«Вечнае з зялёным». Філасофія Канстанціна Скуратовіча

Цалкам згодны з  рэдактарам газеты «Белорусы и рынок» Вячаславам Хадасоўскім: такіх калумністаў, як Канстанцін Скуратовіч у нашай краіне амаль няма. Гэта асабліва прыемна, калі ўлічыць той факт, што вядомы журналіст, зараз піша і для «Новага часу».



Канстанцін Скуратовіч


Прэзентаваную на офісе БНФ кнігу «Вечнае з зялёным» можна назваць  своеасаблівай хронікай найноўшай гісторыі нашай краіны, бо складаецца яна са штотыднёвых аўтарскіх калонак, надрукаваных пад рубрыкай «Філасофія жыцця»  у перыяд з 2004 па 2012 гады. Шчыра кажучы,  па-добраму зайдрошчу аўтару, бо ведаю, што пісаць на працягу 10 год у жанры, які лічыцца адным з самых цяжкіх у нашай прафесіі, вельмі цяжка. Асабліва, калі пісаць так цікава, як гэта пастаянна робіць Канстанцін Скуратовіч.

І наконт цяжкасці я нічога не перабольшыў. Умясціць свае думкі ў адну газетную калонку неверагодна складана. Асабіста я ў такіх выпадках заўсёды ўзгадваю легендарную фразу з ліста аднаго класіка  другому — выбачай няма часу пісаць коратка.

Да таго ж Канстанцін Скуратовіч піша, як дакладна падмеціў пад час прэзентацыі адзін з чытачоў, у стылі знакамітага пісьменніка і тэатральнага крытыка пазамінулага стагоддзя Влада Дарашевіча, які вызначаўся высокапрафесійнымі фельетонамі. То бок востра, але не нахабна. Больш за тое, у кожным кароткім артыкуле Канстанціна Скуратовіча, ёсць падвойны сэнс, які прымушае людзей думаць над прачытаным.

Якасць, на мой погляд, для апошніх часоў такая рэдкая, што нават можа  трапіць у якую-небудзь «чырвоную кнігу» айчынай журналістыкі...

Каментаваць