Вавілонская вежа

Колькі гадоў таму, намаляваўшы партрэт банкіра краіны Марыі Віннікавай у крэсле са зламанай ножкай, мастак Віктар Альшэўскі нечакана зрабіўся аб’ектам свецкіх пагалосак: адкуль жывапісец ведаў і як прадбачыў лёс чыноўніцы, што ў хуткім часе трапіла пад крымінальны пераслед?

Звяртаючыся да вобразаў суайчыннікаў, мастак-партрэтыст так ці інакш выяўляе гісторыю ўласнай краіны — праз лёсы людзей, якія пакідаюць у ёй свой след. Але Віктар Альшэўскі — не толькі партрэтыст.



Колькі гадоў таму, намаляваўшы партрэт банкіра краіны Марыі Віннікавай у крэсле са зламанай ножкай, мастак Віктар Альшэўскі нечакана зрабіўся аб’ектам свецкіх пагалосак: адкуль жывапісец ведаў і як прадбачыў лёс чыноўніцы, што ў хуткім часе трапіла пад крымінальны пераслед?

Звяртаючыся да вобразаў суайчыннікаў, мастак-партрэтыст так ці інакш выяўляе гісторыю ўласнай краіны — праз лёсы людзей, якія пакідаюць у ёй свой след. Але Віктар Альшэўскі — не толькі партрэтыст.

11 сакавіка 2010 года ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава яго жывапісных работ “Фрагменты Вавілонскай вежы, якая зрабілася ўзорам не вельмі шматлікіх канцэптуальна падрыхтаваных экспазіцый. Яна працягнула прадстаўлены мастаком у мінулым годзе праект “Легенды нашай цывілізацыі. Ён экспанаваўся ў Мінску і шэрагу гарадоў Магілёўшчыны, а закранаў легендарныя сюжэты з гісторыі гарадоў Беларусі і сусветнай культуры.

Уласна, тэма асобы на фоне і ў кантэксце вялікіх падзей гістарычнага часу — скразны стрыжань творчасці Альшэўскага. Яшчэ дваццаць год таму ён увайшоў у склад адной з першых нефармальных мастацкіх груповак Беларусі, “Няміга–17, кожны з жывапісцаў якой вызначаўся яскравым асабістым стылем — Мікола Селяшчук, Сяргей Кірушчанка, Мікола Бушчык і іншыя.

Кожны — імя ў сучасным мастацтве. Нехта з групоўкі эксперыментаваў з колерам, нехта шукаў новыя формы, а Альшэўскі вызначыўся найбольшай схільнасцю да сімвалічна-знакавай трактоўкі сюжэту і сэнсава-літаратурнай напоўненасці кампазіцый. Апрача партрэтаў — беларуская гісторыя ХХ стагоддзя, чарнобыльская тэма. Яго палатно “Бяда — ці не самае шчымлівае выяўленне той трагедыі ў нашым жывапісе. Купка перасяленцаў з зоны, а разам з людзьмі — рэчы-знакі: спынены гадзіннік, пустое люстэрка, у якім зніклі адлюстраванні.

Стылістыка прац Віктара Альшэўскага, мастака-манументаліста па адукацыі, вучня Гаўрыіла Вашчанкі і Міхаіла Савіцкага, заснаваная на эстэтыцы вялікіх яркіх колеравых паверхняў і спалучэнні рэалістычных вобразаў з каментуючымі дэталямі. У партрэце гэта нараджае “неасармацкую вобразнасць — чалавек паўстае побач з прадметамі, праз якія выяўляецца яго лёс. На выставе гэта выявы былога дырэктара Мастацкага музея Юрыя Карачуна, народнага артыста Валянціна Елізар’ева, акадэміка Міхаіла Высоцкага і іншых.

Але галоўная тэма экспазіцыі — знакі старажытных культур і сучаснасць. І абагульняе тэму паліптых “Фрагменты вавілонскай вежы — вобраз альтэрнатывы марнаму імкненню да богароўнасці, увасоблены ў помніках чалавечай культуры і духу. Падзеленае моўнымі бар’ерамі, чалавецтва яднаецца імкненнем да прыгажосці ў творчасці. На 13 фрагментах “вежы — манументы старажытнага Усходу, антычнасці, еўрапейскага Рэнесансу, сярод якіх у сумоў’і культур Беларусь рэпрэзентуецца мурамі Мірскага замку. Людзі і праца іх генія — так будуецца Вавілонская вежа Альшэўскага.

Каментаваць