Вершнікі на конях

Гэты артыкул і сур’ёзны, і забаўляльна-павучальны. Таму што ён закранае гісторыю ўрачыста-рэпрэзентатыўных манументаў у Беларусі, а ўвасабленне ў помніках чалавечай памяці існуе на мяжы з эксплуатацыяй аднаго са смяротных грахоў, славалюбства, superbia. Што нярэдка нараджае да жыцця смешныя, жартаўлівыя сітуацыі. У той жа час існуе сфера “высокага і афіцыйнага мастацтва, дзе вобраз уваходзіць у межы пашырэння прызнаных грамадствам знакаў і сімвалаў.

(Выява: “Гіпіка“ Дарагастайскага)



Гэты артыкул і сур’ёзны, і забаўляльна-павучальны. Таму што ён закранае гісторыю ўрачыста-рэпрэзентатыўных манументаў у Беларусі, а ўвасабленне ў помніках чалавечай памяці існуе на мяжы з эксплуатацыяй аднаго са смяротных грахоў, славалюбства, superbia. Што нярэдка нараджае да жыцця смешныя, жартаўлівыя сітуацыі. У той жа час існуе сфера “высокага і афіцыйнага мастацтва, дзе вобраз уваходзіць у межы пашырэння прызнаных грамадствам знакаў і сімвалаў.

(Выява: “Гіпіка“ Дарагастайскага)



Еўрапейскія вершнікі

Кожны народ перажывае перыяды ўвекапомнення ў манументальным мастацтве старонак гісторыі, якія падаюцца cоцыуму ці пануючаму кіраўніку вартымі праслаўлення ў метале манументаў ці ў камяні маўзалеяў. Так было ад старажытнаегіпецкіх пірамід і антычных рымскіх помнікаў імператарам. Некаторыя скульптуры, быццам бы валодаючы закладзенай у іх мастакамі таямнічай сілай, адраджаліся праз стагоддзі. Паводле «волі рымскага народа» і загадзе папы Паўла ІІІ у сярэдзіне XVI стагоддзя вялікі Мікеланджэла ўрачыста ўсталяваў у цэнтры перабудаванага ім Капіталійскага ўзгорка ў Рыме старадаўнюю конную скульптуру рымскага імператара-філосафа Марка Аўрэлія.

Увасабляючы ўяўленне пра веліч уласнай імперыі, Кацярына ІІ у 1782 годзе ўсталявала на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу апеты пазней Пушкіным манумент Пятру І работы Эцьена Фальканэ — з надпісам на нязвыклых памерах камяні-пастаменце «Кацярына ІІ — Пятру І». Помнік, які, паводле «падання пра маёра Батурына», засцярог горад ад захопу французамі ў 1812 годзе. Убачыўшы містычны сон пра ахоўную моц скульптуры, персанаж падання быццам пераканаў імператара Аляксандра І не вывозіць помнік з горада пад пагрозай наступу непрыяцельскіх войскаў. І ў другую сусветную вайну «медны вершнік» застаўся на сваім месцы.

Марк Аўрэлій у Рыме

Гераічны, манументальны вершнік на кані — тыповы спосаб праслаўлення спартрэтызаванай асобы ў скульптуры. Канструкцыя гэтага вобраза канчаткова ўсталявалася ў свядомасці еўрапейцаў хіба з часоў ранняга сярэднявечча, калі іх продкі, сядаючы на коней, фармавалі атрады і арміі вершнікаў і спрабавалі абараніцца ад хваляў наступу варварскіх плямёнаў з Усходу. І такім чынам стваралі аснову еўрапейскага рыцарства, а пазней — арыстакратычных сем’яў.

“Гіпіка“



У хрысціянскай свядомасці моцны рыцар-воін увасабляў ідэал і абаронцы, і спагадлівага да слабых і пакрыўджаных апекуна. Гэты спектр якасцяў адбіўся ў культах некалькіх святых, вядомых яшчэ ад ранняга хрысціянства. Ад пераможца пякельных злых сілаў і ратавальніка жанчын св. Георгія да св. Марціна Турскага, ключавы эпізод гісторыі якога апавядае пра ахвяраванне гэтым воінам паловы плашча змерзламу жабраку.

Усяслаў Чарадзей і Міндоўг

Што тычыцца Беларусі, то лічыцца агульнапрызнаным стварэнне мемарыялаў з выявай вершніка толькі ў наш час. Першы конны манумент — князю Усяславу Чарадзею, які кіраваў Полацкім княствам з 1044 па 1101 гады, пастаўлены ў Полацку ў верасні 2007 года на рагу вуліц, што носяць імя яго ўнучкі, св. Ефрасінні, і Кастрычніцкай. Скульптар Аляксандр Прохараў у злёгку архаічным стылі рамантызаваў князя-вешчуна, змясціўшы постаць у ваўчынай скуры з паляўнічым сокалам за плячыма на імклівым кані. Разам кампазіцыя дасягае 3,5 метраў. Хіба такая вобразнасць, наўпрост перагукаючыся з радкамі летапісаў і «Слова пра паход Ігаравы» («Скочыў ад іх лютым зверам… Сінім воблакам ахінуўся…») найлепш дапамагае запоўніць лакуну, што існавала ў беларускай манументальнай пластыцы. Князь-герой часоў росквіту буйнейшага беларускага княства эпохі сярэднявечча, безумоўна, пазнавальны і блізкі яго хрэстаматыйнаму ўспрыняццю. У доўгім жыццяпісе князя — і будаўніцтва храма св. Сафіі ў Полацку, і супрацьстаянне з кіеўскімі валадарамі з бітвай на Нямізе, палон і кароткае панаванне ў Кіеве…

Генадзь Буралкін. Міндоўг



Падобна, што следам за Полацкам атрымае маэстатычны конны манумент Навагрудак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, які летась святкуе сваё 965-годдзе. Да таго ж на 2009 год прыпадае 1000-годдзе летапіснай згадкі старажытнай Літвы. Адзначыць гэтыя даты, як мяркуюць мясцовыя ўлады, будзе слушна размяшчэннем у цэнтры горада выявы вершніка з мячом, першага князя ВКЛ Міндоўга (1195?—1263). Над праектам працуе мінскі скульптар Генадзь Буралкін.

Аматары коней

Але ці быў манумент Усяславу Чарадзею першай у гісторыі Беларусі спробай усталявання коннай скульптуры? І якія культурныя традыцыі і коды маглі паслужыць падставай дзеля звароту да такой рэпрэзентатыўнай формы?

Аляксандр Прохараў. Усяслаў Чарадзей



Дасведчаныя знаўцы спашлюцца на багатыя традыцыі шанавання вызначаных у дзяржаўнай і вайсковай справе шляхетных асобаў, назавуць завядзёнку ствараць партрэтныя мемарыялы ў магнацкіх палацах і храмах, сустракаць рэальных пераможцаў з палёў баталій трыумфальнымі брамамі, пад якімі праходзілі кавалькады шляхетна ўбраных коннікаў… І коней шанавалі адметна — даволі прыгадаць маршалка ВКЛ Крыштафа Монвіда Дарагастаскага (1562–1615), які навуцы абыходжання з коньмі навучыўся ў лепшых майстроў гадоўлі і выездкі гэтых высакародных жывёл у першай у свеце школе коннай выездкі ў Неапалі. У вольны ад вайны і палітыкі час ён падрыхтаваў у бацькоўскай Мураванай Ашмянцы і выдаў у Кракаве ў 1603 годзе “Гіпіку пра коней. Трактат пра гісторыю коней і гадаванне маладняка, выездку і ветэрынарыю вытрымаў па-польску, на мове арыгінала, пяць перавыданняў, бо выкладзеная ў ім навука была надзвычай папулярнай.

Вялікія аматары коней, а да іх належалі многія прадстаўнікі арыстакратычнага саслоўя, трымалі не толькі цудоўныя стайні, але часам замаўлялі ўвасабленні сваіх гадаванцаў у пластыцы. Такую выяву паставіў каля свайго новазбудаванага палаца ў набытым у 1803 годзе Валожынскім маёнтку граф Юзаф Ігнацій Тышкевіч. Але дзве лініі культуры — захапленне коньмі і прыхільнась да ўрачыстай рэпрэзентацыі — ніяк не ўвасабляліся ў з’яўленне адпаведнага манумента.

 

ПРАБЛЕМА ВЫБАРУ

“Не торгайся, князь… Я ж акрамя ўсяго і ведзьма, прарочыца — ты не ведаў?.. Вось што будзе з табой. Адна жонка, з Сапегаў, ужо ўцякла ад цябе. Жанчыны любяць тыранаў, але толькі не скупых, не халодных і не нудных, як свіная чума. Уцячэ і другая. І трэцяя. І ўсе — з вялікаю ганьбай для цябе, напладзіўшы табе сотні ворагаў. Ты будзеш пасмешышчам нават у вачах бяссілых і садамітаў. І ні ад адной бабы ў цябе не будзе дзяцей, бо Бог пракляне чэрава кожнай жанчыны на час, калі яна з табой… І ўсе будуць бегчы ад цябе, як бягуць з дома — нават калі дом гэты замак — пацукі ад пацука, якога злавілі, вымазалі дзёгцем і выпусцілі. І ты будзеш блукаць адзін бясконцымі замкавымі калідорамі і сутарэннямі, дзе шкілеты замучаных, і ніхто не падасць вады…

Гэта прарочыя словы маці зацкаванага на смерць сабакамі Васіля Ветра, удзельніка Крычаўскага сялянскага паўстання 1740–1744 гадоў, адрасаваныя князю Гераніму Фларыяну Радзівілу. Так заканчваецца апошняя гістарычная драма Уладзіміра Караткевіча “Маці Урагану, узнёслы рэквіем сотням людзей, асуджаным на лютую смерць.


«Зладзействамі вядомы Радзівіл»

Тым героем, які наважыўся адзначыць сябе конным помнікам пры жыцці, быў Геранім Фларыян Радзівіл (1715–1760), падчашы (1739) і харунжы (1750), пяты гаспадар “на Белай, шыкоўным замку, парэшткі якога засталіся на землях, што пасля апошняй вайны ўвайшлі ў склад сучаснай Польшчы. Каб зразумець фінансавыя магчымасці гэтага магната, сына канцлера ВКЛ Караля Станіслава і Ганны Кацярыны з Сангушкаў, трэба прыгадаць пра атрыманую ім незлічоную маёмасную спадчыну. Так званую нейбурскую спадчыну па Людавіцы Караліне Радзівіл, памерлай у 1695 годзе ў Германіі.

А ўспадкаеміў ён ні больш ні менш як усю беларускую маёмасць Біржайскай лініі Радзівілаў, пазасталую па знакамітым Багуславе, “антыгероі сянкевічавага “Патопу — Біржы, Слуцк, Алыку, вялізныя землі ў Літве, Беларусі і Украіне. Так 20-гадовы Геранім Фларыян, дзякуючы намаганням прадпрымальнай Ганны Кацярыны, вядомай фундатаркі шматлікіх радзівілаўскіх мануфактурных вытворчасцяў улучна са знакамітымі персіярнямі, фарфурнямі і шклянымі вытворчасцямі, зрабіўся найбагацейшым беларускім землеўласнікам.

Якуб Вессэль. Партрэт Гераніма
Фларыяна Радзівіла. Каля 1746. Алей


Папраўдзе, клопаты маці пра лёс сына мелі дваістыя вынікі, як і яе шчыльная апека, з-пад якой Геранім Фларыян уцёк толькі ў 30-гадовым узросце. Асаблівасці выхавання і ўласныя схільнасці прывялі да фармавання аднаго з самых дзіўных, неадназначных і брутальных персанажаў беларускай гісторыі. Мары пра ўласную веліч, якую ён спрабаваў увасобіць сродкамі мастацтва, спалучаліся з жорсткім дэспатызмам і патрабаваннямі дысцыпліны з-пад палкі і да сямейнікаў, і да атачэння, і да слуг.

Юзаф Ігнацы Крашэўскі, польскі пісьменнік і гісторык ХІХ стагоддзя, у сваёй аповесці “У бельскім замку і іншых творах, падобна як і Караткевіч, не шкадаваў для нашага героя змрочных фарбаў: стогны кінутых у вязніцу ахвяраў, маўляў, падаюцца яму лепшымі песнямі. “На Русі зладзействамі вядомы канеўскі стараста Патоцкі, на Літве — Радзівіл… Крашэўскі перабольшваў нязначна.

Жонканенавіснік

Падазронасць, недаверлівасць адбіліся і ва ўласнаручных запісах “Дзённікаў і “Vademecum — тастаменце для сваякоў, напісаным перад смерцю. Князь раіць мець недавер да ўсіх, асабліва пазбягаць уплыву жанчын, “каб не вадзілі за нос, як індыка. Апошнія плацілі яму ўзаемнасцю: першыя дзве жонкі, Тэрэза з Сапегаў і Магдалена з Чапскіх, збеглі ад яго хутка, адна Анэля з Мянчынскіх ад шлюбных повезяў вызвалілася толькі праз пяць год праз ягоную смерць…

“Бойся няверных слуг і асцерагайся п’янства, — пісаў гэты бадай самы цвярозы з Радзівілаў — і пазбягаў удзелу ў сойміках і публічных з’ездах шляхты. Замкнёны, ён тым не менш не адкідаў думкі пра асабісты палітычны ўзлёт, праз усё жыццё звяртаючы ўвагу на знакі свайго вышэйшага прызначэння: прынамсі ён лічыў сябе вартым кандыдатавання на каралеўскі трон.

Адукацыю ж раіў атрымліваць своечасова, але не за мяжой, а на радзіме, і лепш у манахаў-піяраў. І ў Белай, і ў Слуцку дзеля асветы меліся вялікія бібліятэкі: пасля перавозу іх у Нясвіж па яго смерці тамтэйшы кнігазбор вырас прыкладна на 8 тысяч тамоў. Сам князь, аднак, здзейсніў адукацыйнае падарожжа па еўрапейскіх краінах у першай палове 1730-х, прывёзшы дамоў валоданне нямецкай мовай і ўсёабдымнае захапленне прускай культурай.

Гістарычна-тэатральная канва

Скрупулёзна вывучаючы гістарычную канву для напісання “Маці ўрагану, Караткевіч даслаў п’есе прэамбулу — “характарыстыкі некаторых гістарычных асоб п’есы, зробленыя для актораў… па максімальна дакладнай гістарычнай канве.

І партрэт Гераніма Фларыяна надта не прывабны — злы і пераважна пануры дэспат, які ў п’есе смяецца толькі двойчы — і ў жыцці хіба не часцей. Зусім не такі, як у парадным адлюстраванні 1746 года Якуба Вессэля, гданьскага партрэтыста высокага стылю, дзе князь адлюстраваны ў традыцыях каралеўскага прадстаўнічага кантэрфекта. Парадны камзол-жусакор з залатым шытвом, ускінутая рука з жазлом, на заднім плане — парад кавалерыі.

Партрэт Гераніма Фларыяна Радзівіла.
Майстэрня Гірша Ляйбовіча, сяр. XVIII ст. Медзярыт


У апошняй дэталі адбілася сапраўднае захапленне бельска-слуцкага князя — уласнае войска, лікам да 6 тысяч, і апрача пяхоты — артылерыя, кавалерыя, спецыяльныя янычарскія харугвы ў Белай і Слуцку. І ўласная ахова — мушкецёры, на ўзор французскага манарха. А каб папаўняць службу са сваіх, адданых афіцэраў — “kadetenhaus, школа кадэтаў у Белай з 1750 года, улучаючы выхаванне кадэтак. І дамінаванне ўлюбёных прусакаў і курляндцаў на службе, бо “халопы не вартыя даверу. Следам за Караткевічам зазначым — князь — дзеля сябе “разумны і не баязлівец (у 1752 годзе, скажам, зваліў за месяц 26 мядзведзяў, 17 дзікоў і 126 ваўкоў).

А каб яго інтарэсы засяроджваліся выключна на артыстычных захапленнях, ён, магчыма, увайшоў у гісторыю як станоўчая асоба… Толькі ў Слуцку ў 1750-я гады дзейнічалі акторы з Вены і Дрэздэна, Кёнігсберга і Торуні. Цэлая балетная трупа з Вены з балетмайстрам Пуціні. Музыкі складалі некалькі ансамбляў: італьянскі і венска-чэшскі, камерны, янычарскай музыкі і гарнізонную капэлу. У Слуцку выступаў не толькі балет, дзе працаваў яшчэ адзін блатмайстар Максімільян Дзюпрэ, але і арганізаваўся набор таленавітых дзетак мяшчан у балетную школу, тры танцавальныя пары, з якіх асабліва праславілася танцорка Міхневіч. Дзейнічалі кампазітары (немец Мейер, Юзэф Когут, Францішак Віттман).

З 1752 па 1760 гады пастаўлены 10 п’ес на італьянскай і нямецкай мове, 30 тэатральных вечарын — у асноўных оперных жанрах: камічныя оперы і інтэрмецца. Ёсць звесткі пра пастаноўкі камедыі дэль артэ, выкарыстанне лялечнага тэатра і тэатра ценяў. На ўпрыгожанне тэатру працуюць шкляныя мануфактуры ў Налібоках і Урэччы, ткацкія ў Карэлічах і Слуцку. Шыкоўны замак у Белай даведзены да бляску яшчэ маці, Ганнай з Сангушкаў, а ў Слуцку тэатр быў аформлены пры Гераніме Фларыяне і выглядаў, па яго словах, дыхтоўна: “зала для опер і камедый, цудоўна ўладкаваная, уся ў люстрах, у партэры лавы абабіты мяккім сукном, на лепшых месцах — дыван пунсовага аксаміту… Дэкарацыі падчас спектакля мяняліся, аркестравая яма месціла 40 музыкаў. Як у варшаўскіх Лазенках, планаваліся павільёны і тэатр паблізу вады — няздзейснены праект “Малой Венецыі на возеры Княжмор пад Слуцкам.

Уласны малюнак Гераніма Радзівіла


Вораг усім

Дарэмна казаць, што пыха і раскоша двара патрабавала фантастычных выдаткаў і няшчаднай эксплуатацыі сялян, дзейсным інструментам якой былі арандатары: іх мала клапаціў далейшы лёс тых, хто аддаваў апошнія грошы… Так і выбухнула крычаўскае паўстанне.

Але ж цярпела ад пільнага княжацкага кантролю і ўся ягоная служба. Таму шматлікія дакументы сведчаць: ад Радзівіла ўцякалі і ягоныя афіцэры, і служкі, і мастакі-рамеснікі. Брутальныя пагоні з сотнямі вайскоўцаў за збеглымі, і не менш брутальны вынас “паказальных пакаранняў на тэатральную сцэну: у 1756 годзе дэманстраваўся эпізод з павешаннем афіцэраў з Белай.

Захавалася перапіска з князем аднаго з яго лепшых мастакоў Стэфана Цыбульскага, які быў накіраваны на навучанне да прыгаданага маэстра Якуба Вессэля. Па вяртанні на доўгія месяцы мастак трапіў у кайданы і турму за спробы ўцёкаў — князь баяўся страціць укладзеныя сродкі. Пішучы князю прыніжаны ліст і пералічваючы свае здольнасці — рабіў па загадзе князя і рэстаўрацыю, і маляванне абразоў, і партрэты, і жывапіс у залах, — Цыбульскі не просіць павышэння заробку, 200 злотых (“што маю з рэспекту міласцівага майго на адзенне грэшнага цела), якія не ведае, на каго “справіць, сябе, жонку ці дзіцёнка… Просіць толькі найдрабнейшай свабоды, каб можна было “выехаць ці выйсці без спецыяльнага ардынансу.


Помнік самому сабе

Празмерны кантроль і рэгуляванне загубілі і праект коннага манумента з чатырма фантанамі вакол, які ў двух рэпліках, для Слуцка (дзе мусіў паўстаць на цэнтральнай плошчы горада) і Белай, пачаў планаваць у 1750-я гады некаранаваны кароль Літвы. У лісце ад 13 ліпеня 1755 года, пісаным з Урэчча да каменданта замка ў Белай Шылінга, захаваўся ўласнаручны малюнак Гераніма Фларыяна — для скульптара-немца, які разам з архітэктарам Краузе ўжо пачаў працы ў Белай.

Якія ж узоры бачыліся Гераніму Фларыяну ў думках пра ўзвядзенне манумента? У часы Яна ІІІ Сабескага, калі бацька героя аповеду Караль Станіслаў атрымаў тытул падканцлера ВКЛ (1690), на замову кіраўніка Рэчы Паспалітай працаваў, спачатку ў Львове, а потым у варшаўскай рэзідэнцыі Вілянаў (дзе выканаў выдатныя рэльефы), адзін з выбітных майстроў свайго часу — Андрэас Шлютэр (1660–1714), данцыгскі немец, а ў мастацтве — паслядоўнік Дж. Л. Берніні. Тыя, хто наведваў Пецярбург, могуць прыгадаць і яго кампазіцыі ў гонар выхаду Расіі да Балтыйскага мора, якія ён выканаў для Летняга палаца ўжо на замову Пятра І (1713–1714).

Але найбольш вядомая праца майстра — конны манумент курфюрсту Фрыдрыху Вільгельму ІІ (1696–1709), які ўпрыгожвае двор палаца Шарлотэнбург у Берліне. Тут, у Берліне, Шлютэр ачольваў пэўны час Акадэмію мастацтваў. Работа Шлютэра — шэдэўр манументальнай пластыкі барока. На мануменце курфюрст у антычным адзенні, але парыку XVII стагоддзя, узвышаецца на кані над алегарычнымі постацямі скораных ворагаў па кутах пастамента. Вось тая веліч і моц, створаная сродкамі геніяльнага мастацтва, якая вабіла амбітнага ўладара Белай і Слуцка. Твор, вядомы князю, паслужыў і прататыпам планаванага помніка самому сабе.

Манумент курфюрсту Фрыдрыху Вільгельму ІІ (1696–1709), Берлін



Няздзейснены праект

Вось ён перад намі — конь у велічнай спакойнай хадзе з прыўзнятай нагою, вершнік у рымскіх латах і антычным шлеме з плюмажам, з ляскай-рэгіментам у правай руцэ.

У некалькіх лістах у 1755 года да каменданта Шылінга князь загадвае забяспечыць майстра ўсім неабходным, цікавіцца спецыфікацыяй лістоў медзі, якія трэба замовіць, загадвае выкарыстаць “катляра Навотнага дзеля вырабу радзівілаўскага фамільнага герба, арла, які мусіць размясціцца пад статуяй. Ідуць драбязговыя парады, князь загадвае сачыць “за прапорцыяй, раіць, як трэба распілаваць статую дзеля ўмацавання элементаў — найбольш папулярная тэхналогія тых часоў прадугледжвала выраб полай скульптуры з металічных пласцін, абабітых па форме драўлянага першаўзору. Дробныя заўвагі, парады, і такая тыповая для Гераніма Радзівіла зачэпка: сачыць, каб “сніцару тамтэйшаму не даць на міласць Бога распіцца…

Працы пачаліся, і паўстаў драўляны праект, і падрыхтаваны матэрыялы. Але, па іроніі лёсу, аднаго дня князь, на той час выехаўшы з Белай, атрымаў ад каменданта ліст — са звесткамі, што скульптар выехаў без папярэджання. А перад ад’ездам нахабна казаў, што “ягамосць пан нічога ў апрацоўцы і якасці металічных пласцін не разумее. Душа мастака не вытрывала…

Гісторыкі сцвярджаюць, што ў сярэдзіне XVIII стагоддзя сукупныя даходы з валоданняў Радзівілаў (трэба ўлічыць і нясвіжскую лінію) дасягалі 7,5–9 мільёнаў польскіх злотых штогод, параўнальна з даходамі французскага каралеўскага двара ў 10 мільёнаў ліўраў. І аплата мастакоў, як ва ўзгаданага Цыбульскага, была блізкай да звычайнай: 4–6 злотых на тыдзень, 208–312 злотых штогод, плюс харчовае забеспячэнне, жытло, падарожныя. Замежным мастакам плацілі ў 3–4 разы болей, і збеглы скульптар мог разлічваць на большае. Прыкладам, архітэктар Маўрыцыа Педэці па кантракце ў брата Гераніма Фларыяна, нясвіжскага ўладара Міхаіла Казіміра “Рыбанькі ў 1746 годзе працаваў за 80 дукатаў, ці 1440 злотых.

Але тут як у купалаўскім “Кургане: “Не дае гуслярам сказу золата цвет… Так у рэальнай гісторыі здзейсніўся праклён Агны Вецер, маці сапраўднага крычаўскага паўстанца з апошняй п’есы Караткевіча “Маці ўрагану. А ў Слуцку і Белай не паўстаў першы ў Беларусі конны помнік, які па грандыёзнасці мог паспрачацца з манументамі Фрыдрыха Вільгельма ў Берліне і Пятра І у Пецярбурзе. Відаць, час даў Беларусі магчымасць пачакаць і выбраць сапраўдных герояў.

Каментаваць