, што некаторых аўтараў прапануюць адразу некалькі аўтарытэтных асобаў, у такі спіс трапляе да 200 пісьменнікаў. «Вядома ж, калі аўтара А. прапанавала толькі адна асоба, а аўтара X. — дваццаць, гэта дадае аўтару Х. дадатковай вагі», — пераконвае мяне мэйл з Нобелеўскага камітэту.

Шведская Акадэмія зацвярджае папярэдні ліст з 200 намінантаў і вяртае яго сакратарам прэміі.

І вось тут пачынаецца самае непрыемнае для беларусаў. Нобелеўскі камітэт з дапамогай сваіх экспертаў пачынае крэсліць папярэдні ліст, і яго большая частка адсейваецца адразу ж.

Выкрэсліваюць навуковыя працы, а таксама «папсу» — аўтараў кніг з вялікімі накладамі, але сумнеўнай літаратурнай якасцю. І — самае непрыемнае для беларусаў — выкрэсліваюць аўтараў, «намінаванне якіх магло быць выкліканае любымі іншымі прычынамі, апроч мастацкіх — палітычнымі, нацыяналістычнымі або ідэалагічнымі».

Паводле маіх назіранняў, беларускія ініцыятывы па высоўванні суайчыннікаў на Нобеля адбываюцца менавіта па палітычных, нацыяналістычных або ідэалагічных прычынах.

І ў гэтым, дарэчы, галоўная прэтэнзія, якую высоўвае Шведскай Акадэміі свет. Ці магчыма ўвогуле разглядаць літаратуру ў адрыве ад грамадскіх працэсаў, ад тэндэнцый сучаснасці, як «рэч у сабе»? Калі аўтар піша хораша, але гэта непатрэбна нікому, апроч прафесара Нільса, — у чым тады сэнс?

Але тут Шведская Акадэмія можа апеляваць да іншага важнага дакумента — тэстамента Альфрэда Нобеля. Паміраючы, прамысловы магнат пастанавіў, што прэмія па літаратуры будзе ўручацца «аўтару найбольш выбітнага літаратурнага твору». На ўсе астатнія гуманітарныя выпадкі ён прыдумаў Нобелеўскую прэмію міру.

Казус Набокава

Нельга не звярнуць увагі і на папярэджанне Шведскай Акадэміі адносна добра прадаванай у свеце літаратуры. Бо любы тэарэтык (і мой прафесар Нільс — першы сярод іх) пацвердзіць: масам не можа падабацца сапраўды якаснае. Спрачаемся, Уладзімір Набокаў быў абдзелены ўвагай Ноблеўскага Камітэта праз поспех «Лаліты», якая зрабіла яго пісьменнікам, культавым у свеце. Гэтак жа даўнія фаварыты букмекераў Боб Дылан, Умберта Эка і Харукі Муракамі — хутчэй вечныя намінанты менавіта праз празмерную чытацкую ўвагу да іх.

З поспехам «вечных намінантаў» можна параўнаць і высокія стаўкі ў букмекерскіх канторах пісьменніцы Святланы Алексіевіч — упершыню ў яе кар’еры. Рэч у тым, што менавіта апошні год і менавіта верасень-кастрычнік 2013-га — вельмі паспяховы для Алексіевіч на заходнім рынку літаратуры. Ён звязаны з папулярнасцю яе кнігі «Час сэканд-хэнд» у Нямеччыне і Швецыі. Пры тым, што на момант намінацыі 31 студзеня кнігі яшчэ не было — а, паводле Парадку, намінаваць аўтара можна толькі за кнігу, якая выйшла друкам. Такі вось парадокс, абумоўлены поўнай адсутнасцю сувязі паміж прафесарам Нільсам і рэштай свету.

І, каб скончыць з Алексіевіч, верагодны Нобель якой яшчэ тыдзень таму давёў беларускую медыйную прастору да экстазу. Яе дакументальная проза — праца на мяжы літаратуры, найшоўшай гісторыі і антрапалогіі. І менавіта літаратурны складнік яе кніг, якія маюць вялікую папулярнасць у Еўропе — не наймацнейшы. А прафесар Нільс, як дыктуюць яму тэстамент Нобеля і традыцыі Шведскай Акадэміі — аматар чыстай, без дамешкаў літаратуры. Такі вось гурман.

Як прайсці ў бібліятэку

Я думаю, прафесар Нільс далучаецца да працы Нобелеўскага канвееру недзе напрыканцы сакавіка. У паветры Скандынавіі нарэшце пачынае пахнуць вясной, на носе светлы Вялікдзень — і настрой у прафесара Нільса самы святочны. Задача шматлікіх нобелеўскіх экспертаў на гэтым этапе — выкшталтаваць лонг-ліст прэміі з прыкладна 15–20 прозвішчаў.

На гэтым этапе прафесар Нільс — часты госць Нобелеўскай бібліятэкі. Установы, у якую з усяго свету сцякаюцца кніжныя навінкі як на мове арыгіналу, так і ў перакладах. Бібліятэка — асноўны рэсурс, якім кіруецца Шведская Акадэмія.

Хоць у Парадку прэміі ясна прапісана, што, зацікавіўшыся пісьменнікам, эксперты Камітэту самастойна арганізуюць пераклад патрэбных твораў на даступныя прафесару Нільсу мовы, здаровы сэнс падказвае іншы расклад. Якасныя і адэкватныя арыгіналу пераклады прыхільнікам пісьменніка трэба забяспечваць самім, і вельмі загадзя.

Перад тым, як намінаваць вартага літаратара на Нобелеўскую прэмію, пажадана даслаць у Нобелеўскую бібліятэку некалькі асобнікаў розных выданняў яго твораў як доказ значнасці аўтара ў свеце. І, пажадана, у некалькіх асобніках, каб не выйшла так, што прафесар Нільс змагаецца з прафесарам Б’ёрнам за права прачытаць адзіны наяўны ў Нобелеўскай бібліятэцы асобнік геніяльнай кнігі.

І тут вынікае чарговы канфуз з беларускімі намінантамі. Так, на момант намінацыі на Нобеля Уладзіміра Някляева ў 2012 годзе ў каталогу бібліятэкі на сайце nobelbiblioteket.se не значылася ніводнай яго кнігі. Цяпер значыцца адна — зборнік «Окно» ў перакладзе на рускую мову. Лепш ідуць справы з іншым колішнім намінантам ад Беларусі — Рыгорам Барадуліным — 8 пазіцый, у тым ліку даступныя пераклады яго паэзіі на польскую і англійскую мовы.

Святлана Алексіевіч — 26 пазіцый на рускай, англійскай, нямецкай, шведскай, французскай мовах. Алесь Разанаў — чатыры пазіцыі па-беларуску і па-нямецку. Гульню з пошукам ахвочыя могуць працягваць бясконца.

Пры тым, што Нобелеўская бібліятэка існуе не толькі дзеля прэміі (хоць і дзякуючы ёй). Яна даступная шырокаму колу чытачоў і ўспрымаецца спецыялістамі як адна з самых поўных у свеце датабаз мастацкай літаратуры.

Шведская акадэмія

Кніжнае лета

Самы салодкі момант у працы Нобелеўскага камітэту — канец траўня. Тады шведскія гуманітарыі калегіяльна афармляюць шорт-ліст прэміі з пяці-шасці прозвішчаў. Не зацікаўленыя ў розгаласе ці шоў, яны па-ранейшаму працягваюць трымаць імёны намінантаў у сакрэце і нават прыдумляюць ім сакрэтныя мянушкі (з таго, што вядома — Гаральд Пінчар фігураваў як «Гары Потэр»). Прыдумляць мянушкі пісьменнікам, безумоўна — любімы занятак прафесара Нільса.

Пасля гэтага, пішацца ў Статуце, акадэмікі выпраўляюцца на вакацыі са спісам літаратуры на лета. Іх задача — азнаёміцца з творчасцю пяці намінантаў, каб прагаласаваць за аднаго з іх увосень.

Я жыва ўяўляю сабе летні адпачынак прафесара Нільса. У загарадным дамку, пафарбаваным у сурык, ён сядзіць на падворку, які толькі што абкасіў газонакасілкай, і выконвае «хатняе заданне». Чытае кнігі.

Паміраючы, прафесар Нобель хацеў зрабіць нейкую добрую справу, за якую б яго вечна памяталі нашчадкі. Таму ён перапісаў тэстамент, загадаўшы ператварыць усю сваю рухомую і нерухомую маёмасць у капітал і абарачаць яго так, каб аўтарытэтныя навуковыя ўстановы Швецыі Нарвегіі штогод распараджаліся сумай, дастатковай для пяці (цяпер — шасці) шчодрых грашовых узнагародаў. Такім чынам, ужо стагоддзе як Нобелеўская прэмія мае дастатковае фінансавае забеспячэнне і не залежыць ад прамысловага, выдавецкага ці палітычнага лобі. Гэта справа купкі навукоўцаў, якія выконваюць апошнюю волю «дынамітнага караля» — а значыць, кіруюцца ідэаламі гуманізму, уласцівымі людзям у канцы ХІХ стагоддзя. І таму ў пачатку стагоддзя ХХІ яны, як выглядае, не супадаюць з актуальнымі ім рэаліямі. Ім і не трэба супадаць. І ў гэтым я страшэнна зайздрошчу прафесару Нільсу. Бо сёння гэты высокаадукаваны спадар кіруецца толькі ўласнымі ведамі і густам, за якія яго будуць судзіць праз паўстагоддзя, калі, паводле Парадку, рассакрэцяць архівы.

Вялікі літаратурны калайдар

Беларуская літаратура існуе на кніжнай мапе Еўропы і заўважная ў суседніх краінах, у тым ліку праз перамогі ў прэміях: прэмія «Еўрапейскі паэт свабоды» для Уладзіміра Арлова ў 2010 годзе, шведская прэмія Курта Тухольскага для Уладзіміра Някляева ў 2011-м, зноў жа, дзве польскія і адна нямецкая прэміі для Святланы Алексіевіч... Але гэта нічога не значыць для беларусаў. Беларусам патрэбны толькі Нобель. Чаму?

Можа, таму, што праз сваю закансерваванасць у часе, незалежнасць ад знешніх фактараў, «Нобелеўка» сама сабой зрабілася знакам якасці? Нейкім сертыфікатам — маўляў, ты дасягнуў поспеху ў сваёй сферы? Маўляў, твая нацыя дасягнула поспеху? Хоць усялякая згадка пра нацыю рашуча супярэчыць ідэі Нобелеўскай прэміі…

У сваёй нястрымнай мары пра Нобеля беларусы забываюць пра тое, што прэміі не даюць за прыгожыя блакітныя вочы і ільняныя валасы. Возьмем нобелеўскіх лаўрэатаў па фізіцы–2013: міжнародная група вучоных атрымала ўзнагароду за тое, што даказала існаванне «часцінкі Бога» — базону Хігса. Навукоўцы тлумачаць, што адкрыццё гэтае грандыёзнае — але звычайнаму чалавеку абсалютна не патрэбнае. Ніякіх новых тавараў і «паляпшайзераў», якія прадставіў бы сусветнаму спажыўцу базон Хігса, на рынку не прадбачыцца. Веда пра гэтую часцінку ўсяго толькі мяняе ўяўленне чалавека пра Сусвет. Адстой — і не кажыце. Пры гэтым пабудова Вялікага адроннага калайдару, з дапамогай якога ў 2012 годзе ўдалося адкрыць гэты самы базон, каштавала Швейцарыі 4,5 мільярда еўра.

Я зазіраю ў вокны нашых універсітэцкіх лабараторый, слухаю прамовы нашых чыноўнікаў ад навукі — і не бачу нават памкненняў фінансаваць інавацыйныя распрацоўкі, якія не прынясуць прыбытку тут і цяпер. І адсюль раблю выснову, што Нобелеўская прэмія не ўваходзіць у прыярытэты беларусаў.

Здавалася б, іншая рэч — літаратура. Пляценне карункаў, прыгажосць, выцягнутая з пустэчы, прарошчаная са смецця — галоўнае не замінаць аўтару і трываць яго творчыя дзівацтвы — на выхадзе гэта ну гарантавана дасць Нобеля. Але і тут для поспеху неабходны які-ніякі, а калайдар.

Нобелеўскі лаўрэат: інструкцыя зборкі

Дык як жа дасягнуць запаветнай мары — беларускага Нобеля па літаратуры?

Па-першае, прэміі па азначэнні не можа выйграць той, каго на яе не намінавалі. Часам здаецца, мы толькі менцім языкамі, замест таго, каб заняцца справай: скласці тэкст па-англійску, даслаць стосік кніг у Стакгольм… Забываемся, што нобелеўскую намінацыю, паводле Парадку, трэба паўтараць штогод «пакуль аўтар не атрымае прэміі або не памрэ». Многія эксперты дваццаць год запар дасылалі заяўкі ў Нобелеўскі камітэт, перш чым іх пратэжэ перамаглі.

Па-другое, мы забываемся, што Нобелеўская прэмія — гэта не Еўрабачанне, не спаборніцтва нацый, а ацэнка найлепшых спецыялістаў у той ці іншай сферы. Таму важна не толькі самім намінаваць свайго аўтара, але і пераканаць іншых у тым, што той ці іншы пісьменнік — выдатны, атрымаць падтрымку міжнароднай супольнасці — у тым ліку і ў выглядзе намінацый. Іначай беларускую заяўку вокамгненна скасуюць за «нацыяналізм».

Па-трэцяе, не маючы дзяржаўнай падтрымкі літаратуры, прарываючыся з беларускага кантэксту ў «свет цэлы», мы ў выніку будзем мець «казус Набокава». Заходнія выдаўцы зацікавяцца толькі тымі беларускімі пісьменнікамі, якія маюць камерцыйны патэнцыял. А камерцыйны патэнцыял — кепска для Нобеля. Спансуючы пераклады нашай якаснай літаратуры на замежныя мовы са сродкаў дзяржавы, прэзентуючы беларускіх пісьменнікаў з выгоднага боку не толькі масаваму чытачу ў іншых краінах, але і міжнароднай акадэмічнай супольнасці, мы раней ці пазней зробім нашых вартых літаратараў прэцэдэнтнымі не толькі ў Беларусі, але і ў свеце.

Бо — што да вакацый прафесара Нільса — я і так штогод маю іх у Беларусі, на дзедавым хутары. Лета, пчолы, ганак пад вінаградам, добрыя беларускія кнігі. Мне — цалкам дастаткова.

Каментаваць