Вядомыя замежныя артысты выканаюць песні на вершы беларускіх паэтаў

Вядомыя замежныя артысты выканаюць песні на вершы беларускіх паэтаў. Гэта адбудзецца ў межах праекта «Глабальная перазагрузка», які распачалі Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і партал Tuzin.fm.



фота — Аляксандр Ждановіч, budzma.by


Распачынае праект Карл Фрыерсан з гурта De Phazz (на фота) з песняй «I will go to where I came» на верш Анатоля Сыса, якому 26 кастрычніка споўнілася б 55 гадоў.

Спецыяльна для праекта «Global Reload» верш Анатоля Сыса «Пайду туды, адкуль прыйшоў» на англійскую мову пераклаў беларускі літаратар і перакладчык Віталь Воранаў. Музыку да кампазіцыі напісаў вядучы джазавы музыка Павел Аракелян. Верш увайшоў у два прыжыццёвыя зборнікі Анатоля Сыса — «Пан Лес» (1989) і «Сыс» (2002).

Амерыканец Карл Фрыерсан атрымаў шырокую вядомасць як вакаліст нямецкага гурта De Phazz, а таксама дзякуючы сваім сольным працам, якія цэняцца па ўсім свеце за дасканалае адчуванне стылю, вытанчанасць і густоўныя аранжыроўкі. Ён жаданы госць на міжнародных джазавых фэстах і аднолькава выдатна пачуваецца як у чыстым джазе, так і ў трып-хопе, дыска ды іншых кірунках. Калі ў Карла пытаеш, якому з музычных жанраў ён сам аддае перавагу, ён мае гатовы адказ: «Жыццю, бо мая музыка — гэта дакументацыя момантаў майго жыцця».

Карл вельмі шануе паэзію, а сваім улюбёным вершам яшчэ з чацвёртага класа называе «The Road Not Taken» (1920) Роберта Фроста. Музыку прыйшлася даспадобы ідэя праекта «Global Reload» — узняць прэстыж беларускай культуры і паэзіі ў міжнародным кантэксце. Да песні «I will go to where I came» Карл Фрыерсан зрабіў шыкоўную аранжыроўку:

«Верш Анатоля Сыса — гэта сапраўдная экспрэсія, якая ідзе ад самага сэрца. Я не рэлігійны чалавек, але адухоўлены. І я адчуваю моцную духоўную сувязь з гэтым беларускім паэтам», — дзеліцца ўражаннямі музыка.

«Global Reload — Глабальная перазагрузка» — трэцяя частка доўгатэрміновага сумеснага праекта культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала Tuzin.fm, скіраванага на ўзняцце прэстыжу беларускай культуры. У першай частцы «Тузін.Перазагрузка» вядомыя айчынныя небеларускамоўныя выканаўцы праспявалі свае самыя папулярныя песні на беларускай мове. У «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» ужо замежныя зоркі заспявалі свае хіты па-беларуску. Далей — болей! У «Глабальнай перазагрузцы» мы пачуем, як беларуская паэзія загучыць на мовах свету.

Каментаваць