Васіль Якавенка: «Свая зямля, свая гісторыя, культура, мова…»

Пісьменніку і грамадскаму дзеячу Васілю Якавенку споўнілася 75 гадоў. Шмат здзейснена. І багата планаў. Напярэдадні юбілею з ім сустрэўся музычны аглядальнік Вітаўт Мартыненка. Урыўкі з іх працяглай гутаркі мы прапануем чытачам «НЧ».

— Спадар Васіль, пасля вашай трылогіі «Пакутны век», пра якую дагэтуль не змаўкаюць дыскусіі ў прэсе, вас не назавеш сціплым літшарагоўцам. Вы недзе ў друку зазначылі, што пачыналі з вершаў. Дык якое было развіццё вашай паэтычнай эпапеі?



Пісьменніку і грамадскаму дзеячу Васілю Якавенку споўнілася 75 гадоў. Шмат здзейснена. І багата планаў. Напярэдадні юбілею з ім сустрэўся музычны аглядальнік Вітаўт Мартыненка. Урыўкі з іх працяглай гутаркі мы прапануем чытачам «НЧ».

— Спадар Васіль, пасля вашай трылогіі «Пакутны век», пра якую дагэтуль не змаўкаюць дыскусіі ў прэсе, вас не назавеш сціплым літшарагоўцам. Вы недзе ў друку зазначылі, што пачыналі з вершаў. Дык якое было развіццё вашай паэтычнай эпапеі?

— Паэтычнай эпапеі ў мяне не склалася. Паэтыкай, умоўна кажучы, займаўся дзеля пацехі. Я быў дужа начынены савецкім патрыятызмам, не раўнуючы як Паўлік Марозаў. Нешта падказвала мне, студэнту тэхнікума, нават стварыць гурток для паглыбленага вывучэння гісторыі партыі. У выніку такога душэўнага гарту, аднак, і вылезла з мяне на паперу паэма, прысвечаная… каму б ты думаў?

— Радзіме?


— Не… А вось тым… Тым, на каго нас у свой час прывучалі маліцца: Ленин и Сталин — два горных орла,// Любовь к человеку их вместе свела… Лекі ж ад графаманства мне дала геалагічная прафесія, палявыя ўмовы працы і знаходжанне ў гушчы народа. Летам 1954 года, знаходзячыся на практыцы ў гідрагеалагічнай экспедыцыі на Брэстчыне, напісаў вялікі і сацыяльна востры, як мне цяпер здаецца, нарыс «Аброва». Ён спадабаўся газеце, і цяпер думаю: ці не з’яўляецца опус «Аброва» ўжо «заліковым» на мой мастацка-публіцыстычны гарт?

— На творчым шляху ёсць вехі, калі пісьменнік адчувае, што яго заўважылі. Для вас гэта, пэўна, было на мяжы 1960–1970-х?

— Выключна важным і чынным быў водгук на выхад з друку майго рамана «Надлом». Пераказваю: “Раман-эпапея, падобных якому ў беларускай літаратуры даўно не было… Вобразы дзейных асоб атрымаліся псіхалагічна дакладнымі, праўдзівымі. Раман мае рысы прыгодніцкага і гістарычнага адначасова. Чытаецца ён цікава. Твор глыбокі і, можна сказаць, нават эпахальны… (Штотыднёвік «ЛіМ». Святлана Явар).

— Часам нам, беларусам, прыпісваюць залішнюю сціпласць альбо, наадварот, перабольшваюць нашу палітызацыю: варта загаварыць па-беларуску, і цябе ўжо ў БНФ запісваюць. Папулярны беларускамоўны пісьменнік увогуле разглядаецца як лідар цэлага руху. А ці шмат палітыкі ў вашых раманах і нарысах?

— Апошнім часам у нашай краіне шыюць палітыку да ўсяго. І, калі ты сам не ідзеш у палітыку, дык яна да цябе ў акно залезе! Народ запалоханы, і гэта зніжае ягоны творчы патэнцыял, маральна прыгнечвае. Шараговыя грамадзяне затойваюцца. Мараль хістаецца. Дэмаграфія мінусуе. А як і кім адлюстроўваюцца ў літаратуры гэтыя працэсы? Падумаем… Асобная тэма… І вось калі ты не абыходзіш тэму народа і нацыі, вайны і міру, мінулага і сучаснасці, тады з усяго гэтага і тчэцца палітычнае палатно як аснова твора. Так здарылася і падчас працы над «Надломам», які даследчыкі называюць гістарычным, што і зразумела, а яшчэ і нацыянальным, і палітычным раманам. Палітыкі там дастаткова.

— У «Пакутным веку», дзе віруюць моцныя жарсці польскай, нямецкай і савецкай акупацыі, вы неяк захоўваеце незаангажаванасць, аб’ектыўнасць, цвяроза паглядаеце на жыццё збоку. Як гэта ўдалося?

— Сам здзіўляюся. Я ж навічок у гэтым цяжкавагавым жанры. Мне ўяўлялася, што я выйшаў на небывалы для сябе панарамны твор і, калі так, у маіх руках цяпер аказаліся дзясяткі і сотні гістарычных асоб з розных бакоў палітычных бар’ераў. Усе яны — мае персанажы, усе, так бы мовіць, дзеці майго мастацкага твора і павінны карыстацца аднолькавай ласкай у аб’ектыўнай падачы. Мне, пэўна ж, удалося прыўзняцца над сваімі героямі і паказваць падзеі, учынкі, характары ўжо з агульначалавечых, з гуманных, варта зазначыць, пазіцый, паказаць таксама ж свет праз вочы саміх герояў.

— Чуў пра вашу будучую кнігу: Маркс, Энгельс, Ленін, Беларусь… Што гэта будзе?

— Гістарычныя асобы, якіх ты, браце, назваў, згадваюцца ў кнізе, але толькі яны больш не робяць пагоды, і ўжо люд пра іх начытаўся, ад іх напакутаваўся і хацеў бы забыць. Варта, аднак, зразумець іх прынцыповыя пралікі. Духоўная дэградацыя ўсё больш упэўнена правіць баль у Еўропе і на Беларусі. Адзінае, што здольна адвесці наш народ ад прорвы (куды ён можа неўзабаве скаціцца разам з усім светам альбо асобна, раней ад іншых), гэта вяртанне яму сапраўднай нацыянальнай ідэі, якую скралі ды падмянілі, даруйце на слове, міліцэйскай дубінкай. А яшчэ нашаму люду пільна патрэбна самаідэнтыфікацыя, праведзеная на спалучэнні гісторыі з сучаснасцю. Беларусы павінны пачуваць сябе беларусамі.

— 75 — сур’ёзны век, а для многіх вы ўсё яшчэ новае імя ў нашай не надта беларускай Беларусі. Назавіце вашы галоўныя мары, памкненні?

— Дажыць да прасветлай гадзіны на Беларусі, каб сваё было сваім і цанілася як нацыянальны скарб, як падарунак лёсу. Я ў свой час зрабіў адмысловы ўнёсак у абарону прыроды Палесся ад гвалтавання і знішчэння яго меліяратарамі, пра што расказана ў кнізе «Крушэнне на ростані». Цяпер гэтага мала. Цяпер наогул цяжка разабрацца, хто ў нас гаспадарыць на зямлі і ў прыродзе. Я тут паўтару пытанне, якое ставіў у сваім дакладзе на прадстаўнічай канферэнцыі ў Мінску 22 гады таму: «Ці ёсць у нас канцэпцыя гаспадарання?» Мае калегі-эколагі тым часам падказваюць: прыспеў час памяняць філасофскія арыенціры ў ахове прыроды і сцвярджаць не «Зямля — наш агульны дом», а проста і непасрэдна «Зямля — наша маці!». Сёння, як ніколі, важна выпрацаваць у краіне канцэпцыю гаспадарання не часовых людзей, а народа і нацыі. І яшчэ як мага больш бараніць зямлю, бараніць прыроду, выхоўваць экалагічную свядомасць у чалавеку. Мы павінны зрабіць усё, пакуль зямля не сканала і перад сконам не знішчыла нас, недарэк і дурняў з амбіцыямі непамернымі. Адно вось пытанне: ці хочам мы гэтага?.. Свая зямля, свая гісторыя, культура, мова, нацыя — пакуль жывы народ — рэчы непадзельныя!

Шчыра віншуем спадара Васіля Якавенку з юбілеем і зычым яму добрага здароўя, новых творчых поспехаў.

Каментаваць