Выстава твораў Уладзіміра Сулкоўскага “Проста жывапіс” у Палацы мастацтваў

1 лютага ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава твораў Уладзіміра Сулкоўскага “Проста жывапіс, прысвечаная 60-годдзю мастака.
У экспазіцыі прадстаўлены 45 твораў жывапісу і графікі, у тым ліку партрэты, тэматычныя карціны, краявіды і нацюрморты.



1 лютага ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава твораў Уладзіміра Сулкоўскага “Проста жывапіс, прысвечаная 60-годдзю мастака.
У экспазіцыі прадстаўлены 45 твораў жывапісу і графікі, у тым ліку партрэты, тэматычныя карціны, краявіды і нацюрморты.

Як адзначыў намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці Сяргей Цімохаў, далікатнасць з’яўляецца характэрнай рысай Уладзіміра Сулкоўскага, які можа вытрымаць сваю пазіцыю і пры гэтым не пакрыўдзіць іншых людзей. “Гэтая рыса вельмі істотная для нашага творчага аб’яднання, бо мы ўсе вельмі лёгка ранімыя людзі, — сказаў Цімохаў. Паводле яго слоў, Уладзімір Якаўлевіч вельмі добра працуе ў калектыве, што не раз было засведчана падчас пленэраў і падрыхтоўкі калектыўных выстаў.

Паводле слоў старшыні суполкі “Пагоня Беларускага саюза мастакоў Генадзя Драздова, экспазіцыя сведчыць, што Уладзімір Сулкоўскі — мастак не толькі вельмі цікавы, але і сур’ёзны, удумлівы і адказны творца, кожная праца якога — цэлая сімфонія. “Ён здатны стварыць як эпічны, манументальны вобраз нашага краявіду, так і яго лірычны вобраз. Апошнім часам ён працуе над серый партрэтаў знакамітых беларускіх паэтаў і музыкаў. Характэрнай рысай яго творчасці з’яўляецца беларускасць. Гэта цяжка перадаць словамі, але ў кожнай працы бачна, што Сулкоўскі — гэта наш беларускі мастак. А гэта сёння надзвычай актуальна, паколькі ўсё беларускае церпіць татальны ўціск, вынішчаецца і не мае магчымасці рухацца наперад. Нягледзячы на гэта, разам з іншымі мастакамі “Пагоні Сулкоўскі адстойвае нашы нацыянальныя каштоўнасці, — сказаў Драздоў. Ён назваў Сулкоўскага “адным з найлепшых беларускіх мастакоў XXI стагоддзя.  

                      Кастусь Каліноўскі

                            Рыгор Барадулін

Мастак Мікола Назарчук падкрэсліў, што творы Сулкоўскага “любіць народ, бо гэтыя палотны адпавядаюць настрою душы беларусаў. “Вельмі важна, што твае творы любяць і за межамі Беларусі, бо яны адчыняюць свету прыгажосць нашай Беларусі, — сказаў Назарчук. Паводле яго слоў, імя Уладзіміра Сулкоўскага як выбітнага мастака ўжо ўпісана ў айчынную гісторыю разам са знакамітымі яе дзеячамі.  

Сулкоўскі выказаў вялікую падзяку сваім настаўнікам — мастакам Георгію Камлюку, Анатолю Бараноўскаму і Гаўрыле Вашчанку, а таксама сваім сябрам, “з якімі, як кажуць, лягчэй ісці па жыцці.

Уладзімір Сулкоўскі нарадзіўся 19 ліпеня 1950 года ў Брэсце. У 1974 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. З 1972 года ўдзельнічае ў мастацкіх выставах і пленэрах. Выкладаў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву. Стварыў серыі палотнаў, прысвечаных розным рэгіёнам Беларусі, у тым ліку нізку “Радзіма Якуба Коласа. Творы мастака, які жыве ў Мінску, знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расіі і Цэнтра беларускай культуры ў Гайнаўцы (Польшча).

Як адзначае мастацтвазнаўца Барыс Крэпак, Сулкоўскі “рана знайшоў сябе ў жывапісе і дагэтуль верны сваім любімым матывам — большай часткай гэта пейзажы роднай Беларусі (Палессе, Браслаўшчына, Міншчына), і выпрацаванаму, прынцыповаму для яго метаду работы на пленэры, з натуры, з далейшай дапрацоўкай у майстэрні. Яго карціны, паэтычныя, лёгкія, пранікнёныя, часам імпрэсіяністычныя, часам пастозна-моцныя, фактурныя, — гэта, як правіла, канкрэтныя, пазнавальныя ландшафты, у вызначаным і заўсёды інтэнсіўна выражаным стане святла і атмасферы, і пры тым кампазіцыйна закончаныя, канструктыўна і рытмічна арганізаваныя.

Выстава працуе да 16 лютага. 


 

Каментаваць