Вечарына «Сяргей Грахоўскі. Я ўсё спазнаў...»

Адбылася вечарам 26 верасня ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.



Арганізатарамі вечарыны, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння вядомага паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка (25.09.1913, мястэчка Нобель, Пінскага павету Мінскай губерніі, зараз Зарэчненскі раён Ровенскай вобласці Украіны – 11.12.2002), выступілі бібліятэка і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
 
 
Жыццё паэта – вялікае, трагічнае і прыгожае, знітаванае з лёсам і выпрабаваннямі Бацькаўшчыны на нялёгкіх, пакручастых шляхах айчыннай гісторыі. Двойчы кіданы ў пекла ГУЛАГу, Сяргей Грахоўскі, нягледзячы ні на што, застаўся беларусам, чалавекам і паэтам. Асабістая зона маўчання для паэта цягнулася больш трыццаці гадоў, бо свой першы верш ён напісаў у 1926 годзе, а першая ягоная кніга выйшла толькі ў 1958 годзе. Тым не менш, паэзія Грахоўскага — жыццёсцвярджальная, напоеная дабрынёй, цяплом і чысцінёй.
 
 
Як адзначыла літаратуразнаўца Лідзія Савік, Сяргей Грахоўскі першым сярод беларускіх пісьменнікаў парушыў зону маўчання і расказаў пра трагічны лёс святых пакутнікаў — айчынных літаратараў — ахвяраў сталінізму. Савік назвала Грахоўскага пісьменнікам з вялікай літары, класікам беларускай літаратуры, які зрабіў для айчыннага прыўкраснага пісьменства тое, што зрабілі для рускай літаратуры Аляксандр Салжаніцын і Варлам Шаламаў. «Пакуль будзе жыць беларуская мова і нацыянальная літаратура, імя Сяргея Грахоўскага будзе заўсёды свяціцца ў айчыннай гісторыі»— сказала Лідзія Савік.
 
 
Паэт, публіцыст і грамадскі дзеяч Анатоль Вярцінскі назваў Грахоўскага «вялікім праўдалюбам і беларусам», а таксама згадзіўся з тымі даследчыкамі эпохі сталінізму ў Беларусі, якія называюць забойства лепшых прадстаўнікоў нацыі не рэпрэсіямі ці тэрорам, а генацыдам нацыянальнай эліты — носьбітаў духоўнай і інтэлектуальнай моцы беларусаў.
Паэтка Раіса Баравікова адзначыла, што яе настаўнік Сяргей Грахоўскі вылучаўся шырокім талентам і вялікай выпакутаванай паэзіяй, быў чалавекам вельмі далікатным і тактоўным, з вялікай ўвагаю адносіўся да маладых літаратараў.
 
 
Паводле слоў паэта, публіцыста і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна, у творчасці Грахоўскага спалучаліся высокае натхненне і праўдзівасць, мудрасць і духоўная маладосць. «Ён быў надзвычай добрым чалавекам, ні пра кога не гаварыў дрэнна, ніколі не злаваўся і не крычаў»— сказаў Бураўнік. На ягонае меркаванне, творчасць Сяргея Грахоўскага, якая не атрымала належнай ацэнкі пры жыцці паэта, павінна «першай прыходзіць да беларускай моладзі».
 
 
Да вечарыны бібліятэка падрыхтавала выставу «…Ад слова свеціцца жыццё». На творчым рахунку Сяргея Грахоўскага больш 60 кніг — лірыкі, аповесцяў і апавяданняў, публіцыстыкі, нарысаў і ўспамінаў, мастацкіх перакладаў, твораў для дзяцей. На выставе сярод іншых дэманструюцца і самыя першыя зборнікі Грахоўскага — «Дзень нараджэння»(1958), «Чаканне» (1960) і «Голас сэрдца» (1962). Асобным разделам прадстаўлена літаратура аб жыцці і творчасці паэта.
 
 
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ўпершыню прадставіў экспазіцыю з фондаў музея і сямейнага архіва паэта, якую складаюць фатаздымкі, рукапісы і асабістыя рэчы Сяргея Грахоўскага.
 
 
У сустрэчы удзельнічалі родныя паэта, ягоныя сябры, калегі па пяру, а таксама даследчыкі творчасці літаратара.

Каментаваць