Віктар Марціновіч: РБ — 100! 祝贺!!

2091-ы год. Інтэр’ер таверны-дымсама ў кантонскім стылі «Юны Маа» на вуліцы Лепельскіх Хунвейбінаў (былая Валадарская) у Горадзе Шэрага Неба (былы Міньск). Над блюдам з дайканамі, ламайгаем, спрынг-роламі і дзяадзы сабралася невялічкая грамада.

Мужчын толькі шасцёра, але крычаць яны так, быццам тут прысутнічаюць усе незадаволеныя Каланіяльнай Адміністрацыяй Паўночна-Заходніх зямель (магчыма, такіх незадаволеных толькі шасцёра і засталося). Яны спрачаюцца на рускім дыялекце кітайскай мовы, але часцяком у іх гаворку праціскаюцца мясцовыя лексічныя адзінкі, якія яны выклікаюць у адным, самым верхнім, тоне: “Gan Ba (o)!”, “Zdra-Dao”! і г. д. Падышоўшы бліжэй, можна расчуць, пра што ідзе гаворка:

— І колькі тая “дзяржаўнасць” трывала? Сорак гадоў?

— Меней! З 1991-га і пакуль Чырвонае Сонца Нашых Сэрцаў не закацілася ў свой Нябесны Палац.

— Вось дзе кіраўнік быў! За незалежнасць рогам стаяў!

— І калі тое адбылося? У 2030-м? Хто памятае?

— Мы не гісторыкі! Мы — ваяры! Толік, падлі гарбаткі!

— І чаму мы гэта мусім святкаваць? Лепей забацаем шэсце! Каб ва ўсяго Палітбюро срачкі пападціскаліся! За дабрабыт і незалежнасць!

— Дык незалежнасць — гэта і ёсць юбілей РБ! 100 гадоў! Лепей добра адзначыць!

— Ганьба-о! Ты сікун, браце!

— Сі-кун? Як гэта?

— Гэта не кітайская! Гэта РБшная, старажытная. Ад “сікаць”!

— Трэба выйсці ўсім, хто не збаяўся. Шчыльнымі радамі.

— Папусціся!

— Са сцягамі нашай Незалежнасці! Чырвона-зялёным! З гербам нашай Годнасці! Каласы і канюшына! І ў сонечных прамянях — Контур! Наш! Які на мапах пазначаць нельга!

— Папусціся!!!

— І вось калі Палітбюро пабачыць гэты натоўп, маўклівую арду, не, хай яна будзе не маўклівай! Хай яна спявае! Гучна! З рэхам! З розгаласам! Старажытны гімн! “Мы, беларусы, з братняю Руссю”! У дзядоў валасы іх пафарбаваныя на дыбкі стануць ад плыткай чалавечай ракі!

— Нас шасцёра! Шасцёра на ўсю краіну! Якая рака?

— Але нават шасцёра — гэта шмат! Мы возьмемся за рукі! І заспяваем!

— Нас павяжуць яшчэ да таго, як Ваньк’я сцяг разгорне! Лепей ціхенечка ў парчык і там патанчым, паслухаем Лі Вона — ён пад баньху з гонгам ды цымбаламі спяе “Простае рэ чы”. І радасна будзе! Трэба пашыраць кола свядомых!

— Дык я пра што — станем такой моцнай, нястрымнай ракой! І — да рэзідэнцыі Палітбюро!

— Ты ж толькі адседзеў за мінулы раунд!

— А ты — сі-кун! У сэнсе сікун!

— Цікава, што пра РБ тую ў школах нічога не кажуць. Значная ж была падзея!

— Для сікуна любая падзея значная, абы пад дручкі не лезці. Абы ў кустах патанцаваць.

— Першая паўнавартасная беларуская дзяржава! За ўсю гісторыю. Без немцаў. Без палякаў. Без летувісаў!

— Ой, слухай, вось прымоўк бы ўжо пра тую дзяржаву! Хіба дзяржава можа трываць так каротка?

— 30 гадоў — не каротка. А там, можа, і 40 было! Ніхто ж не памятае. Толік, што скажаш? 30 ці 40? Ты ж у школе пайса гісторыю праходзіў!

— РБ твая ўвесь час была пад знешнім кіраваннем! Эканоміка ўся складалася з усходніх даванняў! І як толькі яны скончыліся — пачаўся крызіс!

— Але ж валюта была!

— Хіба тое валюта?

— Нават манеты засталіся, Ваньк’я, пакажы! Два рублі. Адзін рубель!

— А мова ўласная хіба толькі на грашах і мільганула! Ні ва ўніверсітэтах, ні ў школах, ні ў садках! Дык што гэта за дзяржава? Калі нават выгляду не рабілася, што знешняга кіравання няма!

— Слухай, мову тую проста не ўсе жыхары разумелі!

— Дык каб была дзяржава — яна навучыла б! Жыхароў! Адно слова: эРБэ! Скажы, Вя Чык?

— Згадайма войска! Хіба ў той РБ было войска?

— А хіба не было? У Ваньк’і нават шаўрон застаўся! І два пагоны. І пас з кукардай!

— Пра кукарду не трэба, на ёй савецкая зорка!

— Якое ж гэта войска, калі ўсе каманды на чужой мове? Якое ж гэта войска, калі галоўная падзея — сумесныя вучэнні мы самі памятаем з кім.

— Не будзем прозвішча згадваць!

— На “Пэ”.

— Ха-рэ, тут кітайская ўстанова, паўсюль аўдыёсканеры, не хапала яшчэ за згадку таго “Пэ” трыста юаняў штрафу сплаціць.

— эРБэ была патрэбная, пакуль “Пэ” не ўразумеў, што асноўная для яго небяспека ідзе зусім не з Захаду.

— А калі зразумеў, ужо запозна было!

— Бо прыйшло Палітбюро і “Пэ” забараніла! Трыста юаняў штрафу! За любую вусную згадку!

— І вось, каб абараніцца ад Еўразвязу…

— І ад Піньдану!

— “Пэ” і зрабіў такую засцерагальную паласу. І даў ёй дэкаратыўную незалежнасць. Піньдан і еўропцы пасля крушэння Савецкай Саюзі не спяшаліся сюды наступаць, “Пэ” не наважваўся ўключаць у склад — пасля Крыма ведаў, што дорага.

— Крым пазней за 1991-ы быў! Гэта ўжо апошняя стадыя!

— Не, праз Крым Савецкая Саюзь якраз пачала распадацца! І тады і з’явілася Чырвонае Сонца Нашых Сэрцаў! Які скарыстаў шанец!

— Вось дзе кіраўнік быў! Усіх памірыў!

— А чаму незалежнасць не пратрывала пасля таго, як Чырвонае Сонца Нашых Сэрцаў закацілася ў свой Нябесны Палац? “Пэ” ж ужо слабы быў! Праз Палітбюро! Мусіла захавацца дзяржава!

— Таму што перасварыліся ўсе! І народ, гледзячы на гэта, сам Палітбюро паклікаў!

— А чаго ж сварыліся?

— Дамовіцца пра найменшае не здольныя былі.

— Хлопцы, гарбата скончылася, трэба тэрмінова вырашаць, што робім на ўгодкі эРБэ! Бо давядзецца яшчэ замаўляць, а гэта ўжо за свой кошт.

— Шэсце! Пакажам Старэйшым! Каб срачкі пасціскаліся!

— Канцэрт! Так бяспечней! Прыйдзе болей людзей!

— Шэсце! А хто не выйдзе — той сікун!

— Канцэрт! Ха-рэ правакаваць!

— Шэсце, баязліўцы! Ці вам вашы куратары зусім ашыйнікі пераціснулі?

— “Нашы куратары”? Нашы? Да цябе яшчэ ў першую сідку загіпнатызавалі, каб ты пад іх гучжэны танчыў! І нас прымушаў!

— А сам сядзеў? Не сядзеў? Вось і не пі-дзі!

Пачынаецца штурханіна, яна пераходзіць у нешта, падобнае на далікатную бойку. Калі адзін з аматараў гісторыі бярэцца за тэракотавы імбрык, уладальнік дымсама ўключае сірэну. Спрэчка адразу ж канчаецца, бо ўсе ўдзельнікі ведаюць: праз хвіліну сістэма аўтаматычна ўключыць Справядлівасць Балючага Уціхамірвання. Мужчыны, свідруючы адзін аднаго зласлівымі позіркамі, разыходзяцца. Назаўтра яны пачнуць падрыхтоўку да сваіх асобных Подзвігаў: Шэсця Годнасці і Канцэрта Незалежнасці. Большасць насельнікаў Горада Шэрага Неба не даведаецца ні пра Шэсце, ні пра Канцэрт. Бо ў афіцыйным календары 25-га жніўня — Свята Вета, у гонар першага скарыстання вета Кітаем у ААН у 1972 годзе. Ніхто з жыхароў Паўночна-Заходніх Зямель ніколі не чуў пра РБ.

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць