Vincent: рэп “без буслоў”

Цікаўнасць слухачоў да сольнага канцэрта беларускага рэпера Vincent’a была каталізавана паведамленнямі пра тое, што музыкант прыняў непасрэдны ўдзел у здымках першага беларускамоўнага серыяла “Вышэй за неба, сцэнарыстам і прадзюсарам якога стаў вядомы беларускі драматург Андрэй Курэйчык. У гэтай стужцы Vincent выканаў адну з музычных роляў. Да таго ж, напісаў і заспяваў галоўную песню, якая стала лейтматывам усяго серыяла.



Цікаўнасць слухачоў да сольнага канцэрта беларускага рэпера Vincent’a была каталізавана паведамленнямі пра тое, што музыкант прыняў непасрэдны ўдзел у здымках першага беларускамоўнага серыяла “Вышэй за неба, сцэнарыстам і прадзюсарам якога стаў вядомы беларускі драматург Андрэй Курэйчык. У гэтай стужцы Vincent выканаў адну з музычных роляў. Да таго ж, напісаў і заспяваў галоўную песню, якая стала лейтматывам усяго серыяла. Маецца на ўвазе кампазіцыя “Ні кроку назад, на якую стваральнікі серыяла “Вышэй за неба знялі відэа-кліп.

“Жывой і відэа-прэзентацыі кампазіцыі “Ні кроку назад і быў прысвечаны канцэрт Vincentа, які сабраў прыхільнікаў творчасці рэпера ў сталічным клубе Re:Public. Па традыцыі на канцэрт былі запрошаныя сябры музыканта, сярод якіх вылучаўся пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па фрыстайле (спантаннай рэп-імправізацыі) па версіі Street Awards -2011 Gleboki Smak. Рэпер цяпер жыве і вучыцца ў Вільні. Беларускамоўны фрыстайлер прапанаваў слухачам тэмы для рыфмаў, якія імгненна кампанаваў у вершаваныя радкі і чатырохрадкоўі. Нажаль, не ўсе з іх былі арыгінальнымі (“Жыве Беларусь і гэтым ганарусь!), хоць некаторыя з іх прымушалі слухачоў уважліва асэнсоўваць тэму імправізацый, падбадзёрваць Smak’а апладысментамі. Сэт Gleboki Smak пацвердзіў, што ў самым складаным раздзеле вулічнай музычнай культуры – фрыстайле – шмат залежыць ад вопыту спаборніцтваў і падрыхтаванасці да іх, ведання мовы і паэтычнага талента. Гарманічнае спалучэнне гэтых якасцей у рэпера-імправізатара Gleboki Smak яшчэ наперадзе…

Пасля імправізацыйнай часткі канцэрта на сцэну клуба Re: Public быў запрошаны Vincent і яго каманда. Выканаўца здзівіў слухачоў сваім сцэнічным касцюмам у стылі “мілітары і “будзёнаўкай з нацыянальным гербам. Аказалася, што так Vincent адзначыў святочны дзень Перамогі, у які і адбываўся канцэрт-прэзентацыя сінгла “Ні кроку назад.

Свой жа музычны сэт рэпер распачаў кампазіцыяй “Працягваю жыць:

А я працягваю жыць, калі нічога ня сьвеціць,
Я працягваю жыць, калі са мною вецер.
Маё сэрца б'ецца, і яго не спыніць,
але людзі са мной, і я працягваю жыць.
А я працягваю жыць, калі нічога ня сьвеціць,


Высветлілася, што гэтую рэп-чытанку, як і іншыя творы Vincent’а, беларуская моладзь ведае і можа дэкламаваць напамяць. Такое заданне было аб’яўлена арганізатарамі канцэрта і кампаніяй “Будзьма беларусамі! у выглядзе конкурсу для знаўцаў рэп-тэкстаў Vincent’а. Менавіта “Будзьма! прадставіла сувеніры для пераможцаў. Ад жадаючых прачытаць тэксты Vincent’а з яго першага альбома не было адбоя і прызы ад арганізатараў хутка знайшлі сваіх шчаслівых уладальнікаў.

Вінцэнт і Саша Захарык



Крытыкамі ўжо адзначаліся змены ў творчасці Vincent’а. Цяпер канцэрты рэпера суправаджае паўнавартасная рок-каманда. З гэтага факта выявіліся змены ў гучанні кампазіцый Vincent’а. Цяпер гэта сапраўдны rap-metal. Не здарма Vincent прапанаваў слухачам беларускамоўны кавер на творчасць класікаў гэтага стылю – гурта Rage Against the Machine (RATM), які ў беларускім варыянце называецца “Нас не скарыць. Зразумела, што беларускія музыкі захавалі выбуховую энергетыку твора. Гэткім жа эмацыянальным запалам і адпаведнай энергетыкай адрознівалася выкананне іншых хітоў Vincent’а, такіх як “Бог. Радзіма. Воля, “Выжывае, “Наша слова ў небяспецы, “Плошча, “Слава героям! Яскравыя рытмы гэтых кампазіцый і “металічнае гучанне рок-суправаджэня Vincent’а выклікалі на танцполе клуба сапраўдны слэм – хаатычныя скокі і штурхатні перад сцэнай, якія лічацца станоўча-пазітыўнай рэакцыяй публікі на музыку.

У той жа час, іншыя творы выканаўцы, якія гучалі ў гэты дзень, залагоджвалі слухачоў пранікнёнасцю і шчырасцю пачуццяў. Маю на ўвазе кампазіцыі “Лютаўскі дождж, “Вусны, “Восеньскі вальс. Гэтую якасць лірычных песень Vincent’а маладыя слухачы выкарыстоўвалі на сваю карысць: павольна танчылі вальс са сваімі маладымі спадарожніцамі.



Яшчэ адзін сюрпрыз канцэрта – выступленне Сашы Захарык, якая ў дуэце з Vincent’ам выканала песню “Не пакіну. Відавочна, што маладая спявачка ўжо мае канцэртны вопыт, які дапамагае ёй скарыстаць свае вакальныя магчымасці для выяўлення эмацыянальнага стрыжня музычнага твора. Нажаль, Саша “засвяцілася толькі ў адной кампазіцыі, таму пажадаем маладой спявачцы больш плённай дзейнасці ў якасці салісткі.

Доўгачаканая прэм’ера кліпа на песню “Ні кроку назад суправаджалася выхадам на сцэну клуба Re: Public здымачнай групы фільма “Вышэй за неба на чале са сцэнарыстам і крэатыўным прадзюсарам Андрэем Курэйчыкам, якія расказалі будучым гледачам стужкі пра акалічнасці стварэння кліпа, акрэслілі ролю беларускамоўнай музыкі ў сваім новым серыяле. Андрэй Курэйчык з гонарам прадэманстраваў моладзі сваю цішотку з надпісам “Без буслоў і патлумачыў, як разумець навамодны слоган. Па словах Курэйчыка, “без буслоў – значыць “без пошласці, дрэннага густа і танных пантоў. Крэатыўна, але пры чым тут беларуская птушка бусел?



Сам жа кліп падаўся даволі дынамічнай і відовішчнай відэа-дзеяй. Слухач, знаёмы са сталічнай тапаграфіяй, пазнае ў ім шмат знаёмых месц і адзначыць шэраг моцных сімвалаў і алюзій, якімі багаты новы кліп Vincent’а. Таксама, як і якасць запісу, якая толькі ўзмацняла сілу думкі, укладзеную аўтарам у тэкст кампазіцыі:

Мне так халодна ў гэтым горадзе сонца,
Мне так самотна, калі наўкол маскарад.
І мы з табою цяпер незнаёмцы,
І ні кроку, ні кроку, ні кроку, ні кроку назад.


Беларускамоўны рэп, як і многія іншыя стылістычныя напрамкі сучаснай музыкі ў Беларусі, праходзіць шмат супярэчных этапаў у сваёй эвалюцыі. Пад час гэтых натуральных зменаў айчынныя выканаўцы нешта набываюць, а бывае – губляюць. Добра, што застаецца галоўны набытак іх творчасці апошніх гадоў – шчырасць у дыялогу са сваімі прыхільнікамі, імкненне ствараць праўдзівы нацыянальны музычны прадукт, якасць якога вызначаецца павагай да роднага слова. І пацверджаннем гэтай тэндэнцыі стаў сольны канцэрт беларускага рэпера Vincent’а.
 

Каментаваць