Ізраільскі кухар паўдзельнічае ў фэсце «Мотальскія прысмакі»

Уладальнік і шэф-кухар найстарэйшай ізраільскай рэстарацыі ўсходнееўрапейскай габрэйскай кухні Замі Шрайбер з Тэль-Авіву прыме ўдзел у VI міжнародным кулінарным фэсце «Мотальскія прысмакі».



Замі Шрайбер


Фэст адбудзецца 10–11 жніўня ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёну Брэсцкай вобласці, паведамляецца ў прэс-рэлізе амбасады Ізраілю ў Беларусі.

 

Традыцыйны цэнтр вырабу ручнікоў і кажухоў вёска Моталь вядомая славутай і цікавай мінуўшчынай, у тым ліку і габрэйскай. У Моталі да жніўня 1941 года жыло шмат габрэяў, тут знаходзіцца дом, дзе нарадзіўся і правёў свае дзяцінства першы прэзідэнт Ізраілю Хаім Вейцман (1874–1952), у 2004 годзе ў вёсцы былі добраўпарадкаваны старадаўнія габрэйскія могілкі. Вось чаму арганізатары і ўдзельнікі фэсту «Мотальскія прысмакі» праяўляюць вялікую цікаўнасць да традыцыйнай габрэйскай кухні, стравы якой здаўна гатавалі ў гэтым краі.

Замі Шрайбер прыедзе ў Беларусь па запрашэнні ізраільскай амбасады і ўпершыню прыме ўдзел у фэсце «Мотальскія прысмакі», падчас якога правядзе ў вёсцы майстар-клас «Усходнееўрапейскія габрэйскія кулінарныя традыцыі ў сучаснай ізраільскай кухні». Затым у Мінску ў Ізраільскім культурна-інфармацыйным цэнтры пры амбасадзе Ізраілю кухар правядзе другі майстар-клас ўжо для габрэйскай моладзі.

Замі Шрайбер

Рэстарацыя сям’і Шрайбераў  «нарадзілася» адначасна з Дзяржавай Ізраіль — у 1948 годзе. І на працягу наступных 65 гадоў прапаноўвае сваім наведвальнікам кашэрныя (дазволеныя канонамі іудаізму) стравы ўсходнееўрапейскай габрэйскай кухні.

20 гадоў таму Замі Шрайбер — прадстаўнік другога пакалення сям’і ў Ізраілі — стаў уладальнікам і шэф-кухурам тэль-авіўскай рэстарацыі. Замі гатуе выключна стравы ўсходнееўрапейскай габрэйскай кухні і строга прытрымліваецца старадаўніх кулінарных рэцэптаў ашкеназаў (так на іўрыце называюць субэтнічную групу габрэяў, якая сфарміравалася ў Цэнтральнай Еўропе ў XV стагоддзі і з’яўлялася носьбітам мовы ідыш), не дапускаючы аніякіх ад іх адыходу.

Дзякуючы працы Замі Шрайбера ў яго рэстарацыі кожны дзень адбываецца свята смачнай ежы. Сярод іншых страў у меню рэстарацыі штодня сечаная пячонка (самая смачная ў Ізраілі па меркаванні кулінарных крытыкаў газеты «Едзіот Ахранот»), фаршыраваная рыба, крэплах (габрэйскія пельмені ў форме трохкутніка) і  легендарны чолнт (традыцыйная габрэйскаа суботняя страва з мяса, гародніны, крупы і фасолі).   

Здымкі прадастаўлены амбасадай Дзяржавы Ізраіль у Беларусі.

 

Каментаваць