Віктар Марціновіч: У якім стылі будуецца Мінск?

Шмат часу спрабаваў зразумець прыроду кароткага замыкання, якое здараецца з мозгам, калі глядзіш на мінскія новабуды. Сам па сабе дом «Ля Траецкага» — не катастрофа, хай сабе і дзіўнавата, што такі вялікі будынак у цэнтры горада мае парадны і дваравы фасады. Але, калі ўявіць яго ў любым іншым месцы, напрыклад? у Лошыцы, бліжэй да кальцавой (а лепей — за ёй), ванітныя спазмы знікаюць. «Славянскі квартал», з ягонымі фактурамі і аб’ёмамі выглядае, бадай што, прывабна. Калі б не месціўся ён у прасторы, якая на «дзелавы цэнтр», business ghetto, ну ніяк не выглядае. Каб не тырчаў цяпер зухавата адусюль.



А Мінск будуецца...


 

Новы будынак цэнтральнага аўтавакзалу хворы на агульную для ўсіх нашых новабудоўляў хваробу гіпертрафаванай пластычнай універсальнасці, але ён сам па сабе не ёсць epic fail. Проста насупраць — красун у стылістыцы сталінскага ампіру — той самай стылістыцы, у якой вырашаны ўвесь квартал.

І вось сэрцам чуеш гэты дысананс, што сустракае на прывакзальнай плошчы, з яе сталінскімі вежамі «брамы гораду», якія суседнічаюць са «шклянкай» новага універсітэцкага будынку; дысананс, што паглыбляецца з кожным крокам углыб сталіцы. Але сфармуляваць ці нават проста схапіць яго ў якасці трывалага асабістага адчування — складана. Урэшце, не ў тым жа праблема, што сталінскі ампір суседнічае са шклом! Бо шмат у якіх гарадах спалучэнне старасвецкасці і постмадэрну сталася візітоўкай (згадваецца раманская вежа ў Брусэлі, што заключана ў абдымкі суперсучаснага гатэля). І вось усё роўна: нешта не дае спакою, адштурхоўвае, турбуе.

Адчуванне асабліва паглыбілася ў апошнія гады. Бо, пагадзіцеся, нешта глабальна змяняецца. Мінск будавалі і раней так, што гэта выклікала шмат смутку і шмат смеху. Згадаем хаця б пра Нацыянальную бібліятэку. Але зараз як быццам бы пачалася вялікая архітэктурная рэвалюцыя: тэмпы змянення гораду паскорыліся ў разы. Там, дзе яшчэ некалькі месяцаў таму быў парк, ці перспектыва на возера, ці аскепкі саду, зараз — постары з назвай дэвелапера ды абяцаннем, што хутка тут будзе чарговы «шматфункцыянальны комплекс»: нешта нявызначанае, няўпэўненае ў сабе нават на ўзроўні назвы.

Змянілася і ступень нахабства: пяць гадоў таму складана было ўявіць сабе тое, што адбываецца зараз ля цырку. Дык тым болей прынцыпова зразумець тую загадкавую хваробу, якая жарэ візуальны ландшафт гораду.

Тлумачэнне знайшлося так. Я ехаў з Варшавы. Суседам па купэ апынуўся знаны культуролаг і кінакрытык Андрэй Расінскі. І размаўлялі мы з Андрэем не пра архітэктуру, а пра фільм «Жыве Беларусь». Андрэй прызнаўся, што яго вельмі зацікавіла тая цэльнасць, тая бездакорнасць, з якой у фільме сканструяваны вобраз той «Беларусі», якая супрацьстаіць галоўнаму герою. Андрэй зрабіў парадаксальнае назіранне: у рэале гэтай цэльнасці няма. Няма ніякага вялікага стылю, які праглядаўся, напрыклад, у сталінскім СССР. Фільм «Жыве Беларусь» вымушаны быў «стварыць» гэты стыль з нуля — проста, каб «зло» мела нейкую форму (бо абстрактнае і нестылёвае зло вельмі ж некінематаграфічна). Менавіта адсюль, з гэтай адсутнасці стылю, Андрэй збочыў на тую думку, якую я хацеў бы паспрабаваць рэтрансляваць.

Справа ў тым, што адзіным стылем які спараджае нашая з вамі сучаснасць, ёсць дэструкцыя любой стылёвасці. І менавіта гэта бянтэжыць і выклікае закіпанне мозгу ў мінскай архітэктуры.

Размова не пра тое, што мінская сучасная архітэктура выкананая ў стылі дэканструкцыі. Не, стылёвай праявай сучаснай беларускай архітэктуры з’яўляецца менавіта спалучэнне прынцыпова неспалучальнага. Такога, як чырвоны колер і зялёны колер. Спалучэнне таго, што забівае стылёвасць, узрывае яе, пакідаючы дзіўнае адчуванне разгубленасці. Ну, гэта як абуваць красоўкі пад строгі гарнітур, але толькі ў памерах горада. Некалі гэтая з’ява была бачная ў прыватнай забудове мінскіх прадмесцяў, дзе кожны Вася рабіў сабе «замак», як яму прымройвалася. Але зараз гэтыя Васевы «замкі» палезлі на праспекты і нават, блін, атрымліваюць рэспубліканскія архітэктурныя ўзнагароды.

Адзначу тут, што, як заўсёды, ёсць удалыя выключэнні, у прыватнасці — будынак Беларускай калійнай кампаніі, які арганічна ўпісаны ў наваколле і не мае выбуховых пластычных ці аб’ёмных дысанансаў.

Але ж. Але! Няма дзвюх болей далёкіх і неспалучальных плыняў, чым той шкляны new-international, у якім выкананы вакзал, і сталінскі ампір, што суседнічае з ім. Няма дзвюх болей далёкіх з’яў, чым Траецкае прадмесце і дом «Ля Траецкага». Прычым насуперак Траецкаму ў доме «Ля Траецкага» — літаральна ўсё: ад вышыні, да кафлі, якой аздобленыя сцены. Дарэчы, заўважым, што са сталінскім ампірам (з яго плашчынямі, эркерамі ды ратондамі) дом «Ля Траецкага» спалучаўся б болей натуральна. Але няма тут побач сталінскага ампіру. Тут — стылізаванае «пад 19-е стагоддзе» Траецкае, у якім — ні эркераў, ні ратондаў. Архітэктары як быццам бы зрабіліся агентамі абсурду, і няма той сілы, якая б ім растлумачыла дзівоснасці таго, што адбываецца.

У 1853-м годзе прэфектам цэнтра Парыжа быў прызначаны Жорж Асман. Ён пачаў працэс, які зараз падручнікі па гісторыі архітэктуры называюць «асманізацыяй Парыжа»: зруйнаваў увесь старажытны цэнтр, прыбраў дамы з мастоў і праклаў праз некалі сярэднявечны горад шырачэзныя праспекты. Ягонай мэтай было зрабіць так, каб рэвалюцыянерам было складаней ладзіць стачкі, а горад болей не скаланалі эпідэміі. Сучаснікі Асмана, у тым ліку вядомыя пісьменнікі і музыканты, засыпалі яго праклёнамі. Але ў выніку Парыж стаў тым дзіўным і вытанчаным горадам класіцызму, якім мы яго ведаем па творах імпрэсіяністаў. Каб не Асман, не было б той перспектывы на Сен-Жэрмен, якую ўвекавечыў Мане.

У тым, што адбываецца з Менскам сёння, ёсць адно катастрафічнае адрозненне ад рэформы Асмана. Ці пераасэнсавання Берліна Шпеерам. Ці таго, што рабіў з Масквой Жалкоўскі.

Уявіце сабе: Асман руйнуе сярэднявечную забудову, што стаяла на месцы вуліцы Рывалі, і, замест адзінага ампірнага рашэння, пляскае спачатку харомы ў псеўдарускім стылі, побач — маўрытанскі маёнтак, за ім — егіпецкую піраміду, каля піраміды — неабарочны касцёл з вітымі пілястрачкамі.

Смешна? Вар’яцтва?

А ці не такі ансамбль бачым сёння ў Мінску?

budzma.org

Каментаваць