Віктар Марціновіч: Маленькі Луўр у Зембіне

За 60 кіламетраў ад Мінска ў напрамку Барысава знаходзіцца маленечкае паселішча, якому Вікіпедыя дае ганарлівы статус «аграгарадка». У Зембіне, паводле дакументаў і перапісу, жыве ажно 600 жыхароў. 



На працягу пяціхвіліннага шпацыру ад кожнага з гэтых 600 жыхароў знаходзіцца скарб, які б вельмі зацікавіў любую берлінскую ці венскую галерэю. Культурны здабытак не проста рэспубліканскага, але, як раней было прынята казаць, «усесаюзнага» значэння, што нейкім цудам апынуўся in the middle of nowhere і — што самае цікавае — там і застаўся, нават не да канца пакуль разрабаваны!

 

Але пра гэты скарб вам не раскажуць у мясцовай краме, дзе хутчэй пачуеце пра іншае мясцовае дзіва — царкву, якую разбурылі танкам падчас здымак савецкага фільма з Мікітам Міхалковым, дзе была сцэна разбурэння царквы танкам. І вось Міхалкоў на ўзнаўленне беларускай царквы грошай не даў, а адзін знакаміты нацыянальны футбольны клуб — даў. Такія вось дзівосы турбуюць зембінцаў. А скарбы — гэта для Вены ці Берліна!

 

Трэба адзначыць, што я апынуўся там выпадкова — пачуў пра зембінскія дзівосы ад аднаго вельмі таленавітага паэта. Дык вось. Справа ў тым, што была такая мастачка, Надзея Хадасевіч-Лежэ. Яна нарадзілася на Віцебшчыне, з’ехала ў Парыж, зрабілася там знакамітасцю, як гэта прынята ў беларускіх мастакоў. Сябравала з Маркам Шагалам і выйшла замуж за Фернана Лежэ (яшчэ адзін знаёмец Шагала, яшчэ з часоў «Вулля»). Калі той памёр, арганізавала ў ягоны гонар музей, адзін з першых у гісторыі музейнай справы тэматычных solo-музеяў мастака (праз тое занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса). Пэўны час Надзя была для Лежэ тым, кім была Галарына для Сальвадора ці Бэла для Марка. Па веравызнанні, як і сам Лежэ, была адданай камуністкай. Сябравала з легендарным міністрам Фурцавай. І вось тут пачынаецца самае цікавае.

Праз тое, што 1970-х у Зембіне жылі яе родныя, падчас свайго візіту ў СССР Надзея вырашыла перадаць у дар гэтаму гораду… 33 рэплікі карцін майстроў еўрапейскага жывапісу. Інтэрнэт падкажа вам, што размова ідзе пра «факсімільныя рэпрадукцыі», але не верце інтэрнэту. Гэта не «фотакопіі» і не «фотаздымкі». Гэта вельмі якасна зробленыя рэплікі, якія ўзнаўляюць не толькі дакладны колер, але і фактуру арыгіналаў. Нягледзячы на тое, што ў гэтых карцін папяровая аснова, спецыяльны тэкстурны гель паведамляе нам нават араграфію штрыхоў — гэта добра бачна на здымках. Кожная з гэтых копій, якія да таго ж маюць ужо і архіўную каштоўнасць (бо паведамляюць нам пра тое, як «па-багатаму» «падраблялі» масляныя шэдэўры ў 1960-х) каштуе сёння прынамсі некалькі тысяч долараў. І ўсё гэта было падаравана маленькаму Зембіну і першыя гады захоўвалася ў… звычайнай сярэдняй школе!

 

Дарэчы, фотаздымкі гэтых прац у Google вельмі цяжка адшукаць (я не адшукаў, таму і паехаў), таму ўглядзіцеся ў гэтыя колеры. Уявіце сабе, як «торкаў» сялянскіх дзетак Ван Гог! Як кілбасіла іх ад вельмі дакладна ўзноўленага Брэйгеля!

 

Але гэта яшчэ не галоўнае… Справа ў тым, што прыкладна тады ж, у 1970–1972-м, Надзея Хадасевіч-Лежэ перадала СССР свае 72 мазаікі. Размова ідзе пра арыгінальныя, вырабленыя са смальты ды мальтыйскага каменю пано аўтарства якіх належала адной з яскравых еўрапейскіх мастачак другой паловы ХХ стагоддзя. Па легендзе, вагон з гэтымі пано некалькі гадоў прастаяў на запасных шляхах, бо на пано ў тым ліку былі партрэты асоб, не вельмі пажаданых у СССР. Ну, напрыклад, Марка Шагала, якога ў Маскве «рэабілітавалі» толькі ў 1987-м. Значная частка гэтых пано знікла, унучка Надзеі адшукала 11 з іх у Дубне, 3 — у Маскве…

 

Дык вось, вы не падайце з фатэля, але 6 з гэтых арыгінальных прац Лежэ знаходзяцца… у аграгарадку Зембін. Дзе экспануюцца ў звычайным сельскім музеі. Прычым тут — не толькі партрэт Пікаса ці майстравіта выбіты камянямі Ленін, але і… даражэнькі наш Марк Захаравіч!

 

 

Ведаеце, калі апынаешся ў пакойчыку з арыгінальнымі мазаікамі Надзі, асабліва памятаючы пра тое, які пейзаж чакае цябе за вокнамі, гэта вельмі ўражвае. Смальта ззяе пунсовым, памаранчавым, блішчыць бы кранутая лакам. Мальтыйскі камень вабіць не столькі глыбінёй колеру, колькі сваёй фактурай, якую не ўзнавіла б нават майстэрства рэпрадуктараў. Шагал — чорна-белы, і толькі вочы ў яго — васільковыя. Кожны з герояў змешчаны на фоне пластычных каляровых плямаў, якія дадаюць выяве экспрэсіі, вызначаюць не толькі настрой твора, але і характар персанажа.

 

Кажуць, ужо была аднойчы «наверсе» ідэйка мазаікі перавезці з Зембіна ў Мінск. І тут яны б маглі ўтульненька згубіцца пры пераафармленні фондаў. Дарэчы, зембінскі музей ужо рабавалі ў сярэдзіне 90-х, у выніку чаго 11 рэплік еўрапейскіх шэдэўраў, у тым ліку па-майстэрску выкананая копія Леанардавай «Джаконды», зніклі без слядоў. Пра найменшую цану гэтых скарбаў я ўжо згадваў, а з часоў страты Крыжа Ефрасінні Полацкай, у нас ёсць традыцыя ў такіх выпадках на згубленае паляваць не вельмі зацята. Так і тут: рабаўнікоў дагэтуль не знайшлі і, я так думаю, ужо і не шукаюць.

 

Дык вось, ад перавозкі ў Мінск мазаікі 3 гады таму ахавала толькі тое, што яны літаральна умантаваныя ў сцяну, іх немагчыма аддзерці, не пашкодзіўшы. То, можа, зембінскі цуд застанецца яшчэ на нейкі час у Зембіне. Дарэчы, я доўгі час думаў, ці варта наогул пісаць пра пабачанае ў тамтэйшым музеі, ці не варта пакінуць гэта для вузкага кола сяброў.

Але, думаецца, «чысцяць» не тое, што дрэнна ляжыць, «чысцяць» тое, на што ўсе забыліся. Я не ведаю, колькі наведнікаў трапляе ў Зембінскі музей у год і ці набліжаецца гэтая лічба хаця б да колькасці жыхароў Зембіна. Але, спадзяюся, зацікавіў свайго шаноўнага чытача, і зараз вы дакладна будзеце ведаць, куды накіруецеся ў найбліжэйшыя выходныя. Будзем шанаваць скарбы, будзем рупіцца пра іх — ніколі яны ад нас не знікнуць! Ну, прынамсі, бясследна…

budzma.by

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-24 16:47:19
"падчас свайго візіту ў СССР Надзея вырашыла перадаць у дар гэтаму гораду…" - ніколі ў СССР Зэмбін не быў горадам.



Захапленне рэплікамі-копіямі можна вытлумачыць хіба комплексам непаўнавартасці, пра што сведчыць і аўтарскі выраз "in the middle of nowhere" - "пасярод пусткі/чорнай
дзіркі"...



Мазаіку Надзі Лежэ я бачыў яшчэ ў час першага візіту ў Зэмбін пад канец 1990-х гг. Вельмі ўсё па-савецку не ў лепшым сэнсе слова. Мне такога дабра і ў Мінску хапала (напрыклад, ля ст. метро
"Усход"). Канешне, калі глядзець на гэта зрэдчас, "вачыма замежніка", то можа і "торкнуць"...

Каментаваць