Выставы і прэзентацыі

23 і 25 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі адчыніліся дзве новыя экспазіцыі.



23 і 25 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі адчыніліся дзве новыя экспазіцыі.

У працяг вялікага восеньскага праекта «Праваслаўная ікона Расіі, Украіны і Беларусі» і ў пачатак святочных мерапрыемстваў да 70-гадовага юбілею Музея, адчынілася выстава «Алтарны жывапіс Беларусі XVIII–XIX стагоддзяў». Экспануецца 33 творы, якія паходзяць з храмаў розных хрысціянскіх канфесій, дэманструючы культурна-рэлігійнае багацце і разнастайнасць мастацкай спадчыны хрысціянства ў нашай краіне. Большасць твораў выстаўляецца ўпершыню, за што зацікаўлены наведвальнік мусіць выказаць удзячнасць руплівай працы рэстаўратараў. А ў сераду госці музея былі сведкамі адкрыцця выставы заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Генадзя Фёдаравіча Шутава «Прадмет. Час. Чалавек», якая прысвечана 70-годдзю з дня яго нараджэння. Творы майстра — тонкія акварэльныя работы, краявіды і нацюрморты.

Што датычыцца клубнага жыцця, то адметнай падзеяй зрабілася прэзентацыя ў рэстаране «Журавінка» праграмы «Акадэміі фанана», арабскага танца, які прапагандуе студыя прыгажосці «Шыфалі» (вул. Багдановіча, 8) пад кіраўніцтвам выдатнай танцоўшчыцы Ціны. Мінск, і гэта заканамерна, становіцца сапраўдным мегаполісам, які адчыняе свае залы і пляцоўкі для творчага ўспрыняцця мастацкіх дасягненняў розных народаў свету. Зрэшты, арабскі танец — гэта і ўвасабленне дасканаласці руху і рытму, і прыгожае відовішча, і выдатны спосаб удасканалення. Да чаго і звяртаюцца яго прапагандысты, ведучы заняткі як з ужо прафесійнымі выканаўцамі, так і з групамі пачаткоўцаў школьнага ўзросту. Нават назва «фанана», па-арабску — «акторка», у адрозненне ад «раккаса» — танцорка, сведчыць пра сур’ёзныя творчыя памкненні калектыву «Акадэміі».

Каментаваць