Слуцк, якога ўжо няма...

Слуцк багаты на гісторыю, але, на жаль, яе нельга ўбачыць на ўласныя вочы.

Прыхільнікі беларускай мовы і гісторыі сталі ўдзельнікамі пешай экскурсіі па старажытнаму Слуцку 15 мая. Дзякуючы мясцоваму краязнаўцу і сябру ТБМ Ігару Ціткоўскаму. Эксурсанты пазнаёміліся са слуцкай старасветчынай.

Яшчэ да рэпрэсіўных сталінскіх трыццатых гадоў горад з’яўляўся сапраўдным музеем гістарычных помнікаў і каштоўнасцяў. Тады яшчэ захоўваліся і помнікі культавай архітэктуры. Зараз жа ў вочы кідаецца толькі велізарнае замчышча ў цэнтры гораду, на якім знаходзіцца Палац культуры, і ў розных канцах горада дзе-нідзе трапляюцца адзінкавыя будынкі старой забудовы. Захаваліся і некалькі будынкаў манастыра бернардынаў, што застаецца для турыстаў недасягальным — на яго тэрыторыю прайсці нельга. Тут месціцца база мясцовага масла-сырзаводу, уваход у якую дадаткова абгароджаны высокім сучасным плотам.

Звычайна экскурсіі па горадзе пачынаюцца з агульнавядомай тэрыторыі замчышча. Таму ўдзельнікі вандроўкі былі здзіўленыя, каля краязнаўца вызначыў месцам збору пляцоўку ля пад’езда звычайнай старой савецкай пяціпавярхоўкі на вуліцы Канановіча. Непадалёку — пустка, яшчэ крыху далей — будынак сучаснай лазні. На першы погляд, нічога цікавага, што звязвала б цяперашні час з мінуўшчынай.


Але высветлілася, што на гэтым пустым месцы і тэрыторыі лазні раней знаходзілася Саксонская плошча, а цяперашняя вуліца Капыльская насіла назву Саксонскай вуліцы. Сама назва сведчыць, што жыхары гэтых месцаў мелі нямецкае паходжанне і вызнавалі лютэранскую веру.

Сама ж вуліца Канановіча, дзе сабраліся аматары гісторыі, называлася вуліцай Падвальнай, бо знаходзілася непадалёку ад вала, які апаясваў горад.

Толькі некаторыя з экскурсантаў ведалі пра тэрыторыю яўрэйскага гета, знішчанага ў лютым 1943 года, што знаходзілася непадалёк ад вуліцы Канановіча (Падвальнай) і Капыльскай. Паколькі людзі аказалі супраціўленне, былі выкарыстаны нават мінамёты, якія літаральна выпалілі ўсё агнём. Загінулі каля 3000 габрэяў.


3усім па-іншаму пасля эскурсіі ўспрымаецца і мемарыял знішчаным габрэям, які знаходзіцца побач, і да якога першапачаткова многія случчане ставіліся неадназначна. Яны не разумелі, навошта такі помнік усталёўваецца ў самым цэнтры горада, бо не ведалі, што тут знаходзіўся ўваход у гета — на тэрыторыі «Школішча».

Дарэчы, першае масавае і жудаснае знішчэнне габрэяў у Слуцку адбылося яшчэ восенню 1941 года ў гета на вуліцы Максіма Багдановіча. Тады былі забітыя 5000 габрэяў.

Па словах гіда, першыя звесткі аб слуцкіх габрэях адносяцца да апошняй чвэрці XVI стагоддзя. У завяшчанні князя Юрыя Юр'евіча Алелькавіча, які памёр у 1578 годзе, згадваюцца габрэі — арандатары мытні. Некаторы час слуцкая габрэйская абшчына падпарадкоўвалася Брэсцкаму кагалу, а з 1691 года была абвешчаная самастойнай.


Ігар Ціткоўскі распавёў, што для пражывання чальцоў габрэйскай абшчыны было абрана месца ў Старым горадзе. З усходу яно абмяжоўвалася рэчкай Бычок, з захаду — вуліцай Капыльскай, на поўначы — гарадскім валам, на поўдні — ровам, які апярэзваў Стары замак.

Пры сінагозе дзейнічала школа, таму квартал, дзе пасялілі габрэяў, атрымаў назву «Школішча». Галоўнай вуліцай тут была Габрэйская, пасля яна называлася Школьная, у савецкія часы па незразумелых прычынах атрымала назву Парыжскай Камуны. Цяпер на гэтым месцы знаходзяцца тэрыторыя 6-й агульнаадукацыйнай школы, жылыя будынкі і буйны гандлёвы комплекс «Маяк».


На вуліцы Капыльскай можна ўбачыць адзін дом старой забудовы, па якім можна было б меркаваць, якой цікавай магла б выглядзець гэтая вуліца, калі б не былі знішчаны іншыя падобныя будынкі.

Адзін з дамаўз старой забудовы, цяпер тут месціцца ЖЭУ-1

Адзін з дамаўз старой забудовы, цяпер тут месціцца ЖЭУ-1

Калі Саксонская плошча была раней цэнтрам гандлю рознай жывёлінай, дык рыначны пляц каля вуліцы Шашыйнай (цяперашняя Леніна) быў асяродкам эканамічнага і гандлёвага жыцця. Зараз там месціцца будынак райвыканкаму.

Так здарылася, што аматары гісторыі атрымалі магчымасць прайсці тымі ж дарогамі, якімі некалі хадзіў знакаміты беларускі пісьменнік Янка Скрыган падчас навучання ў рэальнай школе і сельскагаспадарчым тэхнікуме. Нягледзячы на тое, што ён паходзіў з вёскі Труханавічы Капыльскага раёну (былы Слуцкі павет), Янка лічыў сябе случчанінам і добра апісаў гэту плошчу ў аўтабіяграфічнай кнізе «Кругі»:

«На адной палавіне яе размяшчаліся будынкі гандляроў гузікамі, пернікамі, карункамі ды стужкамі, на другой — стаялі фурманкі з сёл. Тут панаваў тлум, пах конскага поту, ішоў гандаль гуркамі, цыбуляй, садавінай, збожжам, бандарнымі і сталярнымі вырабамі. Асабліва тлумна і маляўніча было ў кірмашовыя дні, калі цвілі рознымі колерамі дзявочыя даматканыя строі і на цвінтары каля сабора хлопцы як мага больш набок збівалі свае шапкі, каб выпусціць свой чуб»…

На жаль, Мікалаеўскі сабор на Вялікай горцы, ля якога «тусаваліся» хлопцы падчас маладосці Скрыгана, быў знішчаны яшчэ ў 1934 годзе падчас вайны бальшавікоў з «рэлігійным цемрашальствам».

У падобным доме мог пражываць Янка Скрыган.

У падобным доме мог пражываць Янка Скрыган.


Янка Скрыган кватараваў непадалёку на Падвальнай вуліцы (Канановіча) і ўспамінаў, што гаспадыня выкопвала чалавечыя косткі ў сваім садзе. Па словах краязнаўцы Ігара Ціткоўскага, пры будаўніцтве будынка райвыканкама таксама было шмат выкапана касцей, якія сведчылі аб гэтым месцы як месцы старажытных пахаванняў.


Скрыган згадваў, што ў 1923 годзе на гэтай гандлёвай плошчы работнікі сувязі капалі яму пад тэлеграфныя слупы і раскапалі некалькі трунаў. «І тады здалося цяжкім грахом трывожыць прах продкаў — грабары засыпалі дол і пачалі ўзрываць брук на новым месцы», — сведчыць пісьменнік.

Пры будаўніцтве райвыканкама трактарысты таксама нарылі шмат зямлі з касцямі. Ігар Ціткоўскі распавёў, як адзін случчанін папрасіў механізатара прывезці яму зямлі на прыватны ўчастак, а пасля разгрузкі зямлі з жахам пабачыў, што з яе тырчаць косткі людзей.


Верагодна, колішняя гандлёвая плошча была месцам старажытных пахаванняў. На гэтым месцы, на галоўнай плошчы горада каля райвыканкаму побач з тэрыторыяй яўрэйскага гета цяпер адбываюцца розныя дзяржаўныя святы, падчас якіх спяваюць і танчаць.

Запыталася ў мінакоў, ці ведаюць яны што-небудзь пра гісторыю плошчы і пра месца габрэйскага гета. Ніводзін з апытаных дакладнай інфармацыяй не валодаў. Нягледзячы на тое, што мясцовыя газеты неаднаразова змяшчалі краязнаўчыя артыкулы пра гісторыю Слуцка, пра трагедыю слуцкага гета.


Сяргей Долбік, удзельнік пешай вандроўкі, лічыць, што пазнаёміцца з гісторыяй найлепшым чынам можна толькі праз экскурсіі.

«Газеты я рэдка чытаю, ведаў, што ў Слуцку ёсць мемарыял загінуўшым габрэям, але толькі пасля вандроўкі ўявіў увесь маштаб трагедыі. Чытаць — гэта не тое, што пахадзіць па тых сцяжынках, па якіх некалі хадзілі людзі, якія жылі да нас. Удзячны мясцоваму ТБМ і асабліва нашаму экскурсаводу, чакаю з нецярпеннем наступнай экскурсіі. Думаю, што да мяне далучацца яшчэ некалькі блізкіх людзей», — выказаў мужчына сваю думку і спадзеў на новую сустрэчу з гісторыяй горада.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-05-18 11:26:46
Павучальная гісторыя ад Анатоля Сідарэвіча (у скароце): "На вуліцы 14 партызанаў на пачатку 1960-х жыло нямала габрэяў, у тым ліку, калі не памыляюся, і сям’я мастака Цэслера.
Так здарылася, што я колькі год (мо 6) не быў у Слуцку. І вось недзе на пачатку 1980-х прыехаў у горад. З галоўнай вуліцы іду да свайго дзядзькі, які жыве на Мінскай. Іду па вуліцы 14 партызанаў. Каб скараціць шлях, іду праз старыя гарадскія могілкі: спачатку праваслаўныя, потым каталіцкія, за імі (участак асвойвалі пазней, бо ў лагчыне) савецкія (і праваслаўныя, і каталікі разам), а ўжо за савецкімі справа запушчаныя кальвінскія, а злева – новыя іудзейскія... Іду я і дзіўлюся: на магілах іудзеяў кветкі, стограмоўкі… У мяне вочы на лоб. Прыходжу ў дзядзькаў дом. Дома цётка, старая пратэстантка, якая Стары Запавет (Танах) ведала лепш за якога іудзея. Пытаю, што робіцца? На магілах іудзеяў стограмоўкі… Цётка з адчаем кажа: «А цяпер і жыды язычнікамі парабіліся». І ледзь не плача..." http://belisrael.info/?p=8428

Каментаваць