Вяртанне мастака

Прайшло каля 10 гадоў ад таго часу, як сям’я мастакоў Наталлі Залознай і Ігара Цішына пасялілася ў Бельгіі. Беларускае культурнае прадстаўніцтва на Захадзе — так можна сказаць пра іх, бо яны не толькі па-ранейшаму дэкларуюць сваю сувязь і прыналежнасць да радзімы, але імкнуцца рэпрэзентаваць яе на буйных міжнародных форумах.



Прайшло каля 10 гадоў ад таго часу, як сям’я мастакоў Наталлі Залознай і Ігара Цішына пасялілася ў Бельгіі. Беларускае культурнае прадстаўніцтва на Захадзе — так можна сказаць пра іх, бо яны не толькі па-ранейшаму дэкларуюць сваю сувязь і прыналежнасць да радзімы, але імкнуцца рэпрэзентаваць яе на буйных міжнародных форумах. На Венецыянскім Біенале–2005, не чакаючы прыходу ў Венецыю дзяржаўных музейных структур з Беларусі, яны разам з Валерыем Шкарубам, Русланам Вашкевічам, Уладзімерам Цэслерам, Леанідам Хобатавым і Андрэем Задорыным узялі ўдзел у арганізацыі першага беларускага павільёна.

(На здымку: Ігар Цішын ля палатна «Узлёт»)

Зараз Залозная і Цішын вяртаюцца ў Беларусь з уласнымі маштабнымі выставамі. Увесну залы Музея сучаснага мастацтва прымалі творы Залознай, а 30 жніўня наведвальнікаў сустрэла серыя работ Ігара Цішына «Мэта». Сабралася нязвыкла багата публікі — крытыкі, літаратары і мастакі, сябры Ігара, якія атакавалі крыху разгубленага творцу: ён спрабаваў слаба супраціўляцца, прапаноўваючы дасылаць бясконцыя пытанні прэсы электроннай поштай у Бельгію. Цішына вітаў яго настаўнік па Беларускай акадэміі мастацтва Гаўрыіл Вашчанка, выказаўшы задавальненне, што за гады працы на Захадзе майстэрства яго вучня толькі вырасла.

Трансгрэсія — так ахрысцілі экспазіцыянеры жывапісныя якасці палотнаў Цішына ва ўступным слове, маючы на ўвазе дынамічны характар прасторы твораў, у якіх надпісы, бы ў іконе, накладаюцца на выявы, дадаючы магчымасці ўяўленню адпраўляцца ў шлях дарогай асацыяцый і неспазнаных сэнсаў. Жывапіснае вымярэнне ў іх раз-пораз суадносіцца з фатаграфічнымі выявамі (серыя «Пераўтварэнне», 2010). А ў палатне «Узлёт», якое спалучае шагалаўскую каларыстыку і абагульненне форм са стылістыкай беларускіх народных абразоў, да аблокаў імкнецца вазок на колах з напаўпрывіднай постаццю — чым ні старазапаветнае ўзнясенне прарока Іллі на неба? Побач — мэта ўзлётнага падарожжа, «ілюзія» раю, дзе мастак прапануе пагрэцца ля вогнішча з паленцаў дроваў, ля якога высыпаныя на палатно зблытаным хаосам літараў і словаў радкі ці то ўспамінаў, ці то вершаў.

Няскончаныя фразы, паўзагадкавыя вобразы — чаму ў героя палатна «Чырвоная барада» барада чырвоная? Чаму пасярод неакрэсленай умоўнай чорна-белай прасторы з штрыхамі-прывідамі постацяў і слоў узвышаецца будка транспартнага прыпынку з надпісам «Мэта»? Падобна як энергічная колерава-фактурная кампанента твораў падштурхоўвае эмацыйна-пачуццёвае ўспрыняцце кампазіцый, так загадкавасць выяваў накіроўвае фантазію па плыні асацыяцый. Работы свабодна, з павагай, прасторавымі паўзамі размешчаны ў памяшканні музея — глядзі, думай, адчувай. Майстар вяртае гледачу паўнавартасную станковую карціну, якая зусім не «памерла», а жыве ў напоўненай энергетыкай новай форме.

Выстаўленыя зараз у Мінску работы раней дэманстраваліся на персанальнай выставе «Крызіс у раі» ў галерэі Эспас Бланш у цэнтры Бруселя. Тады Цішын падкрэсліў уяўнасць пошукаў раю на зямлі і трывожнага дысанансу паміж прыгажосцю натуры і недасканаласцю чалавечага жыцця, якасцяў, што натхнялі яго — у чыіх бы вы думалі працах? — Піцера Брэйгеля. «Не пытайце мяне, дзе знаходзіцца рай, — у мяне няма простага адказу», — пракаментаваў тады ідэю серыі твораў мастак.

Ігар Цішын, Андрэй Задорын, які з’ехаў пасля рэферэндуму пра сцяг і мову ў Галандыю, ці Сяргей Рымашэўскі, які застаўся, — героі новага фільма Уладзіміра Коласа «Крызіс у раі», які хутка можна будзе ўбачыць на «Белсаце». Пакаленне, у творчасці якога так ці іначай адлюстраваўся канфлікт — праз эміграцыю ці дыстанцыяванне ад афіцыёзу ў андэграўнд. Дзякуючы маштабу талентаў Еўропа за нашымі заходнімі межамі кагосьці з іх прыняла фізічна, кагосьці — творамі, з захапленнем набытымі ў калекцыі і музеі. Зараз надыходзіць час іх звароту на радзіму і спробы новага дыялогу.

«Урэшце, мне падабаецца факт майго вяртання ў Беларусь, галоўнае, што зараз ёсць такая магчымасць, ездзіць сюды і вяртацца ў Бельгію. Спадзяюся, што хутка ў мяне будзе шанс наведваць гістарычную радзіму часцей: падрос сын, ён амаль дарослы, і мы з Наталляй вальней перамяшчаемся па свеце. Час зараз не такі, як пры савецкай уладзе, калі ты з’ехаў — і не можаш вярнуцца. Так што я і Наталля плануем свае выставы ў Беларусі ў іншых залах досыць хутка, можа, у наступным годзе», — паведаміў «НЧ» мастак. І зазначыў, што, на яго думку, сярод тых, хто пакінуў Беларусь у 1990-я, хто расчараваны яе паваротам назад у савецкі застой, але не страціў ідэнтычнасці, будзе развівацца рух да аб’яднання. Мэта — супольныя культурныя праекты, дзе гэтая ідэнтычнасць магла б захавацца і выявіцца.

Персанальныя выставы мастака апошнімі гадамі праходзілі ў Мінску, Цюрыху, Бруселі, Лондане, Ітане, Гаазе, Кёльне і Малазе, разам з іншымі творцамі яго работы экспанаваліся ў Венецыі (біенале), Варшаве, Берліне, Эсене, Генце, Клермон-Феране, Маскве і Браціславе. Мінская выстава Ігара Цішына будзе працаваць да 11 верасня.

Каментаваць