Вястун адраджэння

Экспазіцыю, прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння аднаго з самых выбітных друкароў беларускай кнігі, можна паглядзець у Нацыянальнай бібліятэцы. Выстава працуе з 12 сакавіка, але засталася амаль незаўважанай.



Імя Марціна Кухты абяссмерціў яшчэ Максім Багдановіч. Менавіта з віленскай друкарні гэтага выдаўцы выйшла адзіная прыжыццёвая кніга паэта. І пра яго Максім Багдановіч узгадаў у апошнім вершы:

“У краіне светлай, дзе я ўміраю

У белым доме ля сіняй бухты

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты”.

Знакаміты “Вянок” Максіма Багдановіча з уласным аўтографам і іншыя рарытэтныя выданні цяпер можна пабачыць на выставе. Сярод іх арыгіналы першых нумароў “Нашай нівы”, падручнікі“Кароткая гісторыя Беларусі” Вацлава Ластоўскага, “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча, творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага.

“Выстава — сведчанне таго, што зрабіў Марцін Кухта для развіцця беларускай культуры. Гэта вялікая колькасць выданняў, кніг, часопісаў, газет. Тая ж “Наша ніва” як вястун беларускагаадраджэння. Таму толькі за гэта Беларусь павінна быць яму ўдзячна”, — лічыць Марына Запартыка, загадчык Літаратурнага музея М. Багдановіча.

З друкарні ў Вільні выходзілі таксама выданні на літоўскай, польскай, рускай мовах. Сярод іх былі і забароненыя цэнзурай творы.

“Гэта быў пачатак нашай незалежнасці, — падкрэсліў літоўскі амбасадар Эвалдас Ігнатавічус. — Кнігі і газеты, якія выпускаў Марцін Кухта, адлюстравалі дух нашай нацыі. Гэта была вясна нацыі, што ён сцвердзіў у выданнях. Сімвал адраджэння духу Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага. І перш за ўсё на пісьме гэта з’явілася. А потым набыло рэальную незалежнасць дляЛітвы і Польшчы. У Беларусі і Украіне гісторыя інакш паступіла ў 1918 годзе. Але я думаю, што гэты дух жывы – тое, пра што марылі Міцкевіч і Агінскі, каб узнавіць былую славу вялікай дзяржавы. Ішто рабілася такімі выбітнымі персаналіямі, як Марцін Кухта”.

Сваёй выдавецкай дзейнасцю, як адзначыў амбасадар, Марцін Кухта аб’яднаў некалькі нацый. Ізараз яго імя варта “выкарыстоўваць для мэтаў сённяшняга дня”.

Якраз з адкрыцця выставы Эвалдас Ігнатавічус вынес думку аб заснаванні для творцаў прэміі імя Марціна Кухты. “Таму штоцяпер  вельмі не хапае для нашага рэгіёну таго духу аб’яднання нацый і культур”.

Экспазіцыя “З друкарні пана Марціна Кухты” складзена з фонду Нацыянальнай бібліятэкі. Яна, яклічыць літоўскі амбасадар, абавязкова павінна быць паказана ў Вільнюсе, дзе была друкарня. А таксама ў Каунасе, дзе жыў і пахаваны Марцін Кухта. Выстава, перакананы сп. Ігнатавічус, выклічавялікі інтарэс. Таму што мала людзей бачылі гэтыя выданні.

“Уся тая спадчына, якой мы ганарымся зараз, прайшла праз друкарскі дом Марціна Кухты. Ён паказаў, што можа зрабіць адзін чалавек, асоба, у вельмі складаны гістарычны момант, — сказаў амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус. — Мы жывем сёння таксама ў вельмі цікавы час. І будзем спадзявацца, што будуць зноў такія кухты, спадкаемцы яго справы не толькі ў кніжнай сферы, але і ў палітыцы, у дыпламатыі, у культуры наогул. І што мы вернемся да добрага духу суседства, духу Вялікага княства Літоўскага”.

Фота nlb.by

Каментаваць