Віктар Малішэўскі заўтра, 3 снежня, распавядзе пра "Невыносную лёгкасць ныцця"

Адкрытая лекцыя Віктара Малішэўскага "Невыносная лёгкасць ныцця" адбудзецца 3 снежня (серада) у бізнэс-клубе IMAGURU.

 



Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, Лятучы ўніверсітет і “Беларусский журнал” запрашаюць на адкрытую лекцыю вядомага беларускага блогера Віктара Малішэўскага “Невыносная лёгкасць ныцця”.

Дзяржаўныя СМІ імкнуцца ствараць вобраз краіны, у якой хочацца жыць (атрымліваць асалоду ад стабільнасці, "Славянскага базару" і перамогаў беларускай прамысловасці). “Хачу жыць у той Беларусі, якую паказваюць па БТ” — кажа папулярны беларускі анекдот. А ці хоча хто-небудзь жыць у краіне, вобраз якой малююць незалежныя СМІ? Гібеючае пад гнётам дыктатуры грамадства, якое не ведае сваёй гісторыі і культуры, поўная “разруха ў галавах і прыбіральнях” ... Краіна, якую трэба шкадаваць. З якой хочацца бегчы.

З чаго пачынаецца сапраўдная журналістыка, як і чаму фармуецца менавіта такі вобраз Беларусі ў незалежных медыях і што ён у большай ступені “адлюстроўвае”? Існуючую рэчаіснасць? Устаноўкі і кваліфікацыю журналістаў і рэдактараў? Агульны стан і настроі “дэмакратычна арыентаванай супольнасці”? Над гэтымі пытаннямі разважае ў сваёй лекцыі Віктар Малішэўскі.

Адкрытая лекцыя Віктара Малішэўскага "Невыносная лёгкасць ныцця" адбудзецца 3 снежня (серада) у бізнэс-клубе IMAGURU (Мінск, вул.Фабрыцыуса, 4, раён ст.метро "Інстытут культуры").

На сайце Лятучага універсітэта можна будзе далучыцца да анлайн-трансляцыі лекцыі.

Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

Мерапрыемства пройдзе ў межах цыкла адкрытых лекцый "Галоўнае пытанне", першая частка якога была праведзена ў верасні-кастрычніку гэтага года. Калі ў "першым сезоне" пра "галоўныя пытанні" разважалі члены калегіума Лятучага універсітэта — інтэлектуалы, навукоўцы, даследчыкі, то ў гэта раз мы запрасілі да ўдзелу прадстаўнікоў адной з самых дынамічных і праблемных сфер сучаснасці — сферы медыя, сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі.

Запіс першай лекцыі, прачытанай у межах "другога сезона", можна паглядзець тут: Паўлюк Быкоўскі “Змены мадэляў медыяспажывання і выклікі традыцыйнай журналістыцы”. З запісамі і дыскусіямі першай серыі цыкла можна азнаёміцца на сайце Лятучага ўніверсітета.

Каментаваць