Вяртанне легенд беларускага гранжу

28 лістапада ў клубе «Графіці» выступілі беларускія гранж-гурты — «Happy Face» і «Голая Манашка».

28 лістапада ў клубе «Графіці» выступілі беларускія гранж-гурты — «Happy Face» і «Голая Манашка».

 

«Happy Face» сабраліся новым складам пасля працяглага перапынку, а лідар «Голай Манашкі» Федзя Жывалеўскі сёлета выйшаў з турмы пасля дзвюх з паловай гадоў зняволення.

Але пра «беларускія легенды гранжу» фанаты забыліся. Нават праз гадзіну пасля заяўленага пачатку вечара ў невялічкім «Графіці» былі занятыя толькі месцы за столікамі, і ўсяго некалькі чалавек глядзелі на выступ стоячы.

Але вядомыя асобы не пакінулі без увагі гэтую імпрэзу: сярод публікі нельга было не заўважыць Міхея Насарогава са скандальна вядомага «RockerJoker» і Аляксандра Памідорава, былі тут і калегі па гранж-сцэне — Яўген Змушка з гурта «МУТНАЕВОКА» і Раман Сухоцкі, вядомы па лідарству ў гуртах «KROK» і «Avias».

Вечар  адкрываў незаяўлены ў афішы гурт «BAK». Не ўразіўшы публіку, неўзабаве гурт сышоў, а за справу прыняліся вядоўцы — Ілля Маліноўскі і Аляксандр Памідораў. Пакуль тыя травілі байкі, «Happy Face» рыхтаваліся да выступу. А пасля не без кур’ёзаў адыгралі невялікі сэт. Публіка крычала «Брава!», а Міхей Насарогаў абураўся: «Брава» — гэта іншы гурт!» «Бравісіма!» — не разгубіўшыся, адгукнуліся фанаты. А тым часам мікрафоны выляталі са стоек, а дзяўчыны эратычна танчылі.

Нарэшце на сцэну выйшла «Голая Манашка». Першая песня аказалася новай, а пасля пайшла «класіка», але не без сюрпрызаў — была выканана не характэрная для гурта металічная песня, якая амаль нідзе раней не гучала. На жаль, сет гурта аказаўся маленькім, і шмат прызнаных гітоў публіка так і не пачула.

 Лідар «Голай Манашкі»  Федзя Жывалеўскі заявіў пра сканчэнне канцэрту, палова публікі сышла, але шоў працягвалася. Федзя праспяваў некалькі песень пад гітару, а Аляксандр Памідораў падсеў за бубны. Гітара літаральна пайшла па руках. Яўген Змушка з гурта «МУТНАЕВОКА» заспяваў «Малінаўскі блюз». Эстафету хацеў пераняць і Аляксей «Мумрык» з «Happy Face», але не пашчасціла: медыятара для яго не знайшлося, а гаспадар гітары хутка забраў свой інструмент. На тым шоў скончылася.

Застаецца спадзявацца, што гэтыя безумоўна вартыя гурты ў хуткім часе зладзяць вялікія і багатыя па змесце канцэрты, якія не толькі не расчаруюць старых фанатаў, але і прыцяг­нуць новых.

Каментаваць