«Вясна будзе!». Паэзія змагання Валянціна Таўлая

8 лютага споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Валянціна Таўлая. На першы погляд яго біяграфія выдатна адпавядае вобразу паэта-камуніста: Заходняя Беларусь, падпольная камсамольская арганізацыя, сем гадоў «польскіх» астрогаў за камуністычную дзейнасць, зноў падпольная барацьба ў час Вялікай Айчыннай вайны…



Але падставай першых сур’ёзных праблем былі не камуністычныя погляды, а нацыянальная самасвядомасць: у Слонімскай настаўніцкай семінарыі хлопец падчас перапісу паведаміў, што з’яўляецца беларусам і размаўляе па-беларуску, за што быў вымушаны неўзабаве пакінуць вучобу (цікавы факт у дачыненні да надзейнасці вынікаў усемагчымых перапісаў мінулага стагоддзя).

Бацька паэта, Павел Таўлай, быў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады — і вершы Валянціна вельмі рана пачалі тычыцца менавіта палітычных праблем: «О ты, Згода, адгукніся, / Дзе ты прападаеш? / Цябе рэдка дзе пабачыш, / Рэдка дзе бываеш!» — пісаў Валянцін Таўлай з нагоды «палемікі паміж грамадоўцамі і хадэкамі, што разгарнулася на старонках заходнебеларускага перыядычнага друку ў сярэдзіне 20-х гадоў».

Валянцін Таўлай

У далейшых творах ён не спяшаўся ў кожным радку абвяш­чаць сваё захапленне камунізмам, ухваляць савецкую рэчаіснасць і марыць пра светлую будучыню — хаця ёсць у яго і «чырвоны жар», і «ясная сцежка да шчасця», і «панска-бліскучы бот». Зрэшты, для паэтаў Заходняй Беларусі, якім давялося стаць палітвязнямі, больш актуальнай была тэма змагання за волю і долю свайго краю:

І стаю я ў захапленні,

Неразгаданым і новым,

Поўны цёплае любові,

І гатоў гарэць, загінуць

За вясну маёй краіны...

Радасна ўздыхнулі грудзі:

— Адчыняйце хаты, людзі!

— Адчыняйце сэрцы, людзі!

— Вясна будзе! Вясна будзе!

Гэты верш напісаны Валянцінам Таўлаем у чатырнаццаць гадоў, але і многія іншыя яго творы бліжэй да патрыятычнай лірыкі, чым да ўльтрасавецкай паэзіі. Большасць з іх, натуральна, былі складзены ў астрогах — паводле ўспамінаў, там многія звярталіся да паэзіі (верш «вяснянае сэрца бароніць ад шэрай, астрожнай тугі»). Адпаведна, пашыранай была тэма зняволення і чакання свабоды — расповеды пра жыццё вязняў ( і нават паэма — «Сухар»!), гнеўныя тырады («Скаваны бунтар», «Думы непакорныя») і абсалютна шчымлівыя, роспачныя радкі:

Грудзі ныюць, сэрца б’ецца,

Карагоды ззяюць зор.

Зоры, зоры! Дзе ж мне дзецца?

А між вас прастор... прастор...

Гэтыя вершы выдатна цытуюцца ў сучасным палітычным і літаратурным кантэксце — зрэшты, твораў такога кшталту багата на старонках сённяшніх часопісаў ды паэтычных зборнікаў, яны часта ператвараюцца ў песні маладых музычных гуртоў.

Сябры заўсёды поплеч, і іх шмат, ворагі — каты і тыраны, верш натхняе да барацьбы, хочацца трапіць праз краты да зор, экспазіцыя таксама знаёмая:

Ідзе за годам год,

Сівеюць людзі, хаты,

І ўсё ў ярме народ,

А над шляхамі — краты.

Магчыма, такімі вершамі пачынаюць многія з тых, хто пакіне яркі след у беларускай літаратуры — галоўнае, каб своеасаблівы жанр «паэзіі змагання» са сваім наборам матываў, сюжэтных схемаў і літаратурных штампаў не замінаў аўтару выказвацца цікава і самастойна. Паэт, апанаваны прагай барацьбы — з польскімі панамі, фашыстамі, савецкай уладай ці кім-небудзь яшчэ, — вельмі часта звяртаецца да ўжо вядомых вобразаў, ідэй, стылістычных прыёмаў. Бо чароўнае натхненне насамрэч становіцца плынню стэрэатыпаў, сімвалічных, акцыянальных і культурных кодаў, якія з галавой накрываюць аўтара і знаходзяць выйсце ў радках, строфах, вершах, вельмі падобных да некім некалі ўжо напісаных…

Ёсць людзі, арганічна не здольныя адчуваць, бачыць і думаць у агульнапрынятым рэчышчы — яны прынцыпова не могуць пісаць банальшчыну. Для іншых ёсць багата магчымасцяў супрацьстаяць волі дыскурса: у межах пэўнай тэмы можна вылучыць тыя моманты, якія звычайна застаюцца незаўважанымі, змяніць ракурс ці агульны фон. Калі ж гэта не атрымліваецца, застаецца шчыраваць над формай, шукаць адмысловыя вобразы — што і рабіў Валянцін Таўлай, рыхтуючы ў пасляваенны час свае вершы для першага зборніка.

Многія трапныя радкі паэта («пілую вершам краты», «удавою тужыць ніва») — плён доўгага, шматгадовага абдумвання твораў. Кранае нават верш «Першамайскія сцягі» («Цяпер яны, як дужыя арлы, /На ветры буйным распасцёрлі крыллі, /А некалі ж мы іх, як арлянят малых, /Тулілі к сэрцу і ўзлятаць вучылі»), і сумна, што завяршаецца твор пагрозлівым заклікам «трымаць вострым штык і ўзнятай галаву» — лірычны настрой быў нядоўгім.

Пошук адмысловых вобразаў ішоў марудна, што, верагодна, было пэўнай праблемай. Валянцін Таўлай з’яўляўся намеснікам дырэктара музея Янкі Купалы — і планаваў напісаць дысертацыю па творчасці класіка, стварыць аповесць, прысвечаную яго дзяцінству. Задумы не спраўдзіліся: паэт-падпольшчык часта быў на паўкрока ад смерці, каля дзясятка такіх выпадкаў апісана ва ўспамінах яго роднымі і сябрамі. У трыццаць тры гады ён памёр ад хворага сэрца…

Музей, бюст, мемарыяльная дошка… Валянціну Таўлаю пашанцавала больш, чым многім рэпрэсаваным аўтарам, унёсак якіх у беларускую літаратуру быў дакладна не меншы. Зрэшты, за савецкі рэжым ён сапраўды змагаўся, і цяжка сказаць, кім Валянцін Таўлай быў у большай ступені: камуністам, патрыётам ці паэтам?

Іерархія беларускіх класікаў дагэтуль патрабуе пэўнай карэкціроўкі — і месца для гэтага аўтара на прыступках пачэснай лесвіцы зарэзервавана найперш дзякуючы марам маладога змагара пра беларускую вясну.

Мастацкія здабыткі класікаў (у нашым выпадку — Якуба Коласа і Янкі Купалы) у творах непасрэдных паслядоўнікаў успрымаюцца даволі свежа — далей мы маем справу з нацыянальнай традыцыяй, сталымі вобразамі-сімваламі ды эпігонствам. А жанр «паэзіі змагання» дагэтуль застаецца неўміручым, і варта думаць, што праца ў гэтым рэчышчы будзе плённай.

Абмеркаванне:

  • Серж
  • 2014-03-03 00:46:28
Былі і ў нас свае героі. І -- ёсьць ды будуць!

Каментаваць