Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Валеры Гапееў: «Мова павінна быць самастойным героем»

Якіх кніг не хапае асабіста мне? Пра сучаснасць. Вялікай формы. Пэўна ж, мы насыціліся малой формай, якую нарадзіў яшчэ Жывы Часопіс, дадаў жыцця Фэйсбук. Але ж і раманаў хочацца ад вядомых аўтараў.

Фота pen-centre.by

— Спадар Валеры, віншуем з атрыманнем літаратурнай прэміі «Залаты апостраф»-2016 у галіне прозы. Узнагарода была нечаканай? Чым гэтая прэмія каштоўная для Вас?

— Дык з гадамі перастаеш чакаць менавіта нейкіх узнагарод, асаблівага прызнання, дый увогуле, хочацца жыць без нечаканасцяў! Шчыра — мне было вельмі прыемна. Хвалююча. Чым каштоўная гэта прэмія? Тут трэба маленькую прадмову. Гадоў 15 таму быў я на курсах павышэння кваліфікацыі і ў выпускной працы аб ролі раёнак я акцэнтаваў увагу на тым, што раённая газета застаецца на сёння адным з астраўкоў жывой беларускасці. І вось… І вось знікла беларускае правадное радыё. Гады тры таму мяне запрасілі ў школу ў мой Рагачоў (сам я родам з Рагачоўскага раёна). Дзіўнае было адчуванне, калі зайшоў у рэдакцыю раёнкі. Некалі я пісаў туды свае вершы і першыя замалёўкі. «Камунар» прыходзіў ці не ў кожную хату вёсачкі. Вядома ж, беларускамоўны, іначай, мабыць, і быць не магло. А цяпер я гартаў былую раёнку і не пазнаваў яе. У «Свабодным слове» (такая цяпер назва ў яе) не знайшоў і адзінага слоўца на беларускай мове… На сустрэчы з вучнямі школы бачыў і пустыя вочы — многія дзеці не разумелі маёй беларускай гаворкі. І ўпершыню за ўсе гады пра гэту сустрэчу напісалі ў газеце на рускай мове. Сказаць, што мяне перапоўніў адчай? Гэтага, мабыць, мала… Ведаю, што на сёння палова раённых газет цалкам рускамоўныя, яшчэ палова — добра, калі 50 на 50. Карацей, змыліся тыя «астраўкі беларускасці», пра якія я пісаў…

Што засталося? Ды адзіная выспа — Саюз беларускіх пісьменнікаў. Адзіная і сапраўдная. І вось я атрымліваю ўзнагароду за свой твор. Разам з прызнаннем ягонай якасці, гэта для мяне — нібыта афіцыйнае пасвячэнне ў лік абаронцаў гэтай выспы. Магчыма, і раней недзе падсвядома лічыў сябе такім, адстойваючы беларускую мову ў сваёй раёнцы, ствараючы тэксты на беларускай мове. Ды быццам быў вольны адмовіцца ад усяго. А сёння перастаць пісаць на роднай мове будзе дэзерцірствам. Здрадай. Прычым, яўнай. Карацей, тая ўзнагарода — як прыняцце прысягі ў арміі, калі назад — ніяк.

Валеры Гапееў за раман «Ноч цмока» стаў пераможцам у намінацыі «Проза».

— Вы плённа працуеце яшчэ і як літаратурны крытык. Якіх твораў Вам як чытачу не хапае ў беларускай літаратуры?

— Ну, ніяк не крытык, ніяк. Тое, што іншы раз пішу водгукі — гэта пачуццё хутчэй абавязку перад сабой. Насамрэч жа, часам выходзіць кніга, добрая, патрэбная, а пра яе — ні слоўца пасля выхаду. Ведаю, як гэта бывае крыўдна аўтару. Таму — пішу. Прызнаюся — далёка не на ўсё, што прачытаю. Ляжа на сэрца, як кажуць, будзе водгук. Не спадабаецца — прамаўчу. Гэта на часопісную публікацыю варта глядзець як на матэрыял, які можна палепшыць. А вось кніга, калі выйшла, — ужо не паправіць. І паказваць аўтару на яе недахопы няма сэнсу. Будзе магчымасць — выкажуся ў прыватнай размове. Вядома, гэта вельмі няпроста для творчага чалавека: шчыра парадавацца за поспех іншага. Але можна навучыцца, далібог.

Якіх кніг не хапае асабіста мне? Пра сучаснасць. Вялікай формы. Пэўна ж, мы насыціліся малой формай, якую нарадзіў яшчэ Жывы Часопіс, дадаў жыцця Фэйсбук. Не адмаўляю такой форме ў праве на існаванне, але ж і раманаў хочацца ад вядомых аўтараў. Паўтаруся: пра сучасніка і сучаснасць. Мы жывём на такім зломе… Быў у нас свой свет, вялікі і моцны, ды насамрэч гэта была вяршыня айсберга. І раптам гэты айсберг перавярнуўся — і мы сталі жыць на іншым яго баку, пра які толькі чулі нешта крыху… Такая вось думка. Калі ўжо спыталі, дык скажу і пра тыя кнігі, якіх бы не хацеў бачыць. На жаль, пачасціліся выпадкі выдання кніг без належнай рэдактуры. Чытаеш, спатыкаешся на русізмы, элементарную непісьменнасць, грувасткасць сказаў, няўцямную мову. Так крыўдна… Мова павінна альбо зусім не заўважацца ў кнізе, альбо быць самастойным героем. У любым выпадку, так прыкра з-за некаторых кніг і аўтараў. А яшчэ пасля і піярыцца такая кніга як адмысловая, арыгінальная ці яшчэ там нейкая… Выдавецтвам трэба быць больш патрабавальнымі, і хай бы самі выдавецтвы пабойваліся выдаваць непісьменныя рэчы… Дзіўна, калі няма адказнасці ні ў аўтара, ні ў рэдактара, ні ў выдаўца…

— Вы напісалі шмат твораў для дзяцей і падлеткаў. На сваёй старонцы ў інтэрнэце (http://gapeev.brest.by) Вы адказваеце на пытанні чытачоў, даяце ім парады, а таксама на сайце можна прачытаць і Вашыя творы. Якія пытанні найчасцей хвалююць сучасную моладзь?

— Тыя ж, што і заўсёды, што хвалявалі нашых бацькоў, нас саміх, — адносіны. Адносіны паміж сябрамі, паміж падлеткамі і настаўнікамі, паміж падлеткамі і бацькамі. Пачуцці. Адчуванне сябе асобай, сваё асабістае станаўленне. Разуменне сябе асаблівым чалавекам, адчужэнне ад натоўпу, набыццё выключнага «я». Нічога новага, расчарую дарэшты. Але ў гэтым «старым» — самыя складаныя пытанні росту і развіцця асобы, да таго ж цяперашнія дзеці не ўваходзяць у жорсткі дарослы свет пакрысе, як мы, а скачуць туды са сваім першым смартфонам. Ім адкрываецца ўсё і адразу: увесь бруд, усе жахі, усе здрады і ўсе заганы чалавечай душы. Паспрабуйце захаваць у гэтым усім самога сябе…

— Якую кнігу з тых, што прачыталі нядаўна, параілі б пашукаць у кнігарнях і бібліятэках чытачам? І ўвогуле — як зацікавіць сучасную моладзь чытаць кніжкі?

— Вось з самага нядаўняга, спецыяльна для мужчын: «Урб@н.М» Людмілы Шчэрбаы. (Рэцэнзію на яе можна прачытаць у гэтым нумары. — Рэд.) Але каб толькі прачыталі да канца, набраліся цярпення, смеласці, пазбавіліся пачуцця неабходнасці ўсё зразумець сваёй мужчынскай логікай — і прачыталі. Гэта кніга пра тое, як думае жанчына, як адчувае… Раней нічога падобнага не сустракаў. Таксама з самага свежага — «Плошча Калумба» Сяргея Лапцэвіча. Добрая рэч, незвычайная ідэя і думка аўтара.

Наконт сучаснай моладзі… Трэба пісаць і для іх! Недзе і мэтанакіравана. Увогуле, прывіваць любоў да чытання найлепш з дзяцінства, вядома. Патрэбныя кнігі для падлеткавага ўзросту… І вельмі важна вось што яшчэ: рэклама. Але толькі праўдзівая рэклама, ад аўтарытэтных людзей. Рэклама-парада. Сёння ж назіраецца зусім іншае: агрэсіўны піяр далёкай ад дасканаласці літаратуры, ўсялякія топы продажаў, за якімі — сем тайнаў, але яны ж гэтаксама нараджаюць попыт, і ў поўнай прастрацыі іншы раз ад тых кніг, якія ў тыя топы трапляюць. Значыць, самім пісьменнікам трэба пісаць пра кнігі сваіх сяброў, расказваць пра іх. Менавіта пра добрыя кнігі.


Каментаваць