Вакно “Ў” свет сучаснага мастацтва

Пераемніца “Падземкі, новая галерэя “Ў, дзе прапісалася актуальнае мастацтва Беларусі, разгарнула свае першыя праграмныя выставы.

(На здымку: Работа Уладзіміра Цэслера ў экспазіцыі)



Пераемніца “Падземкі, новая галерэя “Ў, дзе прапісалася актуальнае мастацтва Беларусі, разгарнула свае першыя праграмныя выставы.

(На здымку: Работа Уладзіміра Цэслера ў экспазіцыі)


Як і абяцалі яе арганізатары, Валянціна Кісялёва і Ганна Чыстасердава, пераехаўшы ў больш прасторнае памяшканне па праспекце Незалежнасці, 37 А, яны імкнуцца канчаткова разбурыць уяўленне пра мінскія галерэі як месца трывіяльнага гандлю арт-аб’ектамі.

Акрэсленую тэндэнцыю выявіла выстава “Філасофія мас. Беларускі неа-поп арт — першы групавы праект з удзелам 19 беларускіх аўтараў. Сярод стваральнікаў беларускага неа-попу — як улюбёныя ў “падземкаўскія часы Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка, Руслан Вашкевіч, Міхаіл Гулін, Аляксандр Некрашэвіч, Артур Клінаў, Антаніна Слабодчыкава, так і менш вядомыя маладыя мастакі. Што істотна, новае памяшканне пашырыла магчымасці арганізатараў: прайшлі рэгулярныя экскурсіі, лекцыі па гісторыі “фундамента стылю “нэа — уласна поп-арта, дэманстрацыя фільмаў, прысвечаных аднаму з яго бацькоў, Эндзі Уорхалу, дыскусіі.

Канцэпт галерэі сучаснага мастацтва: яна не акадэмічная зала для справаздачных мерапрыемстваў, не салон, але форум, плошча для разнастайных падзей, сустрэч зацікаўленых людзей і дыскусій — натуральнага спосабу абмену поглядамі і думкамі. Яе залы, адчыненыя сёння з дзесятай гадзіны раніцы да дзесятай вечара, ніколі не пустуюць.

Ідэя праекта “Філасофія мас. Беларускі неа-поп арт належыць Сяргею Шабохіну, маладому мастаку, сёлетняму выпускніку кафедры графікі Акадэміі мастацтваў, які паспеў гэтым летам атрымаць лаўры пераможцы “Беларускага павільёна 53-й Венецыянскай Біенале ў Мінску. Тэма і стылістыка неа-попу папулярныя ў Беларусі. Па словах куратара, у яго была добрая магчымасць выбару работ, і ён адразу гатовы назваць імёны яшчэ 20 творцаў, што працуюць у гэтым рэчышчы неа-попу.

“Аўтапартрэт Сяргея Шабохіна як візітоўка выставы


Праўда, “гістарычнага поп-арту ў беларускім мастацтве не было, як не было культуры спажывання. Немагчыма ўявіць з’яўленне ў савецкай Беларусі твора кшталту візітоўкі поп-арта — работы Рычарда Гамільтона “Што робіць нашы сённяшнія дамы такімі рознымі, такімі прывабнымі? (1956), з’едлівага кпіну з амерыканскага замілавання аднастайным і стандартным побытам.

Рычард Гамільтон “Што робіць нашыя сённяшнія дамы
такімі рознымі, такімі прывабнымі? (1956) фота Euroradio


Савецкі народ тады толькі вызваляўся з галечы, пераадольваў культ Сталіна, сяляне даведваліся, што такое пашпарт. Хіба што ўзніклая на паўстагоддзя пазней праца Артура Клінава “Капітал — пакоўня з захаванымі ў кладоўцы старымі рэчамі — іранічна апелюе да “капіталу савецкага чалавека, успаміну пра колішнюю нішчымніцу. Як і ягоная серыя “Смерць піянера, як і “кустодзіеўскае “Чаепитие з Аляксандрам Лукашэнкам замест барыні — яны ўжо з’явы іранічнага неа-попу.

Але гэтай фронды на выставе няма — неапіянераў і неабарства яе ўкладальнікі прынцыпова не кранаюць, пакідаючы іх у “экспазіцыйнай прасторы рэальнага жыцця за межамі галерэі. Толькі ўсталяваны пасярод стосу “смецця ў чорных пакетах ва ўнітазе тэлеэкран пазначае трэшавасць ідэалаў і ідалаў, прапагандаваных у прасторы сучасных сродкаў камунікацыі (інсталяцыя Паўла Вайніцкага).

Праект выяўляе універсалізм вобразаў, брэндаў, ікон масавай культуры, прыналежных да масавай заходняй або савецкай свядомасці, да якіх апелюе беларускі неа-поп. Нацыянальна асаблівае ў ім — гэта толькі спосаб рэфлексіі і работы з вобразам — “сціпленькі і стрыманы, як іранічна заўважыў адзін з аўтараў галерэі Сяргей Кірушчанка. Неа-поп, як і поп, працуе з іконападобнымі і сусветна пазнавальнымі вобразамі масавай свядомасці і культуры. І што рабіць, калі для Беларусі такімі можна лічыць хіба Чарнобыль ды Лукашэнку?

З доляй фантазіі, якая ўвасобілася ў перажыванне трансфармацыі поп-ідалаў у неа-поп-ідалаў у аэраграфічных работах Уладзіміра Цэслера — перацяканне твару Джаконды ў твар Чычаліны — можна было б скласці адпаведныя беларускія пары.

Адсутнасць альбо нявыяўленасць “брэндаў аўтар канцэпцыі выставы малады мастак Сяргей Шабохін у сваіх фотакалажах запоўніў канструяваннем уласнага брэнду — аўтапартрэта-фотаплаката, ублытанага ў выпадковыя урбаністычныя кантэксты.

Улічваючы, што арганізатары дэкларавалі “ідэалагічны падыход да канцэпцыі паказу — жаданне адказаць на пытанні, чым ёсць поп і неа-поп, ці прысутны ён у Беларусі, ці з’яўляюцца стварэннем мас-культуры або яе канфрантацыяй, — і “адукацыйнасць мерапрыемства, то мэты яны дасягнулі.

Невялікая кампактная прастора выставы ўдала прадстаўляе розныя тыпы твораў, уласцівыя анансаванай плыні. Архетыповыя праявы стылю, яго спосаб працы з вобразам, формай і колерам, адаптаваныя і дапасаваныя да свайго светабачання беларускімі мастакамі. “Сціпленька? Не, хутчэй, густоўна: у межах аднаго праекту яго аўтары замест звыклай выставы з адносна адвольным падборам твораў прапануюць агляд, прадуманую рэфлексію з нагоды адной мастацкай з’явы.

Гаспадары галерэі “Ў абяцаюць і надалей прывабліваць сваіх гасцей падзеямі, што знаёмяць з актуальным сучасным мастацтвам — раім сачыць за іх хадой на сайце галерэі http://ygallery.by . Альбо папросту ў яе наведаць.

Каментаваць