Выцінанкі Вячаслава Дубінкі “Я проста ў далёкай вандроўцы”

27 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася мемарыяльная выстава выцінанак Вячаслава Дубінкі “Я проста ў далёкай вандроўцы, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння мастака (17.12. 1941, горад Слуцк Мінскай вобласці — 10.08.2010).



27 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася мемарыяльная выстава выцінанак Вячаслава Дубінкі “Я проста ў далёкай вандроўцы, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння мастака (17.12. 1941, горад Слуцк Мінскай вобласці — 10.08.2010).

Ён скончыў Чарнавіцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту на Украіне (1961), некалькі год працаваў будаўніком, узводзіў вайсковыя аб’екты ў беларускіх гарадах Мазыр, Ельск, Петрыкаў (усе — Гомельская вобласць) і Бабруйск (Магілёўская вобласць). З 1965 года працаваў фотакарэспандэнтам раённых і рэспубліканскіх газет, рэдактарам аддзела часопіса “Беларусь. Здымкі майстра адзначаны на шматлікіх міжнародных выставах, у тым ліку медалём на “Интэр-прэс-81 у Маскве.

Амаль 50 год таму Дубінка адрадзіў папулярны ў XVIII-XIX стагоддзях на Беларусі арыгінальны від народнага ўжытковага мастацтва выцінанкі. Выразанкі з паперы некалі былі вельмі распаўсюджаны ад Японіі да Францыі, але амаль зніклі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя паўсюды, у тым ліку і на Беларусі.



Дубінка — сябра Беларускага саюза мастакоў (БСМ), Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Яго працы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны, упрыгожваюць мастацкую кераміку ў аздабленні метро ў Харкаве. Дубінка — аўтар кніг прозы “Не плач, душа мая, “Браты святой ночы і “Сіндыкат Мані Дулі, ён аформіў выцінанкай зборнікі казак і паэзіі,  кніжкі для дзяцей. У 2011 годзе выдадзены яго арыгінальны аўтарскі альбом “Выцінанкі.



Як адзначыў першы намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца, ён заўсёды здымае капялюш перад светлай памяццю Вячаслава Дубінкі, які для маладых мастакоў заўсёды быў прыкладам спакойнага і ціхага, але абсалютнага самаадданага служэння сваёй Бацькаўшчыне, беларускай культуры і ўвогуле справе нацыянальнага адраджэння. Сітніца назваў мастака “чалавекам фенаменальнай адоранасці.



“Назва выставы гаворыць пра тое, што чалавек проста часова пакінуў нас і часова вандруе ў сусвеце і ў Божым валадарстве. Але тое, што пакінуў Дубінка на нашай зямлі, гэта прыклад найвышэйшай культуры і мастацкай асалоды. Я з вялікім захапленнем гляжу на яго выцінанкі — яскравы прыклад нашай спрадвечнай традыцыі, якая сваімі каранямі сягае ў сівую даўніну. Але мастак ўзняў гэтае традыцыйнае народнае мастацтва да вышынь прафесійнага, — сказаў Сітніца.



Паводле слоў сябры і земляка Дубінкі мастака Уладзіміра Басалыгі, за свае жыццё Слава “стараўся ўхапіць ўсё, цікавае яго багатым і прыгожым душы і розуму, угледзець тую зорачку прыгажосці, з якой можна было зрабіць мастацкі твор. “Нашае сяброўства пачыналася на пачатку 1950-х гадоў, ў далёкія часы дзяцінства і доўжылася да апошніх гадоў. І калі Слава паказаў мне свае першыя выцінанкі на белай паперы, я адчуў, што гэты апантаны чалавек можа зрабіць прыгажосць, не зусім зразумелую іншым, — сказаў Басалыга.  

Выстава працуе па 15 ліпеня.

Каментаваць