Выставы ў сярэдзіне верасня

Бягучыя дні парадуюць мінчукоў адразу трыма новымі выставамі фатаграфіі, якія прадстаўляюць майстроў розных краін са своеасаблівымі поглядамі на жыццё і навакольны свет, рознымі канцэптуальнымі падыходамі да мастацтва спыненага імгнення.



Бягучыя дні парадуюць мінчукоў адразу трыма новымі выставамі фатаграфіі, якія прадстаўляюць майстроў розных краін са своеасаблівымі поглядамі на жыццё і навакольны свет, рознымі канцэптуальнымі падыходамі да мастацтва спыненага імгнення.

У малой галерэі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) з 7 па 25 верасня швейцарскі фатограф П’ер Уільям Анры, які ладны кавалак жыцця адпрацаваў фотакарэспандэнтам і аб’ездзіў палову свету, прапануе экспазіцыю пад назвай «25 секунд». У невялікай прасторы аўтар сабраў калекцыю не зусім звычайных ню — прыгожых жанчын у кантэксце атрыбутаў жыцця індустрыяльнай эпохі.

Тым не менш для П’ера Уільяма Анры жаночая прывабнасць — не просты аб’ект эстэтычна-пачуццёвага сузірання, жанчына — «пачатак усіх пачаткаў», «новая Венера, Мадонна, Алімпія». Індывідуальнасць мадэляў супастаўляецца са светам прадметаў, якія іх абкружаюць, утвараючы партрэт у інтэр’еры, у прасторы асабістай свабоды і гармоніі.

«25 секунд»


Італьянская амбасада з 15 верасня па 10 кастрычніка запрашае наведаць у Нацыянальным гістарычным музеі (вул. К. Маркса, 12) арганізаваную ёй выставу «Дамы-музеі: вытанчаны стыль італьянскага жыцця». Праект музеязнаўцы Разаны Павоні ў супрацоўніцтве з рымскім фатографам Амарам Кейраўі дазваляе публіцы ажыццявіць візуальнае падарожжа па дзесяці італьянскіх дамах-музеях, прывабных разнастайнасцю стыляў жыцця розных эпох. Тут прадстаўлены віла Джузепе Вердзі ў Эміліі, каралеўскія апартаменты сям’і Савоя ў Турыне, палацы, гарадскія кватэры і сельскае жытло.

Кожнай серыі фотаздымкаў інтэр’ераў і знешняга выгляду будынкаў папярэднічае партрэт гаспадара, чый стыль жыцця і густ вызначылі характар архітэктуры і аздаблення памяшканняў. Як і швейцарскі фатограф, аўтары прачытваюць лёс чалавека праз свет рэчаў, якія яго атачаюць, з той розніцай, што абіраюць героямі канкрэтных гістарычных асобаў у пэўнай часавай і геаграфічнай кропцы.

«Дамы-музеі»


З 16 верасня па 6 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, галерэя «Панарама») дзейнічае выстава «Беларусь і Францыя: фатаграфічныя паралелі». Фотамайстар з Францыі Цьеры Клеш і беларускія фатографы Вольга Лойка і Віктар Байкоўскі спрабуюць паказаць у сваіх работах падобныя эмоцыі і ўражанні, паралелі, якія можа нарадзіць у людзей з розным досведам, культурай, светапоглядам і ў розны час гарадская прастора.

Мэта сумеснай творчасці двух беларусаў і француза — пошук адзінства вобразаў горада і гарадскога жыхара, аднолькава і адлюстраванага ў гарадскім асяроддзі, і адчужанага ад яго на розных канцах еўрапейскага кантынента. Суадносіны чалавек—наваколле тут разглядаюцца не на фоне кутка прыватнага інтэр’ера, а ў атачэнні вуліц і плошчаў, маштабнай шкалы, якая не столькі фармуецца асобай, колькі дамінуе над ёй.



Падобна як на анансаваных фотавыставах архітэктура робіцца выразным сродкам, які выкарыстоўвае фотамастак, у канцэптуальнай экспазіцыі «М-Галерэі» Інстытута імя Гётэ ў Мінску (вул. Фрунзе, 5) «ЛІТАRA. Візуальныя даследаванні паэзіі», якая працуе з 8 па 30 верасня, сучасныя беларускія мастакі прапануюць свае інтэрпрэтацыі тэкстаў сучасных нямецкіх паэтаў.

Убачыць, што атрымліваецца пры візуалізацыі графікі літар і тэксту — перакладзе не толькі з мовы на мову, але і з сістэмы слоўнай у сістэму пластычнай кадыфікацыі (у жывапісе, графіцы, інсталяцыі), — дапамагаюць Руслан Вашкевіч, Міхаіл Гулін, Сяргей Кірушчанка, Зоя Луцэвіч, Вольга Сазыкіна і іншыя вядомыя аўтары. Як адзначаюць куратары праекта, яго ідэя — раскрыць «нечаканыя сэнсавыя кантэксты, што ўзнікаюць на стыку дзвюх культур і двух відаў мастацтва».

Нарэшце, у галерэі «Вільнюс» (вул. Каліноўскага, 55) з 9 верасня па 12 кастрычніка шукальнікі новых імён у сузор’ях беларускіх служкаў муз маюць магчымасць пазнаёміцца з калектыўнай экспазіцыяй маладых беларускіх жывапісцаў, скульптараў і графікаў, чые работы ўжо адзначаны добрым узроўнем майстэрства. Назва «Вокны», якая яднае 50 экспанаваных работ, розных па стылістыцы — ад рэалістычнай да сюррэалістычнай, увасабляе сімвалічны ключ да канцэпцыі выставы. Вокны — гэта адкрытая прастора для выказвання сваёй творчай індывідуальнасці, поглядаў на свет, перажыванняў душы і сэрца.
 

Каментаваць