Вяртанне страчанай спадчыны

Напрыканцы чэрвеня прайшлі 178-я ўгодкі буйнейшай бітвы нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830–1831 гадоў у Беларусі і Літве, падчас якога патрыятычна настроеныя прадстаўнікі шляхты змагаліся са зброяй у руках за аднаўленне незалежнай ад Расійскай імперыі дзяржаўнасці свайго былога гаспадарства — Вялікага Княства Літоўскага.

(На выяве: Палац у Высокім Літоўскім, гравюра паводле малюнка Напалеона Орды 1876 г.)



Напрыканцы чэрвеня прайшлі 178-я ўгодкі буйнейшай бітвы нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830–1831 гадоў у Беларусі і Літве, падчас якога патрыятычна настроеныя прадстаўнікі шляхты змагаліся са зброяй у руках за аднаўленне незалежнай ад Расійскай імперыі дзяржаўнасці свайго былога гаспадарства — Вялікага Княства Літоўскага.

(На выяве: Палац у Высокім Літоўскім, гравюра паводле малюнка Напалеона Орды 1876 г.)


Страчаныя каштоўнасці

На Панарскіх узгорках атрады буйнейшага корпуса беларуска-літоўскіх паўстанцаў галоўнакамандуючага генерала А. Гелгуда, які налічваў да 12 тысяч ваяроў, сышліся ў бойцы з 26-тысячным расійскім войскам. Сышліся, каб нанесці ворагу страты ў 364 жаўнеры (палеглыя з боку паўстанцаў не былі падлічаныя), і ўсё ж такі саступіць, а затым пакінуць апанаваную ворагам радзіму праз прускую мяжу. Частка змагароў на чале з генералам Г. Дэмбінскім праз Смаргонь, Дзярэчын і Белавежскую пушчу адыходзіла ў Польшчу, дзе полымя паўстання, прыдушанае ў Беларусі напрыканцы лета, палала яшчэ ўвосень.

Я прыгадаў звязаную з паўстаннем дату не столькі для таго, каб чарговы раз ушанаваць гонар яго герояў. Наступствамі паўстання сталіся не толькі чалавечыя ахвяры і эміграцыя патрыётаў, але і вялізныя страты культурных каштоўнасцяў, што вывозіліся з канфіскаваных маёнткаў. У спісах карцін, якія папоўнілі калекцыі пецярбургскіх Эрмітажа і Акадэміі мастацтваў, налічвалася 287 карцін выдатных еўрапейскіх майстроў XVI–XVIII стагоддзяў (Франка Франчыя, Паола Веранэзэ, Саламона і Якуба Рэйсдэляў і іншых), а таксама сямейных партрэтаў. А яшчэ рукапісы, старадрукі, рэчы з золата і срэбра — спіс ювелірных і дэкаратыўных рэчаў на 18 старонках.

Калі пра сапегаўскую калекцыю ў Беларусі апошнім часам трошкі пісалі, то пра рассеяныя зборы Пацаў, некалькі экспанатаў з каторых днямі прыехалі на выставу ў Мінск са Смаленска, вядома значна меней. Яны перажылі свой драматычна-дэтэктыўны лёс.

Людвік Міхал Пац

Паўстанне ў Польшчы выбухнула раней, чым у Беларусі, — у ноч на 29 лістапада 1830 года ў Варшаве, і таму называецца лістападаўскім. Сярод беларуска-літоўскіх удзельнікаў падзей у Польшчы вылучаўся Людвік Міхал Пац (1780–1835). Ён ваяваў супраць Расіі яшчэ ў 1812–1813 гадах камандзірам эскадрона лёгкай конніцы напалеонаўскай арміі, з прыходам якой патрыёты звязвалі дарэмныя надзеі на аднаўленне Рэчы Паспалітай з Канстытуцыяй 1791 года.

Людвік Міхал Пац (1780–1835), гравюра ХІХ ст


І ў 1830–1831 гадах Пац не змог не апынуцца ў шэрагах завадатараў барацьбы, зрабіўшыся часовым галоўнакамандуючым, сенатарам-ваяводам і сябрам Адміністрацыйнай рады ў Варшаве. Пасля паразы паўстання яго чакала эміграцыя, а на радзіме засталася ладная спадчына — палацы ў Вільні і Гародні, маёнткі ў Ражанцы і Гарадзішчы, а таксама ў Даўспудах, Рачках і Мазурках у колішніх заходніх землях ВКЛ, цяперашняй Беласточчыне.

Менавіта ў Даўспудах знаходзіўся значны мастацкі збор. У яго ўваходзілі творы антычнай і класіцыстычнай скульптуры, галандскага, фламандскага і італьянскага жывапісу, значная галерэя продкаў, калекцыя старасвецкай зброі і дакументаў. Пад пагрозай канфіскацыі пасля паўстання гаспадар схаваў шэдэўры па кляштарах, касцёлах і знаёмых — у ксяндзоў у Рачкаве і Янаўцы, у прафесара Варшаўскага універсітэта А. Бланка. А частку вывез у Парыж. Аднак уладам удалося адшукаць значную іх колькасць — толькі з Рачкаў 169 твораў былі выстаўлены на аўкцыён (у 1835 годзе) або пушчаны на патрэбы новых гаспадароў.

Калекцыя дзвюх сем’яў


У хуткім часе з Францыі вярнулася дачка і адзіная спадчынніца мяцежнага генерала Людавіка Пац. Выйшаўшы замуж за ўладальніка палаца ў Высокім Літоўскім каля Камянца на Берасцейшчыне Ксаверыя Сапегу (зводнага брата ўладальніка Дзярэчына Яўстахія), пасля 1840 года яна пасялілася ў гэтым маёнтку. Менавіта тут аб’ядналіся парэшткі слаўных калекцый дзвюх сем’яў. Людавіка прывезла сюды ў 1845 годзе зборы з Францыі, а праз два гады — 40 карцін і скульптур, выпадкова не канфіскаваных у Рачках.

На жаль, і надалей мастацкія скарбы чакаў няпросты лёс: новыя гаспадары пасля чарговага паўстання 1863 года зноў выязджаюць у Францыю, селячыся ў сямейным палацы ў Беарыц. З імі едуць і мастацкія творы. Сын Ксаверыя і Людавікі, Людвік Сапега, у 1904 годзе прадае 115 карцін заходнееўрапейскіх майстроў са шматпакутнай сямейнай спадчыны на аўкцыёне ў Парыжы.

Не ўсе скарбы, аднак, пакінулі Высокае Літоўскае ў заходнім накірунку, застаўшыся ў дачкі Ксаверыя і Людавікі, Марыі Сапежанкі, у замужжы — Патоцкай. Больш за тое, яе сын Якуб Патоцкі пазней выкупіў некаторыя сямейныя рэліквіі на тым самым аўкцыёне 1904 года.

Пасля смерці графа Якуба (1934 год) па тэстаменце творы адышлі Нацыянальнаму мастацкаму музею ў Варшаве — з пазнакамі мытняў 1845 года (першае вяртанне з Францыі), аўкцыёну ў Парыжы і …інвентарызацыі, праведзенай у Высокім. Менавіта такія азначэнні, белай фарбай на вонкавым баку твораў, але без адзнак, што сведчаць пра перамяшчэнні за мяжу, носяць сямейныя партрэты Пацаў і Сапегаў з так званай «польскай калекцыі» ў Смаленскім дзяржаўным музеі-запаведніку. Шлях гэтага збору, які налічвае каля 50 твораў, з земляў ВКЛ у Смаленск, куды яны патрапілі ў часы першай сусветнай вайны, заблытаны: бракуе дакументаў.

Перліны Пацаў і Сапег

Днямі ў Мінску адбыўся сапраўдны цуд. Некаторыя мастацкія перліны, аскепкі спадчыны Пацаў і Сапег, шчасліва ацалеўшы ў часы другой сусветнай вайны і адрэстаўраваныя ў апошні час, прыехалі ў Мінск у складзе выставы «Выратаваныя культурныя каштоўнасці». Яна адчынілася 30 чэрвеня ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры і будзе дзейнічаць па верасень месяц.

Асабліва выдатным творам у экспазіцыі з’яўляецца партрэт мальтыйскага кавалера Казіміра Міхала Паца (памёр у 1719 годзе), вялікага літоўскага пісара і камандора ў Рэчы Паспалітай «на Сталовічах і Познані» найстарэйшага рыцарска-манаскага Мальтыйскага ордэна. Велічны касцёл, узведзены беларускім мальтыйцам, папярэднікам Паца Жыгімонтам Каралем Радзівілам, дагэтуль узвышаецца ў Сталовічах ля Баранавіч і дзейнічае зараз як праваслаўны храм. Сам жывапісны партрэт, пагруднае адлюстраванне рыцара ў даспехах з мальтыйскім крыжам, адзначаны выдатнымі мастацкімі якасцямі, прыпісваецца калі не пэндзлю славутага мастака французскага двара Людовіка XIV, дык майстрам яго кола.

Партрэт Казіміра Міхала Паца


Побач з ім на выставе — выява вялікага літоўскага гетмана Казіміра Яна Сапегі (1642–1720). Сапега — удзельнік трыумфальнай кампаніі супраць туркаў у Еўропе караля Яна ІІІ Сабескага ў 1683 годзе і пераможца тых жа непрыяцеляў у шэрагу лакальных войнаў. Пасля адной з бітваў у кастрычніку 1694-га і вяртання «літоўскага» войска з-за Днястра, у Вільні Сапегу чакалі трыумфальныя брамы і ўрачысты прыём. Магчыма, тады паўстаў першаўзор параднага партрэта, на якім фігура Славы з трубой карануе коннага гетмана лаўровым вянком на фоне вайсковай баталіі. Гэтая рэпліка аналагічнай выявы гетмана з калекцыі Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве, як і папярэдні партрэт, патрапіла ў Беларусь упершыню за доўгія дзесяцігоддзі.

Наведаўшы зараз музей на Маркса, 12, можна ўбачаць і рамантычны вобраз спадчынніцы Сапегаў і Пацаў Марыі Патоцкай пэндзля Леапольда Горавіца (канец ХІХ стагоддзя), і палатно XVII стагоддзя «Баль у польскім замку». Звычайна яны аздабляюць музей-сядзібу кампазітара Міхаіла Глінкі ў Наваспасскім каля Смаленска, нагадваючы пра беларуска-польскія карані яго сям’і.

Партрэт Марыі Патоцкай пэндзля Л. Горавіца


На адкрыцці экспазіцыі дырэктарка Смаленскага музею, сама беларуска і «пасол беларускай культуры» ў Расіі Надзея Валасянкова з хваляваннем казала пра няпросты лёс смаленскіх экспанатаў, буйнейшага збору ў паўмільёна адзінак захоўвання. Яна заўважыла, што Смаленск — горад, не чужы беларускай гісторыі, — экспанатамі свайго музея жыве «ў адзінай культурнай еўрапейскай прасторы» з Беларуссю. Таму і 61 твор у мінскай экспазіцыі падабраны, як у залі старасвецкага палаца, як гэта было ў Пацаў з Сапегамі. Апрача сямейных партрэтаў — біблейскія і гістарычныя сюжэты, жывапіс мастакоў фламандскай, галандскай, французскай, нямецкай школ. Краявід Смаленска ХІХ стагоддзя, вобразы смаленскіх святароў і купцоў, і нямала прадметаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва: кубкі, браціны, вазы, статуэткі, якія адраджаюць атмасферу сядзібнага інтэр’ера. І перліны выставы, «нацыянальны гонар Беларусі», чатыры слуцкія паясы майстэрні Лявона Маджарскага і іх імітацыі з польскай персіярні Якуба Пасхаліса.

Адчыніўшы экспазіцыю ў 65-я ўгодкі вызвалення Мінска ад немцаў у 1944 годзе, смаляне зрабілі беларусам нашмат больш духоўны падарунак, чым прынёс пампезны бляск афіцыйных святкаванняў апошніх дзён. Беларусь залішне шмат страціла ў паўстаннях ХІХ стагоддзя, у рэвалюцыях і войнах ХХ. Многае вывезена ў Расію, многае расцерушылася па свеце. Вяртанне магчымасці бачыць кожную адзінку страчанай нацыянальнай спадчыны для нас мае вялікае значэнне. А Расія мае вялікія магчымасці вяртання Беларусі сваіх культурных запазычанасцяў перад ёй.

Каментаваць