Выставы

Гербарый часу

У Музеі сучаснага мастацтва з 12 па 30 кастрычніка свае жывапісныя і графічныя работы на выставе «Гербарый часу» дэманструюць чатыры выпускніцы Акадэміі мастацтваў 2000-х гадоў.

Гербарый часу

У Музеі сучаснага мастацтва з 12 па 30 кастрычніка свае жывапісныя і графічныя работы на выставе «Гербарый часу» дэманструюць чатыры выпускніцы Акадэміі мастацтваў 2000-х гадоў.

У маладых мастачак Ірыны Ясюкайць-Дударавай, Таццяны Грыневіч, Таццяны Казанцавай і Соф’і Піскун, як высвятляецца, хапае і абсалютна дарослага майстэрства, і густу, і здольнасці выступіць прадуманым калектыўным праектам, каб безумоўна «перамагчы» па якасці размешчаную ў гэтым жа музеі экспазіцыю «SOS» старэйшых калег з суполкі «Арцель». Магчыма, гэта прадказальна: маладыя могуць заявіць пра сябе толькі безумоўнай дасканаласцю сваіх прац. «Адбіткі, адлюстраванні, спыненыя імгненні» — знакі часу, падзей, успамінаў — праз тонкія, часам размытыя і няпэўныя формы і вобразы маладыя мастачкі ствараюць кожная свой непаўторны свет пачуццяў і эмоцый, які заваблівае гледача бясконцай разнастайнасцю магчымых асацыяцый. Заваблівае ў гульню фантазіі.

У Таццяны Грыневіч — больш зыбкія, паэтычныя жывапісныя формы і пераасэнсаваныя цытаванні класікі авангарду ХХ стагоддзя — дзесьці паміж Лентулавым і Шагалам віцебскага перыяду, у Ірыны Ясюкайць-Дударавай аб’екты адлюстравання вылепленыя больш пэўна і адчувальна, але пагружаныя ў флёр пазачасавай і пазапрасторавай атмасферы. Яны, як і стылі дзвюх іншых дзяўчат у графіцы, — выразна персанальныя.



Таццяна Казанцава эксперыментуе з манахромнай акварэллю, надаючы выяве якасці амаль афортнага адбітку. У той час як Соф’я Піскун уводзіць у графіку паэтычныя радкі на нямецкай і беларускай мовах. Відаць, падобны стыль вельмі б дапасаваўся да ілюстравання невялікіх па-эстэцку вытанчаных паэтычных кніжачак. Адным словам, з выставы дакладна маем некалькі новых імёнаў, якія наўрад ці згубяцца ў будучым мастацкім жыцці краіны.


Фатограф свайго часу і Цень Іерусаліма

У Нацыянальным гістарычным музеі дзве фотаэкспазіцыі, якія цалкам заслужана прыцягваюць вялікую ўвагу наведвальнікаў.

Вельмі да месца па профілі музея трапіла экспазіцыя «Фатограф свайго часу» (з 21 верасня па 31 кастрычніка), прысвечаная 120-годдзю старэйшага беларускага фотамайстра Ісака Восіпавіча Салавейчыка (1890–1967).

Адзін з заснавальнікаў самага вядомага ў Беларусі фотаклуба «Мінск» (1960) Салавейчык — патомны фатограф. Яго дзед Якаў (памёр у 1881 годзе), нясвіжскі месціч, трымаў фотаатэлье ў Слоніме, Пружанах, Гродна, бацька Восіп — у Гродна і Беластоку, дзе і нарадзіўся герой выставы. Яго біяграфія звязана з першымі ілюстраванымі беларускімі часопісамі 1930-х, афармленнем прамысловых і сельскагаспадарчых выстаў у Мінску і Маскве, першымі курсамі фотамастацтва і гурткамі аматараў фота ў Віцебску і Мінску. Вельмі плённы перыяд творчасці — праца ў газеце «Літаратура і мастацтва» ў 1952–1960 гадах і фатографам Нацыянальнага мастацкага музея.

На здымках Салавейчыка — мастакі і скульптары Волкаў, Герус, Бембель, літаратары Мележ і Крапіва, Макаёнак за чытаннем п’есы ў Купалаўскім тэатры (толькі нядаўна купалаўцы зноў пачалі вяртацца да гэтай плённай традыцыі аўтарскага прэзентавання тэкстаў). Першыя фотамантажы і гумарыстычныя віншавальныя фотапаштоўкі. Замалёўкі з штодзённага (неплакатнага) жыцця краіны 1930–1960-х гадоў. І, што цікава для гістарычнай рэтраспектывы фотасправы ў Беларусі, паказаны некалькі работ атэлье дзеда і бацькі Ісака Салавейчыка.



Размешчаная ў вялікай экспазіцыйнай зале Нацыянальнага гістарычнага музея, падрыхтаваная пасольствам Ізраіля выстава «Цень Іерусаліма» з 13 па 31 кастрычніка прапануе эфектныя натурныя здымкі старадаўняй сталіцы трох рэлігій, непараўнальныя краявіды Мёртвага мора, знакамітага Кумранскага плато.

Работы выкананы эмігрантам з Украіны Леанідам Падрулем, сталым фатографам «National Geographic», што і абумоўлівае панарамна-фактурную прыгажосць яго па-часопіснаму эфектных работ. Ёсць і спецыяльныя тэмы — старыя святыні Іерусаліма, уключаючы Храм Труны Гасподняй, вобразы старых «кашэрна-пейсатых» габрэяў, «біблейскага народу».


Шкала Рыхтара


У Галерэі «Ў» пасля пераезду калектыву яе экспазіцыянераў з памяшкання «Падземкі» ў новыя прыгожыя інтэр’еры бліжэй да Плошчы Перамогі не ўсе праекты атрымліваюцца раўназначныя.

Магчыма, страцілася прыцягальнасць камернасці і непасрэднасці, паболела гламурнай пафаснасці. Але задума выставы «Шкала Рыхтара» (экспануецца з 8 па 25 кастрычніка) Руслана Вашкевіча з адзінай у некалькі паасобных экспазіцыйных стэндах кампазіцыяй «Жанчына з парасонам», падкупляе цэласнасцю вобразнага мінімалізму. Адлюстраванне жанчыны драбіцца і змяняецца ў выстаўленых геаметрычна роўным шэрагам паверхнях. Як, падобна ў прызме ці ў калейдаскопе, дробяцца і перамешваюцца нашы ўспаміны і ўражанні, мінулае і сённяшняе, спараджаючы спецыфічную гульню свядомасці і фармуючы ўяўленне пра навакольны свет.

Канцэпцыя пабудавана на ідэі «false recognitin» («памылковага пазнавання»), распрацаванай у кнізе філосафа Анры Бергсона (1859–1941) «Памяць пра сапраўднасць і памылковае пазнаванне» (1908). «Памылковае пазнаванне» — з’ява, падобная да феномена «дэжавю», толькі мацнейшая, калі ў чалавека з’яўляецца адчуванне, быццам ён не проста перажывае бачанае раней, але пазнае цэлую паслядоўнасць падзей. Выстава — як лабараторны эксперымент па аналізе механізмаў успрымання і чалавечай памяці, якая пераплятае «новае» і «старое» ў сучаснасці.
 

Каментаваць