Выстава жывапісу Уладзіміра Уродніча

У Палацы мастацтва адкрылася выстава жывапісу заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Уродніча “Я сегодня до зари встану…, прысвечаная 70-годдзю мастака.



У Палацы мастацтва адкрылася выстава жывапісу заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Уродніча “Я сегодня до зари встану…, прысвечаная 70-годдзю мастака.

Мастак нарадзіўся 22 мая 1942 года ў вёсцы Вялікія Арлы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1963), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1972) . Удзельнік мастацкіх выстаў з 1973 года, сябра Беларускага саюза мастакоў (БСМ) з 1974 года. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Выкладае спецдысцыпліны на кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ), ўзначальвае секцыю “Традыцыя БСМ, з’яўляецца сябрам студыі ваенных мастакоў Міністэрства абароны.

Творы жывапісца знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах БСМ, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, літаратурных музеях Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту, Музеі беларускага Палесся ў Пінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.



У экспазіцыі прадстаўлена больш за 150 твораў: кампазіцыі рознай тэматыкі, у тым ліку і батальнай, партрэты, нацюрморты і краявіды, напісаныя у розных рэгіёнах Беларусі. Аднак большасць краявідаў адлюстроўвае прыгажосць роднага для мастака Палесся.



“Напэўна не кожны пагодзіцца з ягонымі каштоўнасцямі, але відавочна тое, што гэты чалавек цвёрда трымаецца сваіх мастакоўскіх, грамадзянскіх, а найперш гуманістычных пазіцый. Таму мне і самаму цікава паглядзець на яго выставу, бо чым далей мы будзем рухацца, тым усё меней, на жаль, будзе  такога кшталту жывапісу, заснаванага на глыбокай рэалістычнай традыцыі. Творчасць Уродніча трэба шанаваць, бо гэты чалавек шчыра і сумленна паклаў сваё пражытае жыццё на служэнне нацыянаьнаму выяўленчаму мастатву і нашай Бацькаўшчыне. У яго мастацтве выразна прасочваецца ваенная тэма, таму што мастак не з кніжак ведае, што такое вайна, а бацька яго заплаціў сваім жыццём за наш мірны час, — адзначыў першы намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца.



Уладзімір Уродніч звярнуў увагу на тое, што голас загінуўшага ў 1943 годзе бацькі ён нібыта чуе ўсё жыццё, і ідзе ўслед за ім, як за рэхам памяці. “Таму сваім абавязкам я лічу неабходнасць пільна ўглядацца ў далёкія гады мінулай вайны, якія, на жаль, з цягам часу аддаляюцца. Разам з тым, я спадзяюся, што будучыя пакаленні змогуць больш асэнсавана ацаніць духоўнае ўзвышэнне тых маладых абаронцаў нашай цяперашняй незалежнасці, — адзначыў мастак. На ягонае меркаванне, “новая мелодыя ў мастацтве аб сучасным жыцці сваімі акордамі павінна ахопліваць і постаці тых, хто навечна застаўся ў сэрцах народа і на безымянных вершынях, дзе зараз спее наш хлеб.



Выстава працуе па 15 ліпеня.
 

Каментаваць