«Вянок беларускі» пачнецца з Барадуліна

Напачатку Года кнігі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» разам з выдавецтвам «Юніпак» вырашылі заснаваць новую літаратурную падсерыю «Вянок беларускі», пачне якую паэтычны зборнік выбраных вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Напачатку Года кнігі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» разам з выдавецтвам «Юніпак» вырашылі заснаваць новую літаратурную падсерыю «Вянок беларускі», пачне якую паэтычны зборнік выбраных вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

«Як беларус я даўно адчуваў няёмкасць: чаму не маю на сваіх кніжных паліцах «выбранага з выбранага» нашага геніяльнага паэта і сучасніка Рыгора Барадуліна? — распавядае аўтар ідэі Валер Дубоўскі. — Чаму і тыя беларусы, для каго роднае слова, беларуская мова — існыя праявы нацыянальнага характару, таксама гэтага не маюць? Невялікага па фармаце і ёмістага па энергетыцы тома, які ў сённяшнім шпаркім, на злом галавы, часе можна разгарнуць на любой старонцы і атрымаць натхненне, заспакаенне, вялікае духоўнае свята, эстэтычную асалоду, інтэлектуальную спатолю. Нагбом глынуць народнай дасціпнасці і элітарнай паэтычнай філасофіі, якую спасцігаць і спасцігаць. Чаму, пытаю сябе, ты, выдавец, не выдаў, не распачаў нешта падобнае? Скажам, серыю «Вянок беларускі». Пасля станоўчага рашэння сумневу не было: пачынаць трэба з Барадуліна, якога лічу першым сярод першых».

Па меркаванні Дубоўскага, сто гадоў, што мінулі пасля вялікага пачатку, — Купалы, Коласа, Багдановіча — наканавалі менавіта Рыгору Барадуліну ўзняць беларускае мастацкае слова на вышэйшы ўзровень, і не толькі ў межах краіны. Божы дар паэта, яго чалавечыя якасці, шырокая, і не толькі філалагічная, адукаванасць дазволілі яму зрабіць гэта.

У першую кнігу «Вянку беларускага» ўвойдуць каля 100 вершаў (магчыма, і не толькі вершаў) народнага паэта. Гэта будуць найбольш знакамітыя, лепшыя творы з агромністай скарбніцы мудраслоўя дзядзькі Рыгора.

Дарэчы, мэта зрабіць выданне сціслым і затрымала яго падрыхтоўку да друку. Вельмі цяжкая і адказная справа — якасна выбраць лепшае з такога вялізнага творчага набытку. Дзеля паскарэння працы і давялося звярнуцца па дапамогу да літаратараў, грамадскасці.

Пасля выхаду ў свет кнігі Рыгора Барадуліна, на думку Дубоўскага, трэба было б выдаць выбранае з выбранага іншых выбітных сучасных творцаў: Уладзіміра Арлова, Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага, Ніла Гілевіча, Леаніда Дранько-Майсюка, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава... А таксама творцаў, што ўжо пайшлі ад нас, — Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Сербантовіча, Анатоля Сыса, Рыгора Семашкевіча.

Адзін выдавец ці адно выдавецтва такі праект не пацягне. Трэба звярнуцца да свайго ж досведу мінулых гадоў. У 1990 годзе да 500-годдзя Францыска Скарыны рознымі беларускімі выдавецтвамі ў рамках спецыяльнай праграмы было выдадзена шмат грунтоўных, па-мастацку зробленых кніг пра нацыянальнага першадрукара. Дарэчы, у 2017 годзе зноў выключная дата — 500 гадоў беларускага кнігадрукавання.

* * *

Каб найбольш аб’ектыўна адабраць 100 найлепшых твораў Рыгора Барадуліна, якія ўвойдуць у зборнік, арганізатары звяртаюцца па дапамогу і да грамадскасці.

Будзем вельмі ўдзячныя, калі вы цягам двух месяцаў дашлеце свой спіс дзесяці найлепшых, на вашу думку, вершаў Рыгора Іванавіча на e-mail: vyanok.b@gmail.com.

Таксама чакаем прапановаў наконт аўтараў наступных кніг «Вянка беларускага».

Паводле прэс-службы СПБ

Каментаваць