Вечна маладыя: Дзень народзінаў Naka (фотарэпартаж)

Гурт Naka свой дзень народзінаў святкаваў у невялікім, але ўтульным месцы пад назвай «Бар ілі клуб».

Свята пачалося як мае быць: Анастасія Шпакоўская выйшла ў цэнтр залы і запрасіла ўсіх да барнай стойкі, маўляў, гурт прастаўляе з нагоды свята.

Свой выступ Анастасія пачала з жарту: «Ну што, распранаемся і працуем!».

Канцэрт ішоў ад меладычных і павольных песен да панкушных, рэзкіх і злых. Гурт сціраў мяжу паміж сцэнай і танцполам: Наста скакала і спявала разам з гледачамі.

Дзесьці ў сярэдзіне канцэрту гурт зрабіл невялікую паўзу, а Наста звярнула ўвагу на жанчыну, якая стаяла ў канцэртнай зале:

— Наталля — мама дзяўчынкі Лізы.  Гісторыя Наталлі і Лізы не абуральная, гэта значыць Ліза не знаходзіцца на мяжы паміж жыццём і смерцю. Я проста хацела б, каб мы ў першую чаргу паапладыравалі Наталлі, таму што, — зала пачала пляскаць — пачакайце, вы ж яшчэ не ведаеце чаму! Таму што калі Лізачка нарадзілася, то лекары сказалі, што яна будзе "овощем". Наталля і яе сям'я зрабілі вельмі шмат дзеля таго, каб Ліза жыла паўнавартасным жыццём. У яе з большага ўсё добра. Яны перамаглі вельмі шмат страшных дыягназаў. Але цяпер гэтай дзяўчынцы для таго, каб працягваць далей жыць, патрэбныя яшчэ грошы на рэабілітацыю. Я вас асабіста прашу дапамагчы ёй.  Таму што калі мы не будзем рабіць дабро, то незразумела: хто яго будзе рабіць за нас. Наталя прывезла яшчэ маленькія штучкі, якія яны робяць разам з Лізай: вось тут усякія совы, сэрцайкі, куча-куча ўсяго таго, што можна прамяняць на грошы. Гэта мая асабістая просьба, дапамажыце, калі ласка.

Людзі не засталіся абыякавымі і практычна ўсе, хто быў у зале, паспрабаваў дапамагчы чым смог. Бо сапраўды, хто будзе рабіць дабро, калі не мы?

Пасля паўзы, калі гурт працягнуў выступ, то эмоцыі зноў ахінулі залу.

Між іншым, гэта быў апошні канцэрт гурта ў цяперашнім складзе. З Naka сыходзіць іх барабаншчык – Валер Прыёмка. Развіталіся з ім вельмі пазітыўна.

Сёлета Naka выпусціла першы цалкам беларускамоўны альбом, а таксама кліп-зварот маці да сына. Naka прайшла праз многае на шляху свайго станаўлення: была крытыка, змена музыкаў. Але, нягледзячы на гэта, вялікая колькасць адданых фанатаў танчыць пад іх песні, радуюцца. Іх песні гучаць з вуснаў падлеткаў са сцэны летніх лагераў ці школ, пераспяваюцца іншымі гуртамі. Naka ужо стала класікай беларускай рок-сцэны, а цярністы шлях — толькі робіць мацней.

Віншуем гурт Naka з днём нараджэння і жадаем шчаслівага творчага лёсу, натхнення і плёну! 


Абмеркаванне:

  • без подпісу
  • 2016-06-24 11:25:33
Дзякуй, шыкоўная фотасправаздача)

Каментаваць