Валянціну Тарасу споўнілася б 80

17 лютага ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча, што ў Траецкім прадмесці Мінска, адбылася вечарына, прысвечаная 80-м угодкам вядомага беларускага паэта, пісьменніка, публіцыста, журналіста Валянціна Тараса.

Ушанаваць памяць Валянціна Яфімавіча, які менш за год не дажыў да свайго юбілею, прыйшлі яго сябры, калегі па пісьменніцкім і журналісцкім цэху і людзі, што ведаюць творчасць гэтага цудоўнага літаратара.

Пачалася вечарына з дэманстрацыі невялічкага ўрыўка з фільма «Калі мяне не стане», сцэнар да якога напісаў сам Валянцін Тарас, ён жа і зняўся ў гэтай стужцы.

«Кожны з нас, нават у незалежнасці ад таго, веруючы ён альбо не веруючы, пражывае жыццё Хрыста. У кожнага сустракаецца ў жыцці свой Іуда, свой Пілат, свая Галгофа, свой Крыж. Крыж кожнага з нас — гэта наш абавязак перад жыццём, перад блізкімі, перад грамадствам, а самае галоўнае — перад самім сабой», — кажа з экрана Валянцін Тарас.

Дачка слыннага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча Наталля падчас апошняй сустрэчы сяброў яе бацькі, якая адбылася незадоўга да сыходу з жыцця Валянціна Тараса, запісала на аўдыёстужку адзін з яго апошніх вершаў. У гэтым творы згадваюцца сябры Валянціна, якія ўжо пайшлі з жыцця, — Навум Кіслік, Аляксандр Дракахруст, Васіль Быкаў… Завяршаецца верш такімі словамі:

«Шуміць сяброў маіх дуброва,
яна — не пустка,
не сталася залою шэрай.
Хто там спісаў мяне на дровы?
Не маніць прымаўка:
сякерай не высекчы жывыя словы».

Пры канцы вечарыны адбылася прэзентацыя кнігі Віталя Тараса «Хроніка бягучых падзей», якую аўтар прысвяціў памяці свайго бацькі.

Як адзначаецца ў пасляслоўі да выдання, назву гэтай кнігі падказаў інфармацыйны бюлетэнь, які выходзіў у самвыдаце ў СССР. Рэаліі сённяшняй Беларусі шмат у чым нагадваюць савецкую практыку 1970-х — пачатку 1980-х гадоў мінулага стагоддзя. За адзіным выключэннем — у Беларусі вольнай ад цэнзуры зонай застаецца інтэрнэт. «Хроніку бягучых падзей» склалі выбраныя тэксты з блогу Віталя Тараса, якія апублікаваны цягам апошніх месяцаў на сайце БАЖ. Аўтар ставіць на мэце не толькі ўшанаваць памяць свайго бацькі Валянціна Тараса — партызана і літаратара, памяць яго сяброў, але спрабуе працягнуць іх лінію маральнага супраціву.

Каментаваць