Вяртанне Марка Шагала

24 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылося святкаванне 125-й гадавіны Марка Шагала. Цэнтральнай падзеяй мерапрыемства зрабілася перадача ў калекцыю галоўнай мастацкай скарбонкі краіны двух графічных аркушаў мэтра — акватынтаў-афортаў «Крыжовы шлях» і «Візія Апакаліпсісу».
 

У перапоўненым фае новага корпуса гасцей віталі дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка, міністр культуры Беларусі Павел Латушка і пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал.

Прысутнасць Віктара Бабарыкі выклікала асаблівую цікаўнасць: менавіта на сродкі «Белгазпрамбанка» апошні год актыўна фармуецца тэматычная карпаратыўная калекцыя твораў выяўленчага мастацтва «Мастакі парыжскай школы родам з Беларусі». У калекцыі ўжо налічваецца больш за 40 прац. Сярод іх — творы Міхаіла Кікоіна, Пінхуса Крэменя, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Хаіма Суціна, Марка Шагала. Вяртанню твораў Шагала на радзіму ўвесь час узнікалі перашкоды.

У 1961 годзе, калі адзін маскоўскі калекцыянер меркаваў перадаць Віцебску некалькі работ майстра, яго спыніла варварскае знішчэнне мясцовымі ўладамі радзімы Шагала — Дабравешчанскай царквы. У 1975-м, праз два гады, як Марк Шагал, здавалася, быў «рэабілітаваны» ў Маскве, і адбылася выстава яго работ у Траццякоўцы, беларускія партыйныя лідары на спробу арганізаваць наведванне мастаком Віцебску заявілі, што такога творцы з Беларусі не існуе. І нават пасля 1997 года, калі ўнучкі Шагала Бэла і Мерэт Мейер правялі ў Нацыянальным мастацкім першы паказ твораў знакамітага дзеда, дамовіўшыся і надалей адзначаць яго гадавіны чарговымі экспазіцыямі, здабыць яго працы ў мінскую калекцыю не атрымалася.

Заканамерна, што міністр Павел Латушка з удзячнасцю адзначыў прыход да справы вяртання шэдэўраў прыватнага капіталу. Бо хаця сума ў 10 мільярдаў беларускіх рублёў, выдаткаваная сёлета дзяржавай на закупку мастацкіх твораў, і вялікая, але недастатковая. Як цуд пракаментаваў падзею і пасол Ізраіля, заявіўшы, што 25 гадоў таму ўявіць сітуацыю, калі дыпламат з яго краіны будзе вітаць у Мінску перадачу ў музей графічных аркушаў Шагала, было практычна немагчыма. Ні ў сэнсе юрыдычнага існавання гэтакага дыпламата, ні ў сэнсе прыязнай сустрэчы прыгаданых работ.

«Зліквідаваць прабел у калекцыі мастацкага музея», як назваў тое, што адбылося, прадстаўнік ахвярадаўцы Віктар Бабарыка, бізнесоўцы ўспрымалі за свой пачэсны абавязак. Вяртанне краіне культурных пазык яе грамадзянамі. А магчымым гэта стала пасля набыцця аркушаў на аўкцыёне Christie’s у Лондане 20 верасня 2011 года. Наступным крокам творы знакамітага суайчынніка зоймуць пачэснае месца ў сталай экспазіцыі музея. Гэта 24-я адбіткі з 35 асобнікаў накладу, надрукаванага ў 1967 годзе. Не выпадковая і хрысціянская тэматыка, да якой Шагал звяртаўся праз усё жыццё, ад самых ранніх работ, суадносячы яе з нацыянальнымі габрэйскімі матывамі.

Падчас перадачы твораў музею адбылося ўрачыстае гашэнне канверта з маркай, спецыяльна падрыхтаванага міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Беларусі да 125-годдзя мастака. Фінальным акордам вечара зрабілася прэм’ерная дэманстрацыя фільма «Марк Шагал. Нерэальная рэальнасць» — мастацка-дакументальнай прыпавесці пра жыццё творцы, у якой сюжэты яго работ ажывалі праз архіўныя кіназдымкі, кіназамалёўкі родных мясцін, пастановачныя сюжэты і каментары спецыялістаў. Работа створана на «Беларускім відэацэнтры» рэжысёрам-дакументалістам Зояй Катовіч па сцэнары Веры Савінай у 2012 годзе.
 

Каментаваць